Вы тут

Прэзідэнцкія выбары пройдуць у Беларусі 9 жніўня


Рашэнне пра дату выбараў — 9 жніўня — прынялі сёння на пазачарговым пасяджэнні другой сесіі Палаты Прадстаўнікоў.


Старшыня Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына прапанавала дэпутатам разгледзець магчымасць правядзення выбараў 9 жніўня, аргументуючы, што такім чынам другі тур можна будзе правесці ў тэрміны, абазначаныя Канстытуцыяй, і мець магчымасць падрыхтаваць школы да новага навучальнага года. Такім чынам, перадвыбарная кампанія стартуе заўтра — 9 мая.

«Сёлета 6 лістапада заканчваецца тэрмін паўнамоцтваў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, — сказала Лідзія Ярмошына. — У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь праводзяцца не пазней за два месяцы да заканчэння тэрміна паўнамоцтваў і абавязкова ў нядзелю. Гэта патрабаванне закону. Апошні магчымы дзень правядзення выбараў, паколькі 6 лістапада заканчваецца тэрмін паўнамоцтваў, — 5 верасня, гэта субота. Таму магчымая нядзеля для правядзення выбараў сёлета — гэта 30 жніўня бягучага года».

Старшыня ЦВК заўважыла, што дэпутаты могуць прызначыць выбары на любую нядзелю жніўня: 9, 16, 23 і 30.

«Выбары Прэзідэнта — гэта адзіныя выбары, якія могуць і праводзяцца ў два туры, калі ў першым туры ніводны з кандыдатаў не набраў абсалютнай большасці галасоў выбаршчыкаў, гэта значыць, больш за 50 працэнтаў, па такіх жа правілах праводзіцца і другі тур выбараў, тут няма ніякіх патуранняў, — патлумачыла Лідзія Ярмошына. — Таму другі тур гіпатэтычна заўсёды магчымы, і грошы ў бюджэце расходаў на выбары заўсёды закладаюцца на правядзенне двух тураў. Перанясенне выбараў на апошнюю магчымую нядзелю можа выклікаць папрокі ў тым, што ўлады з самага пачатку плануюць правядзенне выбараў у адным туры і нават не прадугледжваюць магчымасць правядзення галасавання праз два тыдні. Бо праз два тыдні — гэта ўжо выхад за тэрміны, агавораныя Канстытуцыяй».

Падобная сітуацыя (выбары ў апошнюю магчымую нядзелю) ужо была, і гэта сапраўды выклікала крытыку ў адрас Палаты прадстаўнікоў, нагадала старшыня ЦВК.

Правядзенне выбараў 23 жніўня таксама не дазволіць правесці другі тур у абазначаныя Канстытуцыяй тэрміны.

«Акрамя гэтага, давайце не будзем забываць, што 30 жніўня — апошні дзень канікул, і вядома, што выбары ў нас праходзяць у асноўным у школах, і гэта можа адмоўна адбіцца на падрыхтоўцы ўсіх урачыстасцяў, якія ў нас праводзяцца ў Дзень ведаў. Я ўжо не кажу аб праблемах, якія ўзнікаюць сёлета ў сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй, — дадала Лідзія Ярмошына. — Усё ж такі пасля выбараў школы прыйдзецца апрацоўваць».

Правядзенне першага тура 16 жніўня дазваляе ўкласціся ў канстытуцыйныя рамкі па тэрмінах, але не здымае праблему падрыхтоўкі школ да 1 верасня, дадала Лідзія Ярмошына.

«Таму палітычнае кіраўніцтва краіны правяло адпаведныя кансультацыі і са мной, і з Уладзімірам Паўлавічам (Андрэйчанкам — „Зв.“), старшынёй Палаты прадстаўнікоў, і ў прынцыпе была выпрацавана адзінае меркаванне аб правядзенні выбараў 9 жніўня», — падсумавала старшыня ЦВК.

Акрамя таго, гэта дата сімвалічная, бо ў Дзень Вялікай Перамогі 9 мая пачынаецца галоўная выбарчая кампанія для краіны, лічыць Ярмошына.

Ярмошына: Гэта выбарчая кампанія будзе праходзіць цалкам у асаблівых умовах

Лідзія Ярмошына звярнула ўвагу, што ўпершыню выбары будуць праходзіць ва ўмовах складанай эпідэміялагічнай абстаноўкі.

Яна адзначыла, што ўпершыню Цэнтральная выбарчая камісія правядзе пасяджэнне ў закрытым рэжыме. «Мы ў рэжыме анлайн выйдзем на свой сайт, гэта значыць, будзе транслявацца пасяджэнне Цэнтральнай камісіі, але ні назіральнікі, ні сродкі масавай інфармацыі, ніхто, акрамя членаў Цэнтральнай камісіі і супрацоўнікаў Апарату, якія задзейнічаныя ў гэтым, прысутнічаць на пасяджэнні не будуць,— расказала кіраўнік ЦВК. — Акрамя таго, будзем рэкамендаваць трымацца падобнага рэжыму ў першы час і ўсім тым, хто задзейнічаны ў выбарчай кампаніі. Напрыклад, у сваім праекце пастановы аб парадку збору подпісаў закладаем норму пра тое, што зборшчыкі подпісаў абавязкова павінны быць забяспечаны сродкамі індывідуальнай аховы».

Пасяджэнні абласных, раённых, гарадскіх выканаўчых камітэтаў і адпаведных Саветаў, дзе будуць утварацца тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі, таксама павінны праходзіць без запрашэння назіральнікаў, прадстаўнікоў палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў і грамадзян, якія вылучылі свае кандыдатуры, дадала Лідзія Ярмошына. Пры гэтым адпаведныя выканаўчыя органы павінны на сваіх старонках у інтэрнэце выкладваць запіс гэтых пасяджэнняў, каб усе зацікаўленыя асобы змаглі паглядзець і прааналізаваць іх ход.

Назіральнікі таксама павінны будуць выконваць рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя Беларусі па сацыяльным дыстанцыяванні і па забяспечанасці сродкамі індывідуальнай аховы.

«Мы яшчэ не ведаем, ці будуць у нас міжнародныя назіральнікі. З гэтай нагоды яшчэ трэба выпрацоўваць асобную палітычную пазіцыю разам з кіраўніком дзяржавы, — заўважыла старшыня ЦВК. — Гэта выбарчая кампанія будзе праходзіць цалкам у асаблівых умовах і вельмі рэзка адрознівацца ў гэтым плане ад тых кампаній па выбарах Прэзідэнта, якія праходзілі раней».

Адзіная дзяржава, якая правяла буйныя выбары падчас пандэміі, — Паўднёвая Карэя. Па словах старшыні ЦВК, 15 красавіка там адбыліся парламенцкія выбары «пры вельмі высокай яўцы выбаршчыкаў — на 23 працэнты больш, чым звычайна».

«Нядаўна адбылася анлайн-канферэнцыя арганізатараў выбараў краін Еўропы, дзе выступалі прадстаўнікі Паўднёвай Карэі і расказвалі пра гэта, — паведаміла Лідзія Ярмошына. — Калі мы спыталі, колькі каштавалі сродкі аховы (краіна па колькасці выбаршчыкаў у пяць разоў больш за Беларусь), яны сказалі пра 20 мільёнаў долараў. Адразу магу сказаць — гэта вельмі вялікая сума, і тут прыйдзецца забяспечваць сябе самастойна альбо самім грамадзянам, якія будуць працаваць у камісіях, альбо тым арганізацыям, якія будуць прымаць у сябе выбарчыя камісіі. Спадзяюся, што ў жніўні гэта можа і не спатрэбіцца».

Лідзія Ярмошына нагадала таксама, што 10 мая павінны былі праходзіць выбары Прэзідэнта Польшчы. Але днямі было прынятае рашэнне аб адмене гэтай выбарчай кампаніі.

«Працэдура была падвергнутая настолькі рэзкай крытыцы як з боку апазіцыі, так і з боку АБСЕ (там прадугледжвалася галасаванне толькі па пошце, і выбарчыя камісіі ўвогуле выводзіліся з працэсу), што яны выбары адклалі. Адразу магу сказаць, што гэта рашэнне супярэчыць Канстытуцыі Польшчы, бо ў іх, як і ў нас, выбары пераносіць нельга. Толькі ў сувязі з аб’яўленнем надзвычайнага становішча альбо, вядома, ваеннага становішча, — праінфармавала старшыня ЦВК. — Спадзяюся, мы ніколі да гэтага не дажывём».

На правядзенне двух тураў прэзідэнцкіх выбараў у бюджэце закладзена сума ў памеры 36 млн рублёў

Сёлетняя выбарчая кампанія ў нацыянальнай валюце будзе каштаваць больш, чым папярэдняя, паведаміла старшыня ЦВК, але ў доларавым эквіваленце — менш.

На 2020 год у бюджэце закладзена сума на два туры выбараў — 36 мільёнаў беларускіх рублёў. З улікам курсу долара на дадзены момант — гэта 14 мільёнаў 775 тысяч долараў. У 2015 годзе сума на выбары складала каля 17 мільёнаў долараў (26 мільёнаў рублёў). На першы тур выбараў запланаваная сума сёлета — 25 мільёнаў (10 мільёнаў 214 тысяч долараў), на другі тур — 11 мільёнаў рублёў (4 мільёны 561 тысяча долараў).

«Калі другі тур не будзе праводзіцца, гэтыя грошы Мінфінам не пералічваюцца Цэнтральнай выбарчай камісіі, застаюцца ў бюджэце і ідуць на патрэбы ўсёй дзяржавы ў цэлым», — расказала Лідзія Ярмошына.

Матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне выбараў складзе толькі 15,8 працэнта ад ўсяго каштарыса расходаў (5 мільёнаў 711 тысяч рублёў). Размова пра выраб бюлетэняў, усёй друкаванай прадукцыі і сродкі на арганізацыю дзейнасці ўчастковых выбарчых камісій.

«Заробкі — гэта нашы самыя вялікія выдаткі. Яны складаюць 81,5 працэнта ад усяго бюджэту выбараў (29 мільёнаў 546 тысяч рублёў на два туры). Ну і камандзіроўкі прадугледжаныя — гэта 982 тысячы рублёў, гэта паездкі на семінары, дастаўка выніковых пратаколаў», — праінфармавала дэпутатаў старшыня ЦВК. 

За адзін дзень работы член участковай выбарчай камісіі заробіць 90 рублёў (без уліку падаходнага падатку 13 %), на рукі ён атрымае 78 рублёў 30 капеек. Гэта на 1 долар болей, чым у 2015 годзе, заўважыла Лідзія Ярмошына, і, па яе словах, супастаўна з еўрапейскімі заробкамі членаў участковых камісій, напрыклад, у Латвіі яны атрымліваюць каля 30 еўра за дзень работы.

Агульная запланаваная колькасць участковых камісій — 5 845 (з іх 50 — за мяжой). Канчаткова іх колькасць стане вядомай, калі за 60 дзён да выбараў будуць утвораныя ўчасткі для галасавання.

Колькасны склад участковых камісій будзе павялічаны ў параўнанні з парламенцкімі выбарамі. У Мінску прадугледжана фінансаванне на 16 членаў участковых выбарчых камісій, па ўсіх астатніх рэгіёнах — на 15.

Заробак вызваленага старшыні ўчастковай камісіі за 30 дзён складзе за мінусам падаходнага падатку 939 рублёў (поўная стаўка). Пяць гадоў таму заробак старшынь складаў 689 рублёў.

Пасля прыняцця дэпутатамі рашэння аб правядзенні выбараў 9 жніўня перадвыбарчая кампанія пачынаецца вельмі інтэнсіўна. Ужо праз тыдзень, 15 мая — апошні тэрмін падачы заяў патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. Збор подпісаў пачнецца 21 мая і завершыцца 19 чэрвеня.


Аргументы ў падтрымку даты правядзення прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня прывялі дэпутаты

Профільная камісія, якая прадстаўляла заяву старшыні ЦВК калегам, пагадзілася з тым, што 9 жніўня — аптымальная дата для галасавання.

«Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца выключна важнай палітычнай падзеяй у жыцці нашай краіны, якая вызначае якасць і кірунак сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы на найбліжэйшыя пяць гадоў, — сказаў старшыня Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Валянцін Семяняка. — Таму пры вызначэнні даты выбараў мы зыходзілі з таго, каб у межах часовага інтэрвалу, які прадугледжаны Асноўным законам, правесці ў поўнай адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам выбарчую кампанію максімальна ў зручны для рэалізацыі ўсіх электаральных этапаў і працэдур час, а таксама забяспечыць максімальны ўдзел грамадзян у выбарах».

Некалькі дэпутатаў выступілі, каб давесці свае аргументы ў падтрымку гэтай даты.

«Дата павінна так упісацца ў рытм нашага жыцця, каб, з аднаго боку, дазволіць правесці паўнавартасную выбарчую кампанію і даць магчымасць прыняць узважанае рашэнне кожнаму грамадзяніну, а з іншага боку — забяспечыць паўнавартаснае, нармальнае паўсядзённае жыццё грамадства, з улікам сезона і функцыянавання інстытутаў дзяржаўнай улады ў гэты перыяд, — дадала старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Святлана Любецкая. — Як юрыст і старшыня Камісіі лічу, што дата 9 жніўня адпавядае нормам Канстытуцыі і выбарчага заканадаўства... Гэта дата апраўданая і з пункту гледжання найбольш зручнага часу для выбаршчыкаў. Як выкладчык і як маці ведаю, што другая палова жніўня — традыцыйны час вяртання дашкалят у дзіцячыя садкі, актыўная падрыхтоўка школьнікаў да новага навучальнага года, час прыезду студэнтаў да месца навучання, час, калі вырашаецца маса пытанняў, у тым ліку засялення ў інтэрнаты, і цэлы шэраг іншых момантаў, якія маюць значэнне на ўвесь наступны год у жыцці кожнай сям’і. Таму прызначэнне выбараў менавіта на 9 жніўня, на мой погляд, дазволіць правесці паўнавартасную выбарчую кампанію, дасць магчымасць выбаршчыкам прыняць узважанае рашэнне, а потым засяродзіцца на сваіх побытавых, але вельмі важных пытаннях».

Вольга Мядзведзева

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.