Беларусь да 10 жнiўня поўнасцю разлiчыцца з «Газпрамам»
Беларусь да 10 жнiўня поўнасцю разлiчыцца з «Газпрамам» за пастаўлены ў I паўгоддзi 2007 года газ. Аб гэтым заявiў журналiстам першы намеснiк прэм’ер-мiнiстра Беларусi Уладзiмiр Сямашка, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА. «У мiнулую пятнiцу, як мы i абяцалi, расiйскаму боку было пералiчана $190 млн, у суботу — яшчэ амаль $60 млн», — сказаў ён. Такiм чынам, Беларусь ужо з пятнiцы аплачвае гэты доўг, дадаў Уладзiмiр Сямашка. Ён нагадаў, што задача ў тым, каб беларускi бок не пазней за 10 жнiўня разлiчыўся за той доўг, якi ўтварыўся перад «Газпрамам», — усяго больш як $450 млн. «Я лiчу, што гэта адбудзецца раней», — сказаў першы вiцэ-прэм’ер.«А далей мы выходзiм на 100-працэнтную аплату газу. Нам гэта будзе складана. Але гонар, годнасць i рэпутацыя нашай краiны павiнны быць вышэй за ўсё», — падкрэслiў Уладзiмiр Сямашка.
|