У Вiцебскай вобласцi сёлета ўборачная плошча збожжавых i зернебабовых большая, чым летась, прыблiзна на 9 %. Усе раёны прыступiлi да жнiва.
Сёлета плануецца задзейнiчаць 1380 камбайнаў, у тым лiку тысячу — абсталяваных прыстаўкамi для ўборкi рапсу.
Пры добрых умовах надвор'я магчыма завяршыць жнiво збожжавых за дваццаць дзён. Але ў кожным раёне трэба выкарыстоўваць асобны падыход, упэўнены першы намеснiк старшынi Вiцебскага аблвыканкама Алег Мацкевiч.
Для ўдзелу ў зборы ўраджаю плануюць задзейнiчаць каля 5,7 тысячы чалавек, у тым лiку больш за 1,6 тысячы камбайнераў і старшых камбайнераў.
Пад ураджай наступнага года плануецца ў аптымальныя агратэхнiчныя тэрмiны правесцi сяўбу азiмых збожжавых культур на плошчы 300 тысяч гектараў, канстатуе старшыня камiтэта па сельскай гаспадарцы i харчаваннi Вiцебскага аблвыканкама Сяргей Ягораў.
Днямi пытаннi жнiва абмяркоўвалiся ў Вiцебску падчас пасяджэння аблвыканкама. Губернатар Мiкалай Шарснёў чакае ад кiраўнiкоў усiх узроўняў — ад райвыканкама да гаспадаркi — каб яны кантралявалі падчас уборкi выкананне ўсiх тэхналагiчных патрабаванняў. Поспех — у жорсткай дысцыплiне i адказнасцi на палях. А памочнiк Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь — iнспектар па Вiцебскай вобласцi Анатоль Лiневiч нагадаў пра асабiстую адказнасць усiх, ад каго залежыць своечасовае i якаснае жнiво, i запэўнiў, што тым, каму трэба, будзе аказана дапамога.
Самае галоўнае — каб было разуменне, што колас не можа чакаць. А надвор'е, як сведчаць вопытныя аграрыi, сёлета вельмi спрыяе атрыманню рэкордных ураджаяў па ўсёй краiне, i Вiцебшчына — не выключэнне.
Аляксандр ПУКШАНСКI
Прэв’ю: dnr-live.ru
Ссылки
[1] https://zviazda.by/ru/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/ru/gramadstva
[3] https://zviazda.by/ru/tags/zhnivo
[4] https://zviazda.by/ru/tags/zbozhzha
[5] https://zviazda.by/ru/tags/uradzhay