Месяц таму «Звязда» расказвала гісторыю мінскай сям'і Шарапавых [4], якую не хацелі прызнаваць шматдзетнай. Вольга і Уладзіслаў выхоўваюць траіх: двух сыноў і дачку. Але ад розных шлюбаў. Мясцовая адміністрацыя палічыла, што адсутнасць блізкага сваяцтва не дае сям'і права атрымаць пасведчанне шматдзетнай і, адпаведна, пэўныя льготы. Бацькі напісалі ў газету, спадзеючыся паўплываць на сітуацыю. Нядаўна Вольга патэлефанавала з радаснай навіной: пасведчанне ў яе на руках!
Нагадаем, што аспрэчыць рашэнне адміністрацыі Ленінскага раёна сталіцы Шарапавы спачатку спрабавалі самастойна. Вольга пісала скаргу ў Мінгарвыканкам, пасля якой жанчыну запрасілі на паўторнае пасяджэнне ў мясцовую адміністрацыю па яе пытанні. Але ў выніку зноў адмовіліся выдаваць пасведчанне, нягледзячы на рэкамендацыі гарадскога камітэта дзейнічаць у інтарэсах сям'і.
У гэтай сітуацыі павінны былі ўлічыць і тое, што маці аднаго з хлопчыкаў (былая жонка Уладзіслава) памерла, і тое, што дзеці цяпер жывуць у добрых умовах. Але чамусьці гэтыя акалічнасці засталіся па-за ўвагай раённых чыноўнікаў.
Пасля выхаду публікацыі Вользе прыйшоў ліст з гарадскога выканаўчага камітэта. Там пісалася, што ў выпадку Шарапавых Мінгарвыканкам лічыць магчымым выдачу пасведчання. Адміністрацыю Ленінскага раёна (пытанне аб прызнанні сям'і шматдзетнай разглядаецца менавіта мясцовымі органамі) абавязалі адмяніць папярэдняе рашэнне і пайсці насустрач сям'і.
Сітуацыя вырашылася, але ў нас засталося шмат пытанняў. Ці з'яўляецца гэты выпадак выключэннем? Якая сям'я ў прынцыпе лічыцца шматдзетнай? Калі бацькам, што выхоўваюць траіх, могуць адмовіць у выдачы пасведчання? Па тлумачэнні мы звярнуліся ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
— Артыкулам 62 Кодэкса аб шлюбе і сям'і вызначана, што шматдзетнай з'яўляецца сям'я, у якой на ўтрыманні і выхаванні знаходзяцца трое і больш дзяцей. Адна з падстаў узнікнення праў і абавязкаў сям'і — зарэгістраваны шлюб. Пры яго заключэнні маці (мачаха), бацька (айчым), а таксама іх дзеці, у тым ліку ўсыноўленыя (удачароныя), пасынкі і падчарыцы становяцца членамі адной сям'і і ўлічваюцца ў яе складзе пры вызначэнні права на выдачу пасведчання шматдзетнай сям'і, — каментуе кансультант аддзела народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі ведамства Святлана КОВАЛЬ.
Пацвердзіць выхаванне няродных дзяцей можна копіяй рашэння суда аб усынаўленні, аб тым, з кім з бацькоў пражываюць малыя пасля разводу, і іншымі дакументамі.
Адмовіць у выдачы пасведчання мясцовыя органы маюць права, напрыклад, калі дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы ці бацькі не забяспечваюць ім належнае выхаванне і ўтрыманне. Разам з тым такія рашэнні могуць быць перагледжаны ў далейшым у выпадку паляпшэння сітуацыі (працаўладкавання бацькоў, наведвання непаўналетнімі ўстаноў адукацыі).
Святлана Коваль заўважае, што па пытаннях выдачы пасведчання ў міністэрства ад грамадзян паступаюць адзінкавыя звароты, у асноўным тлумачальнага характару.
У выпадку з Шарапавымі праблема ўзнікла з-за розных трактовак закона. Магчыма, варта было б удакладніць паняцце шматдзетнай сям'і, каб пазбегнуць спрэчных момантаў?
— Такога ў планах няма. Я не чуў, каб паступалі нараканні на гэты артыкул, — адказаў член Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Аляксандр СТАРАВОЙТАЎ.
Дэпутат таксама адзначыў, што калі з трактоўкай паняцця шматдзетнай сям'і і ўзнікаюць праблемы, гэта адзінкавыя выпадкі. «Жыццё ёсць жыццё, заўсёды ёсць месца выключэнням, бо прадугледзець законам усе акалічнасці немагчыма. Уносіць змены ў кодэкс варта было б, калі б гэтыя выключэнні мелі масавы характар. Але да нас падобных скаргаў не паступала».
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
Фота Надзеі Бужан
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-lubneuskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-i-demagrafiya
[4] http://zviazda.by/be/news/20170111/1484155284-my-vyhouvaem-traih-chamu-nas-ne-pryznayuc-shmatdzetnymi
[5] mailto:lubneuskaya@zvіazda.by
[6] https://zviazda.by/be/tags/shmatdzetnaya-syamya
[7] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta