Кім быць? Знайсці адказ на гэта складанае пытанне патэнцыйным абітурыентам дапаможа 15-я міжнародная спецыялізаваная выстаўка «Адукацыя і кар'ера», якая пройдзе ў сталічным Палацы спорту (праспект Пераможцаў, 4) з 16 па 18 лютага. Паралельна з ёй пад адным дахам будзе праходзіць і выстаўка «Адукацыйнае асяроддзе і вучэбныя тэхналогіі». Наведаць за пару гадзін мноства ВНУ, каледжаў, ліцэяў і гімназій, азнаёміцца з ІТ-тэхналогіямі навучання і навейшым вучэбным абсталяваннем — калі яшчэ такое магчыма?
Выставачны праект аб'яднае каля 120 экспанентаў з 11 краін свету. Гэта вядучыя ВНУ, каледжы, ліцэі, універсітэты Беларусі, Расіі, Літвы, Украіны, Латвіі і Польшчы, а таксама адукацыйныя ўстановы Кіпра, Чэхіі, Германіі, Ізраіля. Упершыню ўдзел у выстаўцы возьме адна з найбольш прэстыжных расійскіх ВНУ — Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін.
Да выстаўкі далучыліся таксама інстытуты паслядыпломнай і дадатковай адукацыі, турыстычныя фірмы, якія працуюць у сферы адукацыйнага турызму, моўныя курсы, а таксама кампаніі, якія вырабляюць і пастаўляюць абсталяванне для навучальных устаноў.
На працягу трох дзён на выставачных пляцоўках будуць аказваць прафарыентацыйныя кансультацыі, расказваць пра новыя адукацыйныя тэхналогіі, якія могуць павысіць якасць навучання і яго даступнасць, праводзіць майстар-класы для педагогаў. Для бацькоў карысным будзе наведванне стэнда кансультацыйнага цэнтра камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама «Прастора магчымасцяў».
Асаблівасці цікавых прафесій і найноўшых тэхналогій будуць прадэманстраваны падчас цэлай серыі прэзентацый прафесійных каледжаў і ліцэяў, якія адбудуцца на інтэрактыўнай пляцоўцы «Клічу ў сваю прафесію». Наглядныя і змястоўныя экспазіцыі прадставяць Мінскі дзяржаўны медыцынскі каледж, Мінскі механіка-тэхналагічны прафесійна-тэхнічны каледж, Мінскі каледж сферы абслугоўвання, Мінскі дзяржаўны політэхнічны каледж — філіял БНТУ і іншыя.
Таксама ў рамках выстаўкі «Адукацыя і кар'ера» пройдзе ІV Адкрытая міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Дарожная карта інфарматызацыі: ад мэты да выніку».
Час работы выстаўкі: 16 і 17 лютага з 10 да 18 гадзін, 18 лютага — да 15 гадзін.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] mailto:nіkalaeva@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/adukacyya-i-karera
[6] https://zviazda.by/be/tags/vystauka
[7] https://zviazda.by/be/tags/abituryenty