«Мая любоў — цытахром Р450, вывучэнню якога прысвечана большая частка жыцця. А ўвогуле, пасля 45 гадоў працы ў сферы біяарганічнай хіміі, я магу з упэўненасцю сцвярджаць, што, з хімічнага пункту погляду, жыццё чалавека — вельмі простая рэч. Гэта сукупнасць мноства хімічных рэакцый, якія адначасова працякаюць у часе і прасторы», — такую нечаканую заяву пачулі ад члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук, доктара хімічных навук, прафесара Сяргея УСАНАВА ўдзельнікі «Сустрэчы пакаленняў вучоных», якая прайшла ў галоўным храме навукі. Арганізатарамі маштабнага мерапрыемства выступілі НАН Беларусі і Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне «Белая Русь». На сустрэчу з вядучымі даследчыкамі, акадэмікамі, членамі-карэспандэнтамі акадэміі былі запрошаны больш за чатыры сотні студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў, якія праяўляюць цікаўнасць да навуковай дзейнасці. Падчас своеасаблівай «прома-акцыі» акадэмічнай навукі масцітыя вучоныя расказвалі моладзі пра свой шлях у навуку, пра тое, над чым яны сёння шчыруюць у даследчых лабараторыях, давалі парады, як дабіцца поспехаў у навуковай сферы і знайсці сваё «месца пад сонцам». Ва ўсіх ахвотных была таксама магчымасць наведаць вядучыя навукова-практычныя цэнтры і акадэмічныя інстытуты.
Вучоны — «штучны тавар»
Старшыня прэзідыума НАН Беларусі, акадэмік Уладзімір ГУСАКОЎ прызнаўся, што ў студэнцкія гады пра навуковую кар'еру нават не марыў. І толькі прыйшоўшы на вытворчасць зразумеў, што трэба працягваць распачатыя падчас студэнцтва навуковыя пошукі. Таму паступіў спачатку ў завочную аспірантуру, а потым працягваў вучобу ўжо вочна.
— У тыя часы спецыяльна ў навуку нікога не запрашалі, але паток з ахвотных рэалізоўваць сябе ў гэтай сферы не спыняўся, — усміхаецца Уладзімір Гусакоў. — Калі б мне сёння прыйшлося пераконваць маладога чалавека зрабіць свой выбар на карысць навукі, то я, напэўна, сказаў бы яму, што толькі навука стварае неабмежаваныя магчымасці для раскрыцця здольнасцяў і таленту. Сёння трэцяя частка навукоўцаў у акадэміі — гэта моладзь: кампетэнтная, таленавітая, перспектыўная, на якую мы робім стаўку. Штогод у Нацыянальную акадэмію навук уліваецца каля 350 маладых спецыялістаў. Дэфіцыту кадраў у нас няма, задача амаладжэння выконваецца. Да таго ж я ўпэўнены, што масавасць у навуцы зусім непатрэбная. Вучоны — гэта «штучны тавар», і толькі адзінкі могуць быць генератарамі ідэй, таму ў навуку павінны прыходзіць яркія асобы...
Уладзімір Гусакоў расказаў гасцям, што ў хуткім часе свет зменяць 10 прарыўных тэхналогій — воблачныя тэхналогіі, уключаючы мабільны інтэрнэт і інтэрнэт «рэчаў», аўтаматызацыя інтэлектуальнай працы, электронная робататэхніка, самакіравальныя тэхнічныя комплексы (аўтамабілі), даследаванні ў галіне геномікі (чалавека, жывёл і раслін), найноўшыя магутныя накапляльнікі энергіі, трохмерны друк і кампазіцыйныя нанаматэрыялы. Па ўсіх гэтых кірунках паглыблена працуе і беларуская навука, і нашы вынікі прызнаюцца вядучымі сусветнымі цэнтрамі.
Героі свайго часу
Старшыня рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь» Аляксандр РАДЗЬКОЎ падкрэсліў, што многія вучоныя зрабілі свае адкрыцці ў зусім «юныя гады». Як, напрыклад, нарвежскі матэматык Нільс Хенрык Абель, які памёр ва ўзросце 26 гадоў. Усе яго адкрыцці намнога апераджалі ўзровень навукі першай паловы ХІХ стагоддзя. Працы вучонага, дасланыя ў Парыжскую акадэмію навук і перададзеныя знакамітаму французскаму матэматыку Кашы, былі згублены. На ліст выдатнаму нямецкаму матэматыку Гаўсу адказу не было. У выніку Нільса Абеля, які здзейсніў пераварот у навуцы, звялі ў магілу цяжкая хвароба і жабрацкае існаванне. А ў ХХІ стагоддзі нарвежскім урадам была заснаваная Абелеўская прэмія, якую паспелі ахрысціць «матэматычнай Нобелеўскай прэміяй» — сёння гэта адна з самых прэстыжных узнагарод у матэматыцы. Яе пераможцаў вызначае Міжнародны матэматычны саюз і Еўрапейскае матэматычнае таварыства.
Яшчэ адзін не менш красамоўны прыклад — жыццё французскага матэматыка Эварыста Галуа, забітага на дуэлі ў 20-гадовым узросце. Ён загінуў раней, чым паспеў стаць вядомым у навуковых колах. Усяго за чатыры гады захаплення матэматыкай Галуа зрабіў адкрыцці, якія ставяць яго на адзін узровень з найбуйнейшымі матэматыкамі ХІХ стагоддзя. Фактычна заклаў асновы сучаснай алгебры, але прызнанне прыйшло да Галуа толькі праз 40 гадоў пасля яго смерці...
Праўда, і вялікія таксама памыляюцца. Пра гэта моладзі расказаў аўтар больш чым 420 навуковых работ акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук, доктар геаграфічных навук, прафесар Уладзімір ЛОГІНАЎ:
— Кароль віктарыянскай фізікі лорд Кельвін настойваў на тым, што сонечная актыўнасць не мае ніякага дачынення ні да палярнага ззяння, ні да магнітных бур на Зямлі. А знакаміты савецкі акадэмік Андрэй Монін (геафізік, акеанолаг і матэматык) яшчэ ў 70—80-я гады ХХ стагоддзя быў упэўнены ў тым, што «сувязь паміж сонечнымі цыкламі і надвор'ем на Зямлі — толькі ўдалыя вопыты па самаўнушэнні». Але сёння гэта ўжо ні ў кога не выклікае сумненняў.
Прагнозы кліматолага
Міні-лекцыю вядомага кліматолага пра прычыны змянення клімату на Зямлі і тое, як надвор'е паўплывала на ход гісторыі, студэнты і аспіранты праслухалі з захапленнем.
— Не варта думаць, што мы сёння жывём у нейкім унікальным перыядзе і пацяпленне, якое назіраем, першае ў гісторыі, — адразу паспрабаваў разбурыць распаўсюджаны стэрэатып Уладзімір Логінаў. — Нават у Пушкіна ў рамане «Яўген Анегін» ёсць такія радкі: «В тот год осенняя погода / Стояла долго на дворе / Зимы ждала, ждала природа / Снег выпал только в январе». Гэта мастацкі доказ таго, што і раней былі такія ж цёплыя зімы, як цяпер.
Акадэмік сцвярджае, што 2015—2016 гады не сталі б самымі гарачымі ў найноўшай гісторыі, калі б не магутнае Эль-Ніньё — пацяпленне на некалькі градусаў у Ціхім акіяне. А паколькі цеплаёмістасць акіяна ў тысячу разоў большая за цеплаёмістасць паветра, гэтыя некалькі градусаў вады моцна награваюць атмасферу, прыводзячы да ўсплеску тэмператур.
— Мой прагноз на тры найбліжэйшыя гады? Глабальная тэмпература панізіцца, таму што Эль-Ніньё — прыродная з'ява, якая паўтараецца праз 3—5 гадоў. Тады наступіць эпоха Ла-Нінья — тэмпература ў акіяне пачне зніжацца, і глабальная тэмпература пойдзе ўслед за ёй. Калі я маю рацыю, то тэмпература да 2019—2020 года (усё залежыць ад магутнасці і працягласці Эль-Ніньё) зменшыцца на 0,1—0,2 градуса ў параўнанні з 2014—2016 гадамі. Тэмпературная анамалія ў Беларусі тры апошнія гады была самая высокая. У наступныя тры гады тэмпература ў нашай краіне будзе ў сярэднім на адзін градус ніжэйшая, чым у 2014—2016 гадах. Ці маю я рацыю, вы хутка самі зможаце праверыць, — смела прапанаваў Уладзімір Логінаў.
Не месца для зайздрасці
І ўсё ж такі, як быць тым маладым людзям, якія пакуль яшчэ вагаюцца, куды ім ісці: на вытворчасць, у бізнес ці ўсё ж такі ў навуку?
— Гэты шлях вельмі складаны. І грошай вялікіх вы тут не заробіце, — шчыра папярэдзіў маладых людзей акадэмік, дырэктар Інстытута хіміі новых матэрыялаў НАН Беларусі, доктар хімічных навук, прафесар Уладзімір АГАБЕКАЎ: — Не менш важна мець надзейны тыл. Мая жонка ахвяравала сваёй кар'ерай дзеля таго, каб я займаўся навукай. Толькі ўявіце сабе сітуацыю: вы будзеце гарэць навукай, а ваша абранніца будзе казаць вам штодня: «Ідзі зарабляй грошы». Навука не церпіць мітусні, тут нельга разлічваць на імгненны эфект, як у песні «Мы хотим сегодня, мы хотим сейчас». Гэта вялікая праца, але праца — удзячная. У навуцы ўсё трэба рабіць грунтоўна. На мой погляд, не трэба баяцца змяняць тэматыку і навуковую школу. Навука — гэта вялікая супольнасць, і тут няма месца зайздрасці, вы павінны паважаць сваіх калег, спаборнічаць з імі, але не зайздросціць...
Сучасная навука — гэта камандная гульня. Таму вучыцца рабоце ў камандзе трэба яшчэ ў магістратуры. Яе дзейнасць трэба перабудоўваць. Няхай яшчэ на гэтай ступені вышэйшай школы ў адным калектыве збіраюць хімікаў, матэматыкаў, праграмістаў, інжынераў-тэхнолагаў... Бо ўсе задачы сёння вырашаюць не адзіночкі, а мультыпрофільныя каманды спецыялістаў.
Трамплін для росту
— Якія фактары вызначаюць поспехі ў навуцы? Першае — гэта інтарэс. Калі вам нецікава займацца навукай, нецікава штосьці даследаваць, то ніякія замежныя паездкі і іншыя даброты не прывядуць вас да поспеху, — упэўнены акадэмік, заслужаны энергетык Рэспублікі Беларусь Аляксандр МІХАЛЕВІЧ. — Другое — гэта няўдачы. Як ні дзіўна, але мой асабісты досвед даказвае, што менавіта яны вельмі моцна спрыяюць прафесійнаму росту і вырашэнню праблем. Калі ў вас усё добра складваецца з самага пачатку, рыхтуйцеся да падвоху. А калі сутыкнуліся з няўдачай, то шукайце яе прычыны: рашэнне можа знаходзіцца зусім не ў тым месцы, дзе вы шукаеце. Разгадка можа хавацца ў тых дробязях, на якія ты не звяртаеш увагу. Дробязяў у навуцы ўвогуле не бывае...
Трэцяе — гэта баланс. Для таго, каб займацца навукай, безумоўна, трэба ведаць сітуацыю ў сваёй навуковай вобласці: над чым працуюць твае калегі, якіх яны дасягнулі поспехаў. Але асабіста я для сябе вылучаю перыяды, калі не чытаю ніякую літаратуру, а засяроджваюся толькі на ўласнай рабоце. Пры гэтым ведаю людзей, якія вельмі шмат увагі надаюць літаратурнаму агляду, яны заўсёды ў курсе ўсіх апошніх падзей, але іх справа наперад не рушыцца. Таму я і выступаю за разумны баланс.
Член-карэспандэнт НАН Беларусі, дырэктар Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі, генеральны дырэктар дзяржаўнага навукова-вытворчага аб'яднання «Хімічны сінтэз і біятэхналогіі», доктар біялагічных навук Эмілія КАЛАМІЕЦ канстатуе:
— Шлях у навуку ва ўсіх розны. Здараецца, што ты і не марыў, і не планаваў, а аказаўся ў самым эпіцэнтры. Я закончыла політэхнічны інстытут, і біялогія ў маім рэйтынгу школьных дысцыплін займала апошнія месцы. Але ў выніку мае веды аказаліся запатрабаванымі ў мікрабіялогіі. Менавіта тут я змагла рэалізаваць усё, што я ведала, у мяне з'явілася магчымасць кіраваць магутнай сілай. Тым, хто сёння шукае адказы на свае пытанні, я скажу, што калі ты ў школе бяжыш пасля ўрокаў дамоў, каб рашыць цяжкую задачку, то гэта першы крок у навуку. Калі ты, будучы студэнтам, закрыў канспект і думаеш пра тое, што трэба яшчэ пашукаць дадатковую літаратуру, то гэта другі крок. Галоўнае зразумець, што навукай трэба жыць паўсюдна: і дома, і ў гасцях, і на дачы, і ў водпуску. Проста прасядзець ад званка да званка тут не атрымаецца... У мяне была супрацоўніца, якая з адной лічбы развівала мноства ідэй. Але ёсць і такія маладыя супрацоўнікі, якія атрымаюць патрэбную лічбу, а далей іх ужо нічога не цікавіць..
Старшыня Савета маладых навукоўцаў аддзялення хіміі і навук аб Зямлі, кандыдат хімічных навук Таццяна ПЛІСКО таксама лічыць, што навука — гэта асаблівы лад жыцця. Прычым у сучасных рэаліях вучоны павінен не толькі генерыраваць ідэі, але і ўмець арганізаваць навуковае даследаванне, сфарміраваць навуковую групу, падумаць, каму могуць быць цікавыя вынікі гэтага даследавання. Вось толькі ў нашых універсітэтах гэтаму не вучаць. На сустрэчы Таццяна прэзентавала новы праект «Вучоны пад ключ» — пяцідзённую школу для аспірантаў, магістрантаў і таленавітых маладых навукоўцаў, дзе іх будуць вучыць усяму: ад падрыхтоўкі навуковых публікацый, прэзентацый, праектаў і дысертацый «пад ключ» да знаёмства з вопытам паспяховай прадпрымальніцкай дзейнасці ў навуцы. Але гэта ўжо асобная тэма для размовы...
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/navuka
[4] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[5] mailto:nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу
[6] https://zviazda.by/be/tags/navukoucy
[7] https://zviazda.by/be/tags/zarablyac-navukay
[8] https://zviazda.by/be/tags/chyrvonaya-zmena-0
[9] https://zviazda.by/be/tags/god-navuki