У Беларусi ў 2007 годзе плануецца стварыць 253 аграгарадкi
Вольга СРЭДНЕВА, БЕЛТА
Ва ўрадзе
У Беларусi ў 2007 годзе плануецца стварыць 253 аграгарадкi. Аб гэтым паведамiў намеснiк прэм’ер-мiнiстра Iван Бамбiза 30 студзеня на пасяджэннi Прэзiдыума Савета Мiнiстраў. Яно прайшло пад старшынствам прэм’ер-мiнiстра Сяргея Сiдорскага.Як праiнфармаваў Iван Бамбiза, у Брэсцкай вобласцi ў 2007 годзе ў аграгарадкi будзе пераўтворана 44 сельскiя населеныя пункты, у Вiцебскай — 39, у Гомельскай — 25, у Гродзенскай — 46, у Мiнскай — 62, у Магiлёўскай вобласцi — 37. У ходзе пасяджэння Сяргей Сiдорскi крытыкаваў выкананне задання па вызначэнню аб’ёмаў iнвеставання i забеспячэння распрацоўкi праектна-каштарыснай дакументацыi па аб’ектах будаўнiцтва вытворчай i сацыяльнай iнфраструктуры сельскiх населеных пунктаў, якiя падлягаюць пераўтварэнню ў аграгарадкi ў 2007 годзе. Нягледзячы на неаднаразовыя даручэннi Савета Мiнiстраў, належных мераў па завяршэнню складання праектна-каштарыснай дакументацыi прынята не было. Так, паводле iнфармацыi Iвана Бамбiзы, на 11 студзеня 2007 года не была распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя па 4111 аб’ектах, або 79 працэнтах iх колькасцi. Iван Бамбiза адзначыў таксама, што нягледзячы на прамое даручэнне прэм’ер-мiнiстра, на 27 студзеня аблвыканкамы (за выключэннем Мiнскага i Гродзенскага) яшчэ не прадставiлi акты прыёмкi створаных у 2006 годзе аграгарадкоў.
|