18 лiстапада 2009 года № 218 (26576)НАПРЫКАНЦЫБУКЕТ З ПАДТЭКСТАМ
Дзяўчына з кветкамi ў тралейбусе. Усмiхаецца кветкам. Цi таму, хто iх падарыў.
Упiваецца водарам. Цi тым, хто яго прынёс.
На яе глядзяць пасажыры. Хто з радасцю, хто з зайздрасцю. Хто шчыра любуецца,
хто зыркае цiшком. Дзяўчына з кветкамi — гэта загадкава, гэта незвычайна, гэта
цудоўна.
У наш час мала i рэдка хто дорыць кветкi. Практычныя лiчаць гэта бессэнсоўнай
тратай грошай, а рамантыкi — дарагiм задавальненнем.
— У вас сёння дзень нараджэння? — пытаюцца ў дзяўчыны ў тралейбусе.
— Не, з чаго вы ўзялi?
— Дык сёння ж не восьмага сакавiка.
Кветкi цяпер прынята дарыць толькi са стандартнай нагоды. У Мiжнародны жаночы
дзень вулiцы напаўняюць мужчыны з букетамi. Кветкамi вiншуюць усiх: калег, аднакласнiц,
мацi, жонак, дочак, цешчаў. І хоць бы адзiн падарыў кветачку назаўтра, не ў дзень
свята. Усё стандартна, прадказальна i запланавана.
— Значыць, у вас толькi што нарадзiлася каханне, — працягваецца размова ў тралейбусе.—
Гэты час так i завецца "цукеркава-букетны перыяд".
— Я ўжо два гады замужам, — дэманструе пярсцёнак дзяўчына з букетам.
— Дык што, дагэтуль кветкi дорыць? Цi здраджваеце мужу?!
Немаладая пасажырка, вiдаць, сама даўно атрымлiвала кветкi ў падарунак. Яна не
верыць у шчырасць намераў, не верыць, што букеты могуць падносiць не толькi каханым
i без нагоды.
— Я атрымала кветкi з кур'ерам, — здзiўляе сваiм расповедам дзяўчына. — Мой добры
сябра нечакана з'ехаў у Маскву i, здаецца, збiраецца там застацца. Мы даўно не
бачылiся, i вось кветкi — знак таго, што ў яго там усё добра. Iнтэрнэт цяпер дазваляе
i з Масквы ў Мiнску такiя паслугi заказаць. А для мяне гэтыя намаганнi яшчэ больш
каштоўныя.
Жанчына адступае, кiдае свой недавер i настальгiчна распавядае.
— Гэта цяпер можна што хочаш выдумаць, абы грошы былi. А ў маю маладосць — нi
грошай, нi магчымасцяў не было. Памятаю, бывала, нацярушыць Ванька валошак у жыце,
ды з рамонкамi як прынясе! Вой, любiла я палявыя кветкi! I руж тых не трэба. Абы
ад душы. Замуж я выходзiла з астрамi. Дачку першую нарадзiла ўвесну. Дык ён мне
ў раддом цэлае бярэмя цюльпанаў прынёс. Так i запомнiлiся самыя важныя моманты
жыцця па кветках. А пасля Ванька перастаў iх дарыць. Я немаладая ўжо, а так бы
прыемна было атрымаць...
— ... кактус у гаршку, — у размову ўклiньваецца малады чалавек, гадоў трыццацi
на выгляд. — Гэта я разумею: карысны падарунак. I дома паставiць можна, i не завяне,
i палiваць часта не трэба, i каштуе нядорага.
Абгрунтаваў думку. I паспрачацца складана. I пярэчыць цяжка. А глупства поўнае!
Мы, жанчыны, абавязкова чытаем падтэкст. Ва ўсiм. I ў кветках таксама. I калi
б мне падарылi кактус у гаршку, я прачытала б у гэтым: "Вось табе кветка, толькi
адчапiся. А не падабаецца, буду калоцца — я спецыяльна кактус выбраў". Ружы ў
мяне выклiкаюць такiя ж асацыяцыi. Не люблю каралеву кветак. Праўда, аднойчы малады
чалавек паўночы абламваў шыпы на ружах, каб паднесцi мне. Той букет крануў i запомнiўся
назаўсёды. I не важна, што я не люблю ружы. Каштоўная сама матывацыя.
Хлопец маёй сяброўкi нiколi не дарыў ёй кветак. I калi аднойчы ўбачыў зайздрослiвы
позiрк дзяўчыны, праходзячы ля кветкавай крамы, спытаў: "Ты хочаш, каб я дарыў
табе кветкi?" Пачуўшы радаснае "ага", хлопец стаў кансультавацца: якiя кветкi
ёй лепш дарыць, якога колеру, як запакаваныя. Дзiва, што не спытаў, на якую суму.
Атрымаўшы доўгачаканы букет, дзяўчына не атрымала задавальнення. "Я быццам сама
сабе яго купiла, — дзялiлася са мной сяброўка. — I не важна цяпер, што гэта мае
любiмыя кветкi". Ёй таксама каштоўная матывацыя.
Неяк на дзень нараджэння сябар падарыў мне букет бэзу. "Не раскашэлiўся", — прашаптала
знаёмая матэрыялiстка. А для мяне гэта быў самы лепшы падарунак. У Беларусi тады
яшчэ была ранняя халодная вясна. I толькi ў паўднёвым Брэсце пачалi квiтнець дрэвы.
Бэз быў спецыяльна прывезены з Брэста, каб у мяне раней пачалася вясна. Якая матывацыя!
Адна бiзнэс-лэдзi, спешчаная ўвагай прыхiльнiкаў i, безумоўна, самымi шыкоўнымi
букетамi, аднойчы расплакалася над кветачкамi, набытымi ў бабулькi ў пераходзе.
Ёй iх падарыў студэнт са словамi: "Пакуль я не магу дазволiць сабе большага. Але
выказваю сваё захапленне вамi. I я абавязкова дасягну вышынь. Таму што ў мяне
ёсць ваш прыклад працаздольнасцi i мэтанакiраванасцi". Яна зразумела i ацанiла
матывацыю.
...Дзяўчына з букетам у тралейбусе засумавала.
— Муж таксама даўно не дарыў мне кветкi. Вось я i вязу гэты букет дадому, каб
нагадаць яму, схамянуць яго памяць, растурбаваць успамiны.
— Растурбавалi i мае, — адгукнуўся пажылы мужчына. — Выйду раней. На гэтым прыпынку
кветкавая крама?
Таццяна САЛДАЦЕНКА. Фота аўтара. |