Яна НІКІФАРАВА
нарадзілася 17 студзеня 2002 года ў Мінску. Вучыцца ў гімназіі №1 імя Ф. Скарыны. Абсалютны пераможца рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры 2016-2017 н.г. Захапляецца альтэрнатыўнай беларускай культурай, з задавальненнем наведвае канцэрты сучасных беларускамоўных рок-гуртоў. Вельмі натхняе яе беларуская гісторыя, творчасць Вольгі Гапеевай і Вальжыны Морт, а асаблівым чынам – песні Лявона Вольскага.
РОЗНАКАЛЯРОВАСЦЬ
***
складаю сумныя вершы
пра вясёлую рэчаіснасць
рыфмую першы
радок
са станам узрушанай душы
непахіснай
здаецца сцяна вершаскладання
мару
што калісьці я зазірну за яе
і адкрыецца перад вачыма
неабсяжны прастор
вясёлай рэчаіснасці
якую так сумна
так безвыходна
апісваю я непахіснасцю
невершаваных вершаў
***
бывае час
калі глядзіш на яскравую рознакаляровасць
а твая ўнутраная прызма
змяняе аранжавы колер на шэры
ўраз
губляецца сэнс
і суцяшае бадай толькі тое
што пакуль ты губляеш веру
хтосьці
яе знаходзіць
***
дасягаеш абсалюту калі
спяваеш
не задумваючыся пра чысціню нот
і яны адлятаюць у паветра
рэжучы слых выпадковым мінакам
а ты спяваеш
і спяваеш
et cetera
захапляешся жыццём
забыццё
сінонім слова “абсалют”
калі мы спяваем
не зважаючы на адсутнасць голасу
калі гартань вырваная з коранем
а ў цябе жыццё
кіпіць
і па́ра(?) фармуе песню
ляціць у паветра
і ты жывеш
і жывеш
et cetera
Тваё дэкадэнцтва
унутры няма надзеі
і ты адлятаеш на яе пошукі
кудысьці далёка
далёка назад
у тыя часы
калі спёка пачуццяў
яшчэ не спаліла ўнутраны сад
забіўшы ўсе кветкі
ўсе дрэвы
ўсе сэнсы
дэкадэнцтва
цяпер тваё любімае слова
а раней любімым
было слова радасць
унутраная аснова
зламалася
не пакінуўшы рэшткаў
не пакінуўшы месца на новы
квяцісты сад
застаўся толькі шлях
апалены
шлях назад.
***
я чакаў
а яна не прыйшла
прабач
сціплыя літары
на разраджаным экране
ўбачыў
у разраджаным сэрцы
рэхам сумнае
“ты мне не патрэбны”
мне засталося хіба памерці
накрыўшыся коўдрай
пад якой мы разам
смяяліся
мушу назаўсёды сцерці
твае ўсмешкі
з кватэрных шыбаў
і тэлефоннага дысплэя
каб
не спяшаючыся
ў скрусе загінуць
ідучы па алеі памяці
з тваіх абдымкаў.
Маленькая смерць
прыйшла
ноч
ты чакаў яе
з нецярплівасцю дзіцяці
якому абяцалі падарунак;
апроч
зорак
ніхто не перашкодзіць
гуляць думкам у галаве стомленай
пакуль золкі
світанак не прыйдзе;
кладзешся
на ложак
і разумееш, што ён цвёрды
і халодны
не можа
яго ніхто сагрэць
для цябе;
кладзешся
і выгляд
робіш, што спіш
а насамрэч сам сабе распавядаеш казку
пра гібель
сваіх мар.
Безліч планет
калісьці
я думала, што восем планет
рухаюцца па арбітах
выйсця
не шукаючы з кругазвароту
адвечнага
цяпер
я разумею
што планет значна больш
азірніся навокал
павер
і ты ў гэта
побач ходзяць людзі
і кожны з іх
планета
са сваёю фаўнай і флорай
са сваёю марай
і сваім Сонцам
што апета
акружана арбітай, па якой рухаецца
планета
на кожнай
у кожнай
выбітнае жыццё
якое дыхае трывожна
змагаючыся
за існаванне
дай сваёй планеце шанец
каб увесь
наш зямны свет
ператварыўся ў маленькую галактыку
ў якой нараджаецца
танец
сямі мільярдаў
планет-людзей.
Существуют строгие требования к местам для купания.