Вы здесь

«Калыханка» — бясконцая радасць!


Сталым чытачам «Звязды» дзіцячы ўзорны фальклорны гурт «Калыханка» прадстаўляць не трэба: па-першае, на старонках нашага выдання гэты калектыў неаднойчы быў героем фотарэпартажаў, фотазамалёвак, артыкулаў і інтэрв'ю, па-другое, на працягу некалькіх апошніх гадоў, менавіта ў 2010-м, 2013-м, 2014-м, 2016-м і 2018-м, газета друкавала календары з фатаграфіямі ўдзельнікаў гэтага гурта. Сёлета «Калыханцы» спаўняецца трыццаць гадоў, і звяздоўцы, вядома, не могуць такую падзею пакінуць без увагі. Тым больш што за час сталення калектыва ў нашым архіве назбіралася сапраўднае фотадасье пра маленькіх артыстаў, і не паказаць чытачу хоць каліўца з гэтага вялікага збору мы проста не можам. Таму госцем трынаццатай старонкі гэтым разам будзе менавіта калектыў з пасёлка Міханавічы Мінскага раёна і яго стваральніца і нязменны кіраўнік Ларыса Рыжкова.


Першыя фотаздымкі «Калыханкі» мне пашчасціла зрабіць у далёкім дзевяноста першым годзе мінулага стагоддзя: майскім днём гурт быў запрошаны ў музей народнай архітэктуры і побыту, каб паказаць сваё майстэрства выканання абрадавых песень і гульняў. На той час «Калыханку» ўжо добра ведалі ў коле аматараў беларускага фальклору, хоць гурту было ўсяго толькі два гадочкі. На памяць ад той сустрэчы застаўся чорна-белы фотаздымак, на якім дзяўчынкі выглядваюць з вялікай бочкі...

Вядомасці юнага калектыву ў першую чаргу паспрыяла тая акалічнасць, што гурт быў сапраўдным эксклюзівам на небасхіле адраджэння фальклорнай спадчыны, адным з першых у краіне дзіцячых калектываў, які выконваў старажытныя народныя, у тым ліку і мясцовыя рэгіянальныя песні. Апранутыя ў аўтэнтычныя строі (большасць з якіх вышыты рукамі кіраўніка гурта), на канцэртах «калыханкаўцы» выклікалі і выклікаюць у гледачоў сапраўднае захапленне. Нездарма на «Калыханку» кажуць, што гэта сапраўдны творчы эксперымент спасціжэння і далучэння дзяцей да нашай песеннай культуры. А яшчэ гэта — жыццёвы праект апантанага і няўрымслівага кіраўніка, улюбёнага ў тэатр, песні і казкі Ларысы Рыжковай. Ларыса Мікалаеўна ў свой час удзельнічала ў тэлевізійнай дзіцячай перадачы «Калыханка» — яна распавядала і інсцэніравала для маленькіх гледачоў казкі, забаўлянкі, песні.

— Аднойчы для казачнага сюжэта перад камерай неабходна было здымаць некалькі малалетніх артыстаў, якіх я знайшла па-суседстве, у Міханавічах. Пазней яны — вучні міханавіцкай школы і сталі першым складам «Калыханкі», — дзеліцца сваімі ўспамінамі Ларыса Рыжкова.

За трыццаць гадоў вырасла не адно пакаленне «калыханкаўцаў», больш за восемдзесят спевакоў выйшла з яе складу. На замену старэйшаму пакаленню прыходзяць падлеткі, нават дашкаляты — дзеці былых удзельнікаў. Ларыса Мікалаеўна заўсёды сцвярджае, што яе гурт — гэта не ўстанова, дзе рыхтуюць прафесійных спевакоў — тут далучаюцца да жывой песні, адкрываюць чысты, непаўторны голас. Па-ранейшаму гурт удзельнічае ў самых розных імпрэзах і заўсёды становіцца цэнтрам увагі — на фестывалях, канцэртах, конкурсах, у песенных праектах і абрадавых дзеяннях. Ніводзін канцэрт у роднай міханавіцкай школе не абыходзіцца без удзелу «калыханкаўцаў», бо ў будынку школы праходзяць рэпетыцыі, сустрэчы. З нагоды юбілею ў міханавіцкай альма-матар прайшло і святочнае выступленне гурта, якое сабрала і былых, і цяперашніх яго ўдзельнікаў.

— «Калыханка» — бясконцая радасць! — сказала Ларыса Рыжкова пра свой калектыў. — Якое шчасце бачыць, як узрастаюць няспелыя дзіцячыя душы, як з'яўляецца энергетыка ў звонкіх дзіцячых галасах, свабода ў рухах і паводзінах, што ў гульнях і песнях раскрываюцца і замацоўваюцца іхнія здольнасці!

На гэтых здымках, зробленых у розныя часы і на розных падзеях, вядома ж, «Калыханка».

Анатоль КЛЯШЧУК

Фота аўтара

Выбор редакции

Общество

Время заботы садоводов: на какие сорта плодовых и ягодных культур стоит обратить внимание?

Время заботы садоводов: на какие сорта плодовых и ягодных культур стоит обратить внимание?

Выбор саженца для садовода — тот момент, значимость которого сложно переоценить.

Культура

Чем в этом году будет удивлять посетителей «Славянский базар в Витебске»?

Чем в этом году будет удивлять посетителей «Славянский базар в Витебске»?

Концерт для детей и молодежи, пластический спектакль Егора Дружинина и «Рок-панорама».