Атрымаць аддачу ад зямлi...
Уявiце сабе, што вясковыя жыхары раптам перасталi займацца асабiстай падсобнай гаспадаркай i пачалi засяваць участкi травой «пад газон»... Бязглуздзiца? Нонсенс? Напэўна.Нi для каго не сакрэт, што сёння асабiстыя падсобныя гаспадаркi з’яўляюцца сур’ёзнай падмогай для вясковай сям’i. Увогуле, цяжка ўявiць, што вяскоўцы могуць бегаць у магазiн па цыбулю цi кiлаграм бульбы. Бо ўсё гэта ёсць на сваiм падворку — i цыбуля, i бульба, i малако, i тварог... Кожны жыхар вёскі, хоча ён таго цi не, моцна стаiць на зямлi, яе апрацоўвае, з яе жыве. Жыве, магчыма, не
так багата, як хацелася б. Таму менавiта на дзяржаве, на мясцовай уладзе ляжыць асаблiвая адказнасць за тое, каб заканадаўчыя нормы, якiя рэгулююць тыя цi iншыя пытаннi вядзення сельскай гаспадаркi, рэалiзоўвалiся на практыцы. Таму што сялянская праца не павiнна быць Сiзiфавай — калi ты ўвесь час штурхаеш камень уперад, а ён усё роўна коцiцца назад. Яна павiнна быць выгаднай. У Юр’еўскiм сельсавеце, што ў Смалявiцкiм раёне, зборам малака ад насельнiцтва займалася раней вытворчае аддзяленне «Парыжская Камуна». Але ў 2002 годзе па прапанове Мiнскага аблвыканкама шэраг сельскiх Саветаў пераклалi гэту ношу на свае плечы. I абапiраючыся, так бы мовiць, на ўласныя здольнасцi, пачалi гэту справу «раскручваць». У адных атрымалася лепш, у iншых... не атрымалася ўвогуле. Юр’еўскi сельскi Савет з 2002 года па здадзенаму насельнiцтвам малаку займае першае або другое месца ў раёне. Вiктар Буглак, старшыня Савета, змог нарэшце здзейснiць сваю даўнюю мару — купiць за «малочныя» грошы аўтамабiль «Нiва», такi неабходны для работы. Трэцюю частку грошай, праўда, выдзелiў райвыканкам — але ж астатняе зарабiлi самi. Падазраю, што многiм з калег Вiктара Пятровiча гэты факт падасца чымсьцi нерэальным. Улезшы ў «малочную раку», некаторыя сельскiя Саветы многiя гады ледзь зводзяць канцы з канцамi. А тут — чысты прыбытак, якi можна патрацiць на тое, што больш неабходна. Проста ў наяўнасцi — вынiк добра наладжанага працэсу. Практычна з усiмi малаказдатчыкамi (а iх крыху больш за 80) заключаюцца дагаворы, за выключэннем вёсак, дзе ўтрымлiваюцца ўсяго 1—2 каровы i куды нявыгадна «ганяць» малакавоз. Як гаворыць Вiктар Пятровiч, стаўленне да патэнцыяльнага малаказдатчыка павiнна быць асаблiвым, для чаго старшыня Савета сам абыходзiць кожны двор. Яго задача — не проста заключыць дагавор, а пераканаць вяскоўца ў тым, што здаваць малако дзяржаве яму будзе не толькі зручна, але i выгадна. З малаказдатчыкамi разлiчваюцца рэгулярна, два разы на месяц, па меры пераводу грошай малаказаводам. За лiтр вясковец атрымлiвае 452 рублi, з якiх 72 з’яўляюцца дзяржаўнай датацыяй. — 452 рублi — гэта ўжо больш-менш нармальная закупачная цана, — лiчыць Вiктар Буглак. — Але справа не толькi ў ёй. Сельвыканкам заключае дагавор не толькi з кожным малаказдатчыкам, але i з гаспадаркай (аддзяленнем «Парыжская Камуна» Смалявiцкай бройлернай птушкафабрыкi). У вынiку гаспадарка бярэ на сябе шэраг абавязацельстваў перад вяскоўцамi, якiя здаюць дзяржаве малако. Iм, напрыклад, бясплатна i ў любой колькасцi выдзяляецца салома для гаспадарчых патрэб. Для iх нарыхтоўваецца i бясплатна дастаўляецца сена — сёлета яно будзе каштаваць 850 рублёў за сотку. Прычым, разлiчвацца за сена адразу «жывымi» грашыма вяскоўцу зусiм не абавязкова — iх могуць пакрысе ўтрымлiваць з выплат за малако. Акрамя таго, малаказдатчыкам па сабекошту выпiсваецца ячмень — з разлiку 300 грам за здадзены лiтр. I насельнiцтва задаволена. — Напрыклад, маладая сям’я яшчэ толькi захацела абзавесцiся жывёлай — калi ласка, набывайце ў гаспадарцы цялушку па цане 5500 за адзiн кiлаграм жывой вагi. Грошы ў касу зноў жа адразу ўносiць не трэба — гэты момант мы абгаварылi з кiраўнiцтвам «Парыжскай Камуны». Калi ласка, хочаш — на працягу паўгода з тваёй зарплаты будуць утрымлiваць пэўную суму. Прычым, без усякiх працэнтаў. Больш таго, людзям iдуць насустрач, падбiраюць такую кароўку, каб яна праз месяц-другi расцялiлася i пачала даваць больш малака. Вiктар Пятровiч увогуле не разумее, як у кагосьцi карова можа даваць па 8—10 лiтраў малака ў дзень. «У мяне, — смяецца, — каза палову гэтага давала». А карова пры нармальным доглядзе павiнна 30—40 лiтраў даваць. «Выхад» малака залежыць, па-першае, ад прадуктыўнасцi жывёлы. Па-другое, ёй патрэбна збалансаваны корм, добрая паша. Дарэчы, паша ў Юр’еўскiм сельсавеце выдзяляецца насельнiцтву на бясплатнай аснове з разлiку 70 сотак на адну карову. Падкошвае i падкормлiвае пашу гаспадарка. Вельмi выгадна, сцвярджае Вiктар Буглак, браць на адкорм бычкоў, якiх потым можна здаць назад у гаспадарку. З чым праблема, дык гэта з даiльнымi апаратамi, якiя многiя хацелi б набыць ва ўласнае карыстанне. Апараты не прадаюцца нiдзе ў раёне, а мiж тым, людзям яны патрэбны. — Чаму б не наладзiць iх продаж у кожным райцэнтры? Паехаў чалавек i купiў. Раней такiя ж пытаннi ўзнiкалi па сепаратарах i маслабойках — цяпер, дзякуй Богу, яны з’явiлiся на палiцах магазiнаў, людзi iх набываюць для дамашняй вытворчасцi масла, смятаны, вяршкоў. А вось даiльныя апараты не прадаюцца. Мiж тым, з’яўленне iх у гандлёвых пунктах значна палегчыла б жыццё вяскоўцаў. Мне i самому неаднойчы даводзiлася даiць карову — затрачваў на гэта хвiлiн 30—40. I так — 4—5 разоў на дзень. Рукi балелi неймаверна... А як жа жанчыны, якiм даводзiцца даiць жывёлу з месяца ў месяц, з года ў год? Сёння вяскоўцу, якi здае малако, аплата iдзе, так бы мовiць, не за фiзiчную, а за залiковую яго вагу. Iнакш кажучы, за тлустасць. Раней гэты важны для малака паказчык Вiктару Буглаку даводзiлася кантраляваць асабiста i з аматарамi разбаўляць малачко выхаваўчыя размовы весцi. Цi то выхаванне так падзейнiчала, цi то дыферэнцыраваная ў залежнасцi ад якасцi аплата, цi то арганiзацыя двайнога кантролю — у самой гаспадарцы i на малаказаводзе — але i ў мiнулым годзе, i сёлета якасць здадзенага насельнiцтвам Юр’еўскага сельсавета малака не выклiкала нiякiх прэтэнзiй. Ад працэнта тлустасцi напрамую залежыць i аплата. За аснову бярэцца паказчык 3,4 працэнта. Калi ж тлустасць малака складае 4,2 працэнта, малаказдатчыку плацяць за 100 лiтраў прадукцыi як за 125. Выгада вiдавочная. У сярэднiм жа жыхар сельсавета, якi рэгулярна здае дзяржаве малако, атрымлiвае за гэта ад 150 да 200 тысяч рублёў у месяц. Так што спаборнiцтва з дачнiкамi, якiя гатовы купляць у насельнiцтва малако па 1 тыс. рублёў за лiтр, сельвыканкам пакуль выйграе. Дзе асабiстыя падсобныя гаспадаркi сапраўды «знайшлi» сябе, дык гэ- та ў вырошчваннi бульбы. У Юр’еўскiм сельсавеце для больш эфектыўнага выкарыстання зямлi прысядзiбныя ўчасткi грамадзян (30 га) вынесены ў палi агульнага севазвароту. На чалавека прыпадае 25—30 сотак. За апрацоўку адной вясковец плацiць калгасу 4 тысячы рублёў на год. Калi памножыць 4 тысячы на 30, атрымаецца 120 тысяч. Дорага? Не спяшайцеся з вывадамi. У апрацоўку ўваходзiць унясенне арганiкi, ворыва i культывацыя ўчасткаў, нарэзка баразён. Падчас пасяўной выдзяляюцца саджалка i транспарт для падвозу насення. Прычым, па ўсё гэта не трэба кожны раз бегаць — саджалка ў вызначаныя днi ўжо чакае на полi, а ў патрэбны час машына забiрае насенную бульбу з двара i адвозiць на месца пасадкi. Але i гэта яшчэ не ўсё. Далей пачынаецца догляд. Як мiнiмум два разы праводзiцца апрацоўка супраць каларадскага жука. Па восенi збiваецца бацвiнне, а на апошнiм — уборачным — этапе выдзяляецца бульбакапалка... Канешне, калi вясковец пажадае, ён можа кантраляваць работу гаспадаркi па догляду свайго ўчастка. — Але я толькi што быў на гэтых палетках, бульба — выдатная, i нiякага пустазелля, — сцвярджае Вiктар Буглак. — Яно i зразумела. У палях севазвароту нiколi не саджаюць бульбу «па бульбе», на адным i тым жа месцы. Гэта, дарэчы, стала адным з галоўных аргументаў для тых, хто спачатку хацеў адасаблення сваiх участкаў. Цяпер усе задаволеныя i нiякiх скаргаў наконт апрацоўкi зямлi да мяне не паступае. Купляюць у насельнiцтва бульбу i раённая база райспажыўсаюза, i крухмальны завод вёскi Весялова, што ў суседнiм Барысаўскiм раёне. Для дастаўкi прадукцыi, зноў жа, выпiсваецца тэхнiка (1 гадзiна — 15 тысяч). Але ўсе затраты вяскоўца акупляюцца спаўна. З трыццацi сотак можна накапаць прыкладна 12 тон бульбы, а то i больш. Неабходную колькасць (3—4 з iх) пакiнуць сабе, астатняе здаць цi прадаць. Прычым, iльвiную долю фiзiчнай працы бярэ на сябе гаспадарка. Вяскоўцу застаецца толькi сабраць з поля вырашчаны i выкапаны ўраджай. — Нядаўна раiлiся з людзьмi, калi лепш пачаць уборку збожжа на прысядзiбных участках. Яны прасiлi крыху пачакаць — няхай, маўляў, даспее. Але, думаю, у блiжэйшыя выхадныя (размова са старшынёй Савета адбывалася на мiнулым тыднi — Н.К.) мы гэта зробiм. Cёння ў сельвыканкама наладжаны настолькi трывалыя сувязi з гаспадаркай, што да ўтварэння свайго ўласнага камунальнага ўнiтарнага прадпрыемства па аказанню дапамогi вяскоўцам (КУПа) тут яшчэ не падступалiся, бо вялiкай патрэбы ў гэтым не бачылi. Але Буглак ужо накiраваў заяўку ў раён на выдзяленне сельсавету тэхнiкi для арганiзацыi КУПа. — Папрасiў не так i многа, — усмiхаецца Вiктар Пятровiч. — Трактар «Беларус», прычэп, капалку, ротарную касiлку i трохкорпусны плужок. Калi ўдасца арганiзаваць сваё камунальнае прадпрыемства, мы будзем больш мабiльнымi i менш залежнымi ад гаспадаркi. I цэны на паслугi зробiм даступнымi, не вышэй, чым цяпер. Захоча, скажам, Iваноў узараць участак сёння — калi ласка, пажадае Пятроў зрабiць гэта праз тыдзень — нiякiх праблем. Цяпер старшыня сельскага Савета ўсiх агiтуе набываць участкi для вядзення асабiстай гаспадаркi. Зямлю можна прыдбаць (у тым лiку i гараджанам) i ў прыватную ўласнасць, можна i ў арэнду. — Я толькi «за», калi зямля апрацоўваецца i даглядаецца, калi яна дае ўраджай i радуе свайго гаспадара. I дзяржава, на мой погляд, павiнна прыкладаць усе намаганнi для далейшага развiцця падсобных гаспадарак. Тут жа не патрабуецца вялiкiх затрат. Усяго толькi крыху падтрымаць вяскоўца — па малаку, па апрацоўцы глебы... Ды i сабекошт прадукцыi ад насельніцтва значна нiжэй-шы. Вось вам i выгада для дзяржавы, — упэўнены Вiктар Буглак. — А не падставiць яна плячо, усё з цягам часу прыйдзе ў заняпад. Той жа гаспадар па бульбу будзе ў магазiн бегаць, а пасля работы — адпачываць. Толькi я, як вясковы жыхар, гэтага пакуль што сабе не ўяўляю... Наталля КАРПЕНКА, Смалявiцкi раён. Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА. ДАРЭЧЫ...
«Дзяржава гарантуе грамадзянам выкананне iх правоў i абарону законных iнтарэсаў, звязаных з вядзеннем асабiстай падсобнай гаспадаркi. Дзяржава садзейнiчае развiццю i ўмацаванню асабiстых падсобных гаспадарак праз: стварэнне сельскiмi (пасялковымi), раённымi выканаўчымi i распарадчымi органамi камунальных унiтарных прадпрыемстваў (з кансультацыйнымi пунктамi i пунктамi пракату сельскагаспадарчай тэхнiкi, гужавых i iншых сродкаў) па аказанню грамадзянам, якiя ажыццяўляюць вядзенне асабiстай падсобнай гаспадаркi, паслуг па вырошчванню сельскагаспадарчых культур i ўборцы ўраджаю, нарыхтоўцы кармоў, рэалiзацыi вырашчанай прадукцыi, нарыхтоўцы палiва, апрацоўцы зямельных участкаў i iншых паслуг; аказанне дапамогi ў рэалiзацыi лiшкаў сельскагаспадарчай прадукцыi, вырабленай у асабiстых падсобных гаспадарках; правядзенне штогадовых мерапрыемстваў па прафiлактыцы iнфекцыйных i iнвазiйных захворванняў жывёлы, якая знаходзiцца ва ўласнасцi грамадзян, якiя ажыццяўляюць вядзенне асабiстай падсобнай гаспадаркi; рэалiзацыю грамадзянам, якiя ажыццяўляюць вядзенне асабiстай падсобнай гаспадаркi, племяннога маладняку жывёлы (свiней, буйной рагатай жывёлы, коней), птушкi, мiнеральных i арганiчных угнаенняў, сродкаў аховы раслiн, пасадачнага матэрыялу сельскагаспадарчых культур, камбiкармоў i збожжа на кармавыя мэты; забеспячэнне патрэб грамадзян, якiя ажыццяўляюць вядзенне асабiстай падсобнай гаспадаркi, у сенакосах i пашах для свойскай жывёлы. Мясцовыя выканаўчыя i распарадчыя органы абавязаны забяспечыць у першачарговым парадку грамадзян, якiя вырабляюць сельскагаспадарчую прадукцыю, абсталяванымi ў адпаведнасцi з тэхнiчнымi патрабаваннямi гандлёвымi месцамi для яе рэалiзацыi, а таксама абарону гэтых грамадзян ад вымагання i iншых злачынных замахаў на гэту прадукцыю...» Закон «Аб асабiстых падсобных гаспадарках грамадзян», арт. 7. |