 19 лiстапада 2009 года № 36 (82)Не на трасянцы гавораць беларусы
Этнаскарбонка
Многiм нават няўцям, што даволi вялiкi працэнт насельнiцтва нашай краiны размаўляе
па-беларуску не таму,
што гэта iх свядомы выбар, а таму, што яны нарадзiлiся з беларускай мовай, чулi
ад сваiх продкаў. Навукоўцы Iнстытута мовы i лiтаратуры Нацыянальнай акадэмii
навук здольныя на прыкладах даказаць гэта.
Нацыянальныя героi
— Я проста для сябе аналiзавала маўленне нашага маладога пакалення. Парадокс
у тым, што яно выхавана на лiтаратурнай мове.Так, дзякуючы iх памкненням, мова
ў гарадах жыве, але цi жывая яна? Чалавек, якi засвоiў моўны канструкт, наўрад
цi здольны да натуральнага моватворчага працэсу, ён будзе перакладаць i калькаваць,
але не будзе нараджаць новых слоў, якiя здольныя жывiць лiтаратурную мову. А тыя
людзi, што жывуць у вёсцы, калi гаварыць вельмi гучна, сапраўды з'яўляюцца нацыянальнымi
героямi, таму што яны ў сваёй гаворцы перадаюць моўны дух, па традыцыi, па звычцы
ўвасабляюць тое, што засвоiлi ад сваiх бацькоў. Той, хто з'яўляецца носьбiтам
традыцыйнага маўлення, стварае на хаду. Бо мова—гэта не тое, што ўвасоблена ў
слоўнiку, а тое, што ў чалавека ў галаве. Калi не будзе спадчыннай натуральнай
жывой гаворкi, узнiкае небяспека для функцыянавання беларускай лiтаратурнай мовы,
— заўважае супрацоўнiк аддзела дыялекталогii i лiнгвагеаграфii Iнстытута мовы i лiтаратуры
Нацыянальнай акадэмii навук Веранiка Курцова.
Прынамсi, цяпер галоўная задача супрацоўнiкаў адзела паспець як мага больш запiсаць
узораў натуральнай жывой гаворкi. Сёлета дзякуючы намаганням навукоўцаў выйшла
ў свет "Хрэстаматыя па беларускай дыялекталогii. Цэнтральная зона". I з гэтай
кнiжкi можна чэрпаць новыя словы для лiтаратурнай мовы, бо яны ўжо адабраныя народам
i створаныя тымi, хто атрымаў беларускую мову ў спадчыну ад продкаў.
Невыпадкова першая хрэстаматыя па дыялекталогii з серыi задуманых выданняў складаецца
менавiта з тэкстаў цэнтральных гаворак. Як i ў большасцi еўрапейскiх народаў,
у аснову нашай лiтаратурнай мовы пакладзены цэнтральныя гаворкi, iм быў нададзены
статус наддыялектных. Навукоўцы хацелi пабачыць, як сёння выглядае маўленне ў
цэнтры Беларусi i запiсвалi гутарку беларускiх вяскоўцаў, аддаючы пры гэтым перавагу
пакаленню, якое нарадзiлася перад вайной. Саракавыя—пяцiдзясятыя гады — перыяд
рэанiмацыi беларускай мовы. Вялiкая Айчынная вайна не дала магчымасцi большасцi
беларусаў атрымаць адпаведную адукацыю, i гэтыя людзi пазбеглi ўплыву рускамоўнай
школы, у сваiм маўленнi выкарыстоўвалi менавiта тое багацце маўленчых сродкаў,
якое атрымалi ў спадчыну. Але хрэстаматыя можа быць цiкавай не толькi для моваведаў.
Яна складаецца з аповедаў беларусаў пра самыя розныя бакi жыцця, традыцыi, здарэннi,
вераваннi, стаўленне да раслiннага i жывёльнага свету, погляды на мiнулае i сучаснае.
Гэта крынiца народнай мудрасцi i аповед пра жыццё нашага народа на працягу апошняга
паўстагоддзя, яна апiсвае лёсы людзей, iх эмоцыi, каханне, расчараванне. Яна багатая
сюжэтамi, настолькi моцнымi, што iх складана было б прыдумаць якому пiсьменнiку
цi сцэнарысту, а гэта рэальныя гiсторыi, запiсаныя чыстым тэкстам прама з вуснаў,
чалавека, якi перажыў iх. Чытаеш гэтую кнiгу i думаеш, як жа гэта можна перажыць,
вытрымаць? Колькi гора перанёс наш народ! Вось iдзе расповед пра працавiтую сям'ю,
якую раскулачылi, выгналi з дома (а ў iх хаце пасялiўся старшыня калгаса), абабралi,
што нават з дзiцяцi знялi палiто i боты, у якiх яно хадзiла ў школу i прадалi
ў краме. I бацька з гэтай сям'i памiрае ад разрыву сэрца. Альбо, як у пасляваенныя
гады жанчыны самi запрагалiся ў плуг i аралi, калi не было чаго сеяць, у ход iшлi
абрэзаныя з бульбы лушпайкi з вочкамi.
— Мы старалiся закранаць самыя розныя тэмы для гаворкi, — заўважае Веранiка Мiкалаеўна.
— Калi людзi расказваюць пра вайну, якi гэта боль, колькi трагедыi i нястачы давялося
iм перажыць. Мяне ўразiла, напрыклад, калi жанчына распавядала пра блакаду. Ведаючы,
што будзе наступленне, людзi загадзя ў лесе выкапалi нешта накшталт зямлянак,
каб хавацца ад немцаў, а зверху накрывалiся лапкамi. Адной старой кабеце неставала
сiлаў спусцiцца ў такую яму, яна залезла толькi напалову. У гэты час iшоў немец,
ён убачыў, што сталая кабета не змагла схавацца, упiхнуў яе ў ямку i зверху прыкрыў
лапкамi. I жанчына ўсё жыццё малiлася за таго немца, прасiла: "Божа навышнi, захавай
гэтага чалавека". Такiх неверагодных расказаў у кнiзе шмат. Гэта жывая наша памяць,
помнiк культуры. I яна бясспрэчна будзе вельмi карысная для тых апантаных людзей,
якiя хочуць даведацца пра рэальнае жыццё беларусаў. Пра тую эпоху, што мiнула.
Пра наш побыт i традыцыi. Так, сёння ўжо не ткуць, не прадуць, а тут пра ўсё гэта
расказваюць самi людзi. I калi мы збiралi ўсё гэта i цяпер працягваем ездзiць
у экспедыцыi ў iншыя рэгiёны, бачым вельмi вялiкую зацiкаўленасць у людзей, яны
радуюцца, што iх край вывучаюць, хочуць, каб пра яго пiсалi, каб не гублялася
тое, што назапашана стагоддзямi, радуюцца, што вывучаецца мова i культура. Гэта
будзе вялiкая справа, калi мы хоць на нейкi момант разгорнем краязнаўчую працу,
занатуем тое, што ёсць. Вельмi добра было б, каб да нас далучылiся i iншыя людзi,
тыя ж настаўнiкi, як тое было ў 20-х гадах, калi кожны настаўнiк лiчыў за гонар
сабраць словы, адказаць на анкету i прыслаць у Iнбелкульт. Цяпер iх дапамога таксама
вельмi патрэбная, бо, на жаль, носьбiтаў каштоўнай iнфармацыi становiцца ўсё менш,
гэта людзi пажылога ўзросту. Шмат чаго са слоўных набыткаў мы ўжо не паспелi ўратаваць,
але яшчэ нашы вяскоўцы валодаюць вялiкiмi моўнымi i гiстарычнымi скарбамi.
Якая тэма,
такая i гаворка
— У адной з вёсак Лагойскага раёна мы сустрэлi мабiльную жанчыну, якая настолькi
дасканала ведае народныя традыцыi, што яе можна слухаць бясконца, яна гаворыць
гадзiнамi, — распавядае Веранiка Мiкалаеўна. — Пры гэтым яна яшчэ выдатна спявае
i танчыць. Мы сядзелi ў захапленнi i не верылi, што носьбiтам такiх багаццяў можа
з'яўляцца толькi адзiн чалавек. I ў яе такiя цiкавыя разважаннi. Напрыклад, яна
ўзгадвае, як пасля вайны, калi хлопцы запрашалi на танец дзяўчат у модных тады
беленькiх блузках, каб не выпацкаць сваёй потнай рукой дзявочы ўбор, клалi сабе
на далонь насовачку i потым бралi дзяўчат пад паху. А пасля расказвае як цяпер
хлопчык з 9-га класа пхае нагой дзяўчынку, так запрашае яе iсцi развучваць танец.
I жанчына кажа: "Гэта цяпер такая культура. Гэта бескультурнасць. Бедната была,
галата, галодныя былi, але культура была. Куль-ту-ра. Нiхто не аскарбiць цябе,
хоць ты з чужой дзярэўнi прыйдзеш, пасля вайны...". Нашых супрацоўнiкаў уразiлi
моўныя паводзiны гэтай жанчыны, яна захавальнiца найбагацейшых моўных асаблiвасцяў.
Наколькi мяняўся рэпертуар маўленчых сродкаў у залежнасцi ад таго, пра што яна
расказвала. I гэта натуральна, сучасныя моўныя паводзiны вяскоўцаў неаднастайныя.
Калi гаворка заходзiць пра сучаснасць, напрыклад, пра здароўе, вазьмiце яшчэ пашукайце
ў ёй беларускiя дыялектныя сродкi, альбо сродкi лiтаратурнай мовы. А iх i не можа
быць. Калi чалавек iдзе ў аптэку, не сустракае там нiводнага беларускага слова.
Таму ў яго не "цiск", а "даўленне", балiць не "сэрца", а "сердце". Калi ж гаворка датычыцца ўсяго таго, што звязана з маладосцю, жыццём у вайну
i пасля вайны, з традыцыйнымi заняткамi, там выкарыстоўваецца той рэпертуар лексiчных
сродкаў, якiя ўвасабляюць спецыфiку беларускай мовы. I калi гэта маўленне ацэньваць праз так званыя сiстэмныя асаблiвасцi, характэрныя
i для дыялектаў, i для беларускай лiтаратурнай мовы, калi правяраць, наколькi
захавалася дыялектная традыцыя (параўноўваць з дыялекталагiчным атласам 50-х гадоў),
можна пабачыць, што беларускае маўленне ў сваёй цэнтральнай частцы на працягу стагоддзя не зведала
iстотных зменаў, але гэта датычыцца менавiта фанетыкi i марфалогii, а лексiчныя
сродкi тут не вызначальныя. Ды i наогул не могуць быць па вялiкiм рахунку такiмi.
— Атрымлiваецца, што наша вясковае насельнiцтва не стала рускамоўным?
— Старэйшае пакаленне трымаецца маўленчых традыцый. Дыялектнае маўленне найбагацейшае.
Яго трэба паважаць. А нашы людзi саромеюцца сваёй гаворкi. Яны часта заўважаюць:
"Мы гаворым змешана, па-свойму, па-дзеравенску, а вунь у горадзе сапраўдная беларуская
мова". А гэтае стаўленне да сябе i сваёй гаворкi, як непаўнавартаснай, — вынiк
пэўнай iдэалагiчнай барацьбы, зняважлiвага стаўлення да сялянства, як класа.
Моўная
палiтыка
I знявага вясковых жыхароў да таго, як яны гавораць, i нават самi выслоўi, што
няма цяпер беларускага маўлення — гэта наступствы адпаведнай палiтыкi. Не проста так з'явiлiся абразы "калхознiк", "дзярэўня", i iмкненне вясковых
жыхароў ва ўсiм быць падобнымi да гараджан, гаварыць, як яны. Iшла пэўная барацьба
з сялянствам (знiшчэнне неперспектыўных вёсак — адна з праяў гэтай барацьбы),
каб знiшчыць сялянскае мысленне, дух, найперш неабходна было пазбавiцца ад мовы,
на якой гаворыць вёска. У трыццатых гадах, калi браць пад увагу некаторыя навуковыя
працы, пачалася барацьба за чысцiню маўлення. Палiтычна было вызначана патрабаванне ўзорнасцi, лiтаратурнай правiльнасцi вуснага
маўлення, пачалася барацьба з дыялектамi, з мужыцкай мовай. Патрабаванне выключнай пiсьменнасцi, iдэальнай вуснай гаворкi было абавязковым
для ўсiх жыхароў савецкай краiны, незалежна ад iх нацыянальнай прыналежнасцi.
У вынiку такой палiтыкi пацярпела не столькi беларуская, але найперш сама руская
мова. Яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя даследчыкi адзначалi агульнакультурную каштоўнасць
дыялектнага маўлення. Так, Веранiка Курцова ўзгадвае кароткую тлумачальную запiску
для прыкладнага плана заняткаў па роднай мове ў адзiнай працоўнай школе камуны,
якая была выпрацавана секцыяй роднай мовы аддзела рэформы школы Народнага камiтэта
адукацыi: "...школьныя супрацоўнiкi найперш павiнны адмовiцца ад дрэнных намераў выпраўляць нiбыта хiбы жывой мовы, вядомыя ў навуцы
пад назвай дыялектныя асаблiвасцi... Гэтыя адхiленнi з'яўляюцца найкаштоўнейшым
матэрыялам для вывучэння i многiя з iх гiстарычна маюць куды большыя правы на
iснаванне, чым тыя лiтаратурныя нормы, якiя мы называем "правiльныя" формы мовы".
Такое стаўленне да дыялектнага маўлення было найперш у рускай мове. Па сутнасцi
пра такое ж шанаванне дыялектнага слова можна гаварыць i ў Беларусi. Але ўжо ў
20—30-я гады стаўленне рэзка змянiлася. У лiтаратуры разгарнулася барацьба з дыялектызмамi.
Горкi адкрытым тэкстам заяўляў, што ў лiтаратуры не павiнна быць правiнцыяналiзмаў.
Цi не па гэтай прычыне Шолахаў вымушаны быў перапiсаць "Цiхi дон"? Даследчыкi
пачалi гаварыць пра тое, што "пралетарыят не зацiкаўлены ў захаваннi сялянскага
разнамоўя", хоча яго лiквiдаваць. Напрыклад, у 1936 годзе выходзiць артыкул пра
развiццё лексiкi рускiх гаворак даследчыка Фёдара Фiлiна, дзе ён пiша: "...Мова
калгаснiка ачышчаецца ад накiпу, набрыдзi стагоддзяў, якiя запавольвалi яе наступнае
развiццё, далучаецца да пралетарскай культуры, пашыраецца гарызонт свядомасцi
калгасных мас, якiя вызваляюцца ад мясцовай абмежаванасцi...".
— Фактычна тое ж самае, але ў больш познi час i ў новых умовах назiралася i ў
Беларусi,— заўважае Веранiка Курцова, — у нас выхоўвалася адмоўнае стаўленне да маўлення сваiх бацькоў, продкаў, iх культуры
i традыцый, ствараўся комплекс нiзкавартаснай асобы. Ацэнка нашага маўлення i
сёння грунтуецца на загадзя вызначаных схемах. Я бачу гэты нормацэнтрызм ў ацэнцы маўлення чалавека, калi мы глядзiм на якасць
гаворкi толькi з аднаго боку: на колькi яна адпавядае лiтаратурнай мове. А лiтаратурная
мова — гэта канструкт, у аснове якога досыць часта ляжаць нормы па дамоўленасцi.
Дыялекты ж — жывая стыхiя, яны адлюстроўваюць дынамiку развiцця мовы. Безумоўна,
палiтыка, i само стаўленне да беларускай мовы адбiваюцца на гаворцы людзей. Не
можа маўленне застацца нязменным, калi iснуе такое стаўленне да яго, калi цэлыя
iнстытуты, такiя, як школа i друк, працавалi на прасоўванне адпаведнай палiтыкi.
Мы кажам, што не iснуе сёння беларускага маўлення. А не iснуе толькi таму, што
ў нас ёсць устаноўка не бачыць рэальнае, а ацэньваць усё з пазiцыi адпаведнасцi
лiтаратурнай норме. Мякка кажучы, гэта не вельмi ўсвядомленае стаўленне да маўлення. Так, была палiтыка на знiшчэнне дыялектаў, але яны не былi наўпрост знiшчаны. Нават самi расiйскiя даследчыкi, якiя цяпер абследавалi паўночны ўсход Беларусi,
гэта Расонскi, Гарадоцкi раён i Пскоўшчыну, якая гiстарычна з iмi звязаная, заявiлi,
што на гэтай тэрыторыi вылучаецца асобны дыялект, якi ўмоўна назвалi "Гарадоцка-невельскi",
i гэта зроблена на падставе фактаў, сабраных у пачатку ХХI стагоддзя. А мы кажам:
не iснуе сёння дыялектнай гаворкi. То на падставе чаго зроблена такая выснова?
Гукi
i формы
Адказ на пытанне, з якiх крытэрыяў павiнна ацэньвацца маўленне, быў дадзены яшчэ
Яфiмам Карскiм. Па яго глыбокiм перакананнi, асаблiвасць мовы, яе арыгiнальнасць
цi адметнасць вызначаецца выключна гукамi i формамi (значыць фанетыкай i граматыкай).Тое
ж самае ў 1927 годзе заяўляў у сваiм артыкуле "Граматычныя нататкi" Язэп Лёсiк,
кажучы: "трэба памятаць, што мова псуецца ды становiцца штучнаю, чужою i малазразумелаю не ад чужых слоў.
Яна псуецца чужою граматыкаю — чужою фанетыкаю, марфалогiяй i сiнтаксiсам".
Дык цi можна сучаснае маўленне вяскоўцаў, што нарадзiлiся перад вайной, назваць
рускамоўным толькi таму, што ў iм шмат запазычанняў з мовы суседзяў. А гэтыя запазычаннi
не маглi не ўзнiкнуць, бо людзi ў сваёй гаворцы выкарыстоўваюць тыя словы, якiя
пастаянна чуюць i з радыё, i ў школе, i ад старшынi калгаса, якi iмкнецца гаварыць
па-руску, i ад сваiх дзяцей, што атрымлiвалi адукацыю ў горадзе. Сёння беларускае
маўленне ўскладненае, варыятыўнае, але яно жыве. Вось для прыкладу ўрывак з тэксту,
змешчанага ў хрэстаматыi, якi быў запiсаны ў вёсцы Шылавiчы Слонiмскага раёна:
"Мы ж, бывало, дзецi ў калысачку ды на поле носiм i там паставiш тры калочкi,
павесiш, асiлiм радзюшку, а самi iрвем, цi жнем, цi капаем. Мы ж нi гэдак, як
сёньня ў калясках, на плечах насiлi дзецi, у калысаццы. О цяшко было гадаваць!
Сёння нiхто на поле з дзiцем не пайдзе, у калясаццы, на руку i качае, а тады на
плечы дзiця, калыханьнiкi, пад руку цi радзюшку цi брызент нейкi дастала да насiла,
каб дошч не мачыў. Ужо насiлi ўсё тыя калыханьнiкi, так i дожджык пайдзе, то ўжэ
i сама схаваесься то i дзiця сховано. Калыханьнiк — тры калочкi зьвязано, раставiш,
павесiш гэту калысачку. Радзюшка — як сёнi адзiядло. Радзюшкi тканыя былi, а сёнi
капай завуць, куплёну...". Хiба такая гаворка нагадвае рускую мову? А падобных тэкстаў навукоўцамi назбiрана
шмат.У навуковых каментарах да тэкстаў, сабраных з пэўных рэгiёнаў, падрабязна
распiсана, якiя моўныя асаблiвасцi характэрныя для маўленчай дзейнасцi мясцовых
жыхароў сталага ўзросту. Навукоўцы адзначаюць, што ўздзеянне рускай мовы на развiццё дыялектаў беларускай мовы актуальнае, але пакуль
яшчэ невызначальнае. За, на першы погляд, мешанiнай з рускiх i беларускiх слоў, якую мы прызвычаiлiся
зваць трасянкай, стаiць нешта большае. Стаiць жывая народная традыцыя, i, магчыма,
хаваюцца створаныя беларускiм народам новыя словы, якiя маглi б увайсцi i ў сучасную
лiтаратурную мову, спрыяць яе развiццю.
Алена Дзядзюля.
|