Мінскі аўтазавод выпусціў звышпраходны аўтобус для сельскіх школ, які здольны свабодна перамяшчацца ў складаных дарожных умовах і пераадольваць перашкоды ў выглядзе пяскоў, лужын і гурбаў.
Па інфармацыі ААТ «МАЗ», ён першапачаткова распрацоўваўся менавіта для сельскай мясцовасці. У адрозненне ад стандартных школьных аўтобусаў, створаных на аснове існуючых мадэляў, MАЗ-257.S30 праектавалі з «чыстага ліста». Новы спецаўтобус выйшаў больш магутным і спрытнейшым за серыйных сабратаў. Ён атрымаў рамнае шасі ад сярэднетанажнага грузавіка. Высокі клірэнс і рэсорная падвеска дазваляюць свабодна ездзіць па грунтавых дарогах. Школьны спецаўтобус абсталяваны сучасным рухавіком экалагічнага класа Еўра-5. У ім убудаваная сістэма абмежаванні хуткасці. Спецаўтобус таксама атрымаў падоўжаны салон на 28 пасажыраў. Унутраная прастора падзелена на месцы для настаўнікаў і школьнікаў, прычым сядзенні для дзяцей аснашчаны чатырохкропкавымі рамянямі бяспекі. Над крэсламі арганізаваны багажныя паліцы для школьных заплечнікаў, а для першаклашак прадугледжана высоўная дадатковая прыступка. Інжынеры ўсталявалі ў аўтобусе мультымедыйныя сістэмы. Транспартны сродак паспяхова прайшоў выпрабаванні. Тэсты паказалі, што мадэль адпавядае ўсім патрабаванням бяспекі, якія прынятыя ў краінах СНД і Еўропы.
Першыя аўтобусы з'явяцца на сельскіх дарогах сёлета восенню. Усяго будзе выпушчана больш за 300 такіх транспартных сродкаў. Іх таксама плануецца пастаўляць на рынкі краін ЕАЭС.
Сяргей РАСОЛЬКА
rs@zviazda.by [3]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rasolka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:rs@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/maz
[5] https://zviazda.by/be/tags/shkolny-autobus