Уцякач быў спынены стрэламi
Iгар ГРЫШЫН
Ноччу ў аператыўна-дзяжурную службу Партызанскага РУУС сталiцы паступiла трывожнае паведамленне аб тым, што ў будынак фiлiяла медыка-тэхналагiчнага Цэнтра мiкрабiялагiчнага iнстытута пранiк невядомы.Праваахоўнiкi, якiя прыбылi на месца, у падвальным памяшканнi iнстытута затрымалi злодзея. Апошнi, дарэчы, аказаўся 26-гадовым жыхаром пасёлка Ялiзава Асiповiцкага раёна i аказаў адчайнае супрацiўленне мiлiцыянерам, аднак быў затрыманы. Праўда, калi машына з затрыманым ехала па начным горадзе, закаванаму ў наручнiкi злодзею ўдалося разбiць дзверы адсека для затрыманых i знiкнуць у дварах. Знайшлi ўцекача ў пяць гадзiн ранiцы на даху будынка прадпрыемства «Мiнскчыгункатранс». Здацца праваахоўнiкам апошнi адмовiўся, больш таго, з металiчным прадметам у руках ён накiнуўся на двух супрацоўнiкаў мiлiцыi. Iм прыйшлося спыняць злачынцу стрэламi: кулi трапiлi нападаўшаму ў жывот i нагу. Паранены змешчаны ў бальнiцу. |