Вы здесь

«Не ўцякай, бабулечка, а я ж твой дзядулечка…»


Альбом «Зялён явар, дуброва. Музыка Полаччыны» прэзентавалі ў сталічнай кавярні «Грай». Аўтэнтычныя песні з беларускай Поўначы на дыску гучаць у выкананні фальклорнага гурта «Варган» з самага старажытнага горада нашай краіны.


Здавалася б, этнаграфічныя рэгіёны Беларусі тэрытарыяльна размешчаны не так далёка адзін ад аднаго. Але калі ўслухацца ў песні палешукоў, багатыя на інтанацыі, разгледзець яскравыя, нават па-заліхвацку ўпрыгожаныя касцюмы і параўнаць іх са стрыманымі, крыху халаднаватымі напевамі, не так багата ўпрыгожанымі ўборамі жыхароў Падзвіння, розніца становіцца відавочнай. Ды варта памятаць: «багацце» і параўнальная «беднасць» тут не антытэза, хутчэй — падкрэсліванне адметнасцяў характару жыхароў кожнага з рэгіёнаў. За пэўнай сціпласцю гучання, малой варыятыўнасцю інтанацый стаіць неверагодная глыбіня пачуцця. Як у хвалях блакітных азёраў ды халодных рэк, у спевах Поўначы хаваецца мноства таямніц.

Зрэшты, найлепшым пацвярджэннем вялікай увагі жыхароў сталіцы да песень з Падзвіння стала поўная зала гасцей прэзентацыі дыска, доўгія чэргі па аўтографы музыкаў і мноства ахвотных патанчыць народныя танцы ў дворыку кавярні.

— Мы не чакалі такой вялікай увагі з боку сталічнай публікі, адпачатку настройваліся толькі на добрае выступленне, імкнуліся данесці вынік зробленай працы, — адзначыла кіраўнік фальклорнага гурта «Варган» Вольга Емяльянчык.

На дыску можна пачуць як каляндарна-абрадавыя, так і лірычныя песні, танцавальныя найгрышы. Як падарунак аматарам экспедыцый — запіс голасу аўтэнтычнай выканаўцы Алімпіяды Шчарбаковай з вёскі Шастова Полацкага раёна. Гучаць тут і рэкруцкія песні ў выкананні салістаў «Варгана». І гэта сапраўдная знаходка для аматараў фальклору. Справа ў тым, што аўтэнтычнае мужчынскае выкананне песень на Беларусі — вялікая рэдкасць. Зрэдку галасы спевакоў можна пачуць на Палессі, а на Падзвінні знайсці мужчыну, які спявае, — на мяжы з немагчымым. Таму важным кірункам работы ў гурце «Варган» з’яўляецца рэканструкцыя мужчынскіх спеваў. Як падрэсліваюць самі музыкі, многія крокі ў гэтым кірунку робяцца амаль інтуінтыўна.

— Нашы хлопцы прайшлі школу палескіх спеваў, — адзначае спадарыня Вольга. — Мы працавалі з аўдыязапісамі такіх знакамітых аўтэнтычных выканаўцаў, як Сцяпан Дубейка, мужчынскі гурт вёскі Глушкавічы Лельчыцкага раёна. На Падзвінні фактычна не знайсці фіксацый выканання архаічных мужчынскіх песень, гэты рэпертуар спрадвечна выконвалі жанчыны. Можна сказаць, што рэкруцкія песні, што спяваюць нашы хлопцы, — элемент аднаўлення. Наколькі такая рэканструкцыя адпавядае рэчаіснасці? Думаю, тут спрацоўвае генетычная памяць беларусаў. Напрыклад, у нашага саліста Кастуся Путронка бацька родам з Верхнядзвіншчыны, і калі ён аднойчы заспяваў песню з гэтай мясцовасці, запісаную ў экспедыцыі «Студэнцкага этнаграфічнага таварыства», я адчула, што яна гучыць пасапраўднаму, у гучанні ёсць вялікая праўда.

Але не толькі спевамі карысны дыск «Зялён явар, дуброва». Тут і адлюстраванне адметнасцей абрадаў Полаччыны. Вясельныя, хрэсьбінныя песні, жніўныя ды калядныя… А яшчэ — напевы, што спрадвеку суправаджаюць абрады ды ігрышчы, якія захаваліся толькі на Поўначы. Гэта, напрыклад, валачобная «Валачобнікі валачыліся» і песні-гульні «Лявоніха» і «Цярэшка» з аднайменнага каляднага ігрышча, характэрнага для Лепельшчыны.

Адметна, што ў цэнты ўвагі «Варгана» — не толькі аўтэнтычная музыка Полаччыны. Спевакі і музыкі выконваюць песні і танцы з розных этнаграфічных рэгіёнаў краіны.

— Мы не шукаем кампраміс, стараемся паказаць адметнасці кожнага рэгіёна, імкнёмся адзначыць іх спецыфіку, — падкрэслівае Вольга Емяльянчык. — Для нас традыцыйны спеў — вандраванне ў прасторы і часе. Калі спяваем песні з Падзвіння, адчуваем энергію гэтай зямлі, на Палессі свая магутная архаічная сіла, Пасожжа гучыць зусім па-іншаму. Спяваць традыцыйныя песні — значыць чуць голас зямлі, дзе яны нарадзіліся і жывуць сёння. А паколькі традыцыйная музыка ўтрымлівае жанры, што сфарміраваліся ў розныя эпохі, з яе дапамогай вандруем і ў часе. Абрадавыя песні каляндарнага кола пераносяць нас у вельмі далёкую мінуўшчыну, амаль на тысячагоддзі таму, бяседныя і лірычныя спевы дазваляюць адчуць, чым жылі нашы продкі крыху больш як стагоддзе таму.

Альбом «Зялён явар, дуброва. Музыка Полаччыны» стаўся працягам праекта «Традыцыя», мэта якога — прадстаўленне аўтэнтычных беларускіх спеваў, а таксама адкрыццё раней не вядомых аўдыяархіваў. Спадзяёмся, серыя, што дазваляе нам чуць сваіх і сваё, будзе працягвацца.

Марына ВЕСЯЛУХА

Фота Алены ЛАШКЕВІЧ

Выбор редакции

Общество

К купальному сезону подготовят 459 пляжей

К купальному сезону подготовят 459 пляжей

Существуют строгие требования к местам для купания.

Экология

Какой интерес у Беларуси у Южного полюса?

Какой интерес у Беларуси у Южного полюса?

Антарктика, такая далёкая и близкая.

Общество

Командир ведет за собой

Командир ведет за собой

Пятикурсник Полоцкого государственного университета имени Е. Полоцкой был удостоен почетного звания «Человек года Витебщины — 2023».