Беларусь зацiкаўлена ў пашырэннi эканамiчнага супрацоўнiцтва з Венгрыяй
Аб гэтым заявiў 30 студзеня кiраўнiк дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй Венгерскай камунiстычнай рабочай партыi, вiцэ-старшынёй Еўрапейскай партыi левых сiл Дзьюлам Цюрмерам, «З Венгрыяй у нас адносiны развiваюцца, але хацелася б, каб яны былi больш iнтэнсiўнымi. Цяперашнi ўзровень узаемнага тавараабароту $200 млн недастатковы», — падкрэслiў Прэзiдэнт.Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкi, «у Беларусi вельмi вялiкая зацiкаўленасць у Венгрыi», перш за ўсё ў сферы пашырэння гандлёва-эканамiчнага супрацоўнiцтва. Ён таксама выказаў надзею, што ў Венгрыi будзе з’яўляцца больш iнфармацыi аб магчымасцях нашай рэспублiкi. У час гутаркi бакi абмянялiся думкамi адносна асаблiвасцяў сацыяльна-эканамiчнай палiтыкi дзяржаў. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусi «пры жудасным нацiску звонку давялося шмат папрацаваць», выбудоўваючы сваю мадэль развiцця. На яго думку, эканамiчная мадэль, што iснавала ў савецкiя часы, мела i свае станоўчыя моманты, якiя карысна ўлiчыць сёння. Паводле слоў Дзьюлы Цюрмера, ён зноў прыехаў у Беларусь, каб самому «пераканацца, чаго беларусы дабiваюцца ў пабудове грамадства, развiццi прамысловасцi i сельскай гаспадаркi». Дзьюла Цюрмер дадаў, што Венгерская камунiстычная рабочая партыя мае намер садзейнiчаць развiццю адносiнаў памiж Беларуссю i Венгрыяй, у тым лiку палiтычных. «Магу пацвердзiць, што цяпер узрастае цiкавасць да беларускага рынку. Мы спадзяёмся, што ў недалёкiм будучым венгерскiя бiзнэсмены будуць працаваць у Беларусi. I наадварот, у Венгрыi будзе больш беларускiх тавараў», — падкрэслiў госць. Ён таксама асаблiва адзначыў, што ў Мiнску плануецца адкрыццё пасольства Венгрыi. У час сустрэчы Аляксандр Лукашэнка выказаў свой пункт гледжання аб свабодзе слова i адказнасцi журналiста. «Я згодны з любой свабодай журналiста, i сёння мы ў Беларусi прапаведуем гэту палiтыку. Але галоўнае адно: журналiст павiнен адказваць за тое, што ён напiсаў — ад коскi да артыкула ў цэлым. Тады заказных артыкулаў не будзе», — перакананы кiраўнiк дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка таксама лiчыць, што журналiстыка павiнна быць карэктнай. «Калi гаворыш пра асобу, асабiстыя якасцi чалавека, можна крытыкаваць яго пазiцыю, але не трэба спрабаваць што-небудзь з асабiстага жыцця выцягнуць на паверхню i патаптацца нагамi. Я не прымаю, калi журналiсты скочваюцца на асобасныя ацэнкi i скажаюць. Усё астатняе — калi ласка, няхай будзе крытыка, гэтага баяцца не трэба», — сказаў Прэзiдэнт. Прэс-служба Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь.
|