Учора ў Мiнску ў Цэнтральнай навуковай бiблiятэцы iмя Якуба Коласа Акадэмii навук
прайшоў першы дзень навуковай канферэнцыi "Мiленiум Лiтвы". Ну нарэшце беларусы
таксама ўголас выказалi сваё права звацца спадкаемцамi Вялiкага Княства Лiтоўскага
i Лiтвы ў шырокiм сэнсе слова!.. Рэч у тым, што калi сёння гавораць пра дату тысячагоддзя
Лiтвы, то многiя памылкова адносяць яе да цяперашняй дзяржавы Лiтва. Насамрэч
жа казаць выпадае, хутчэй, пра сам гiстарычны тапонiм.
— Тысячагоддзе адлiчваецца з 1009 года, — тлумачыць прафесар доктар гiстарычных
навук Анатоль Грыцкевiч, старшыня аргкамiтэта святкавання Мiлiнеуму Лiтвы.— Менавiта тады ў гэтак званым "Квэдэнбургскiм летапiсе" ўпершыню прагучала назва
"Лiтва". Вось тая фраза: "Святы Бруна, якога называюць Банiфацы, арцыбiскуп i
манах, у адзiнаццатым годзе свайго навяртання быў забiты паганцамi на памежжы
Русi i Лiтвы разам з васемнаццаццю паплечнiкамi ў сёмы дзень сакавiцкiх iдаў".
Гэта значыць, 9 сакавiка. Патлумачу: тое, што называецца "памежжам Русi i Лiтвы"
— гэта практычна наша Гродзенская вобласць, плюс яшчэ трошку на поўнач...
Канферэнцыя атрымалася прадстаўнiчая. Сярод выступоўцаў — дактары i кандыдаты
навук, прафесары, аўтарытэтныя даследчыкi, выкладчыкi беларускiх унiверсiтэтаў.
У перапынку я звярнуўся па каментарый да прафесара, доктара гiстарычных навук Алеся Краўцэвiча з Гродна.
— Гэтая канферэнцыя ў Мiнску — добры знак, спроба грамадскасцi акцэнтаваць ролю
гiстарычнай Лiтвы ў нашай гiсторыi, — пракаментаваў "Звяздзе" спадар Алесь. —
Напрыклад, у сённяшняй дзяржаве Лiтве гэта адбываецца на дзяржаўным узроўнi. Герб
канферэнцыi — Пагоня з пячаткi ХIV стагоддзя — вiсiць па ўсёй Вiльнi яшчэ ад зiмы...
— Грамадскi ўзровень арганiзацыi канферэнцыi не панiзiў яе статусу?
— Вельмi важна, што яна адбываецца ў акадэмiчнай бiблiятэцы — гэта ўжо пэўны
статус. Канферэнцыя атрымалася зборная. Тут сабралiся як прафесiйныя гiсторыкi,
так i тыя, для каго гiсторыя — любiмая справа. Не заўсёды супадаюць пункты гледжання...
Бо для прафесiйнага гiсторыка ў аснову мусiць класцiся крытыцызм, рацыяналiзм.
А для гiсторыка-аматара — "так было, бо я ў гэта веру". Таму на дыскусiях узнiкаюць
пэўныя цяжкасцi...
— Вам даводзiцца працаваць з калегамi з Лiтвы, Польшчы. Цi па- ранейшаму кожны
з iх цягне на сябе коўдру — "гэта наша польскае" i "гэта наша лiтоўскае"?
— Такая сiтуацыя iснуе ад ХIХ стагоддзя. Але якраз цяпер ёсць спробы гэтай коўдрай
накрыць усiх, выпрацаваць сумесныя погляды на мiнулае Вялiкага Княства Лiтоўскага.
Але гэтыя спробы паразумення не ахоплiваюць усе колы навукоўцаў i гiсторыкаў.
Ёсць яшчэ зацятыя патрыёты, ва ўсiх трох краiнах, для якiх ВКЛ — гэта выключна
Польшча, Лiтва цi Беларусь.
— I беларускiя гiсторыкi таксама сцвярджаюць, што ВКЛ — гэта Беларусь? Цi сцiпла
кажуць, што мы там былi адной нагой з краю?..
— Калi так вобразна параўноўваць, то мы таксама спрабуем цягнуць на сябе коўдру.
Але калi Лiтва нацягнула яе да падбароддзя, а Польшча яшчэ вышэй, то ў нас коўдра
дастае недзе да каленяў... Таму што ў нас у гэтым удзельнiчае некалькi навукоўцаў.
А ў Польшчы i Лiтве на гэта задзейнiчаны ўвесь дзяржаўны iдэалагiчны апарат.
— У сённяшняй Беларусi што мы можам прад'явiць iншым народам, каб даказаць, што
мы — паўнавартасныя чальцы ВКЛ?
— Гэта робiцца вельмi проста, але вельмi працяглы час. Спачатку трэба ўвесцi
канцэпцыю, якую нашы гiсторыкi распрацавалi, у сiстэму нацыянальнай адукацыi.
I ад пачатковай школы да ВНУ выкладаць нашу беларускую канцэпцыю. Непазбежна ў
гэтай сiстэме адукацыi выявяцца дзясяткi i сотнi маладых актыўных здольных навукоўцаў,
якiя ўсяму свету дакажуць, што мы — гэта мы. Напрыклад, Лiтва выпускае некалькi
англамоўных часопiсаў па гiсторыi, каб прапагандаваць свае погляды. У нас жа акадэмiчны
Iнстытут гiсторыi не мае нiводнага перыядычнага выдання...
— Вы кажаце пра глабальную канцэпцыю выхавання гiстарычнай памяцi. А вось, скажам,
прыязджае да нас замежнiк. Узбройце чытача "Звязды" бясспрэчнымi доказамi нашай
ролi ў Вялiкiм Княстве.
— Вельмi проста. Каб даказаць, што герб ВКЛ "Пагоня" — гэта наш герб, дастаткова
даць мапу Вялiкага Княства i нанесцi на яе гербы ваяводстваў. Мы адразу бачым,
што "Пагоня" канцэнтруецца на землях Беларусi. У Жамойцi — мядзведзь, ва Украiне
— iншыя гербы... Потым даць Статут ВКЛ. I паказаць, на якой мове ён напiсаны!
Многiя пытаннi адразу знiкнуць.
Сёння, у другi дзень канферэнцыi, запланаванае цiкавае падарожжа. На думку намеснiка
старшынi аргкамiтэта мастака Мiколы Купавы, яно павiнна канчаткова пераканаць
удзельнiкаў, дзе была тая Лiтва.
— Паедзем на землi легендарнай Лiтвы — у вёску Лiтва Маладзечанскага раёна, Лiтву
пад Рубяжэвiчамi, Лiтоўку, Лiтву пад Ляхавiчамi, спынiмся ў Мiры i першай сталiцы
ВКЛ Навагрудку... — кажа Мiкола Купава. — Увогуле канферэнцыя адбываецца на вельмi
высокiм узроўнi, даклады грунтоўныя i пераканаўчыя. Цешуся, што нарэшце i мы нагадалi
суседзям пра нашу ролю ў супольнай гiсторыi...
Сапраўды, арганiзатары пастаралiся, каб на канферэнцыi прагучалi рознапланавыя
выступленнi, якiя асвятляюць усе бакi iснавання старажытнай Лiтвы. I гэта атрымалася.
Тут — i пра паходжанне тапонiма "Лiтва", i пра ролю святога Бруна ў хрысцiянiзацыi
Лiтвы, i пра ўтварэнне ВКЛ, i пра мастацтва, i пра лiтаратуру, i пра мову... Ведаеце, я зрабiў бы такую канферэнцыю перасоўнай — i адправiў бы ў турнэ па
ўнiверсiтэтах краiны. Праслухаўшы яе, кожны студэнт знойдзе што адказаць тым,
хто замоцна цягне на сябе коўдру.
Глеб ЛАБАДЗЕНКА.
Фота аўтара.