У Ветцы затрымалі паляўнічых-нелегалаў, якія даўно былі на падазрэнні ў праваахоўнікаў.
Каб злавіць арганізаваную групу з доказамі злачынства, дзяржінспектары Гомельскай міжрайінспекцыі працавалі разам з калегамі з Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з аргзлачыннасцю і карупцыяй і супрацоўнікамі ДАІ. Парушальнікаў у розных кропках чакалі тры экіпажы. Адзін з іх а 4-й гадзіне раніцы спыніў машыну падазраваных на ўездзе ў горад.
Пры аглядзе аўтамабіля, у якім ехалі трое гамяльчан, дзяржаўтаінспектар выявіў расчахлёную стрэльбу і торбу з мясам. Калі парушальнікі ўсвядомілі, што адбылося, яны перайшлі да агрэсіўных дзеянняў, расказалі ў Дзяржінспекцыі. Адзін напаў на супрацоўніка ДАІ, яго 19-гадовы сын схапіў зброю і паспрабаваў уцячы. Зламыснікаў затрымалі экіпажы, што прыйшлі на дапамогу.
У лясным масіве каля дарогі Ветка—Свяцілавічы, адкуль прыехалі парушальнікі, дзяржінспектары знайшлі месца здабычы казулі — яе мяса, хутчэй за ўсё, і перавозілі нелегалы. У доме затрыманых было знойдзена яшчэ каля 50 кілаграмаў мяса, як мяркуецца, лася, а таксама фрагменты шкуры і рогі гэтай жывёлы. Акрамя таго, там захоўваліся тры стрэльбы — дзве зарэгістраваныя на бацьку, прыналежнасць трэцяй высвятляецца.
Сяргей РАСОЛЬКА
rs@zviazda.by [3]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rasolka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] http://rs@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/palyaunichyya
[5] https://zviazda.by/be/tags/brakanery