Лідарамі заробкавага рэйтынгу традыцыйна застаюцца праграмісты. Месячны даход сярэднестатыстычнага айцішніка складае 3,5 тысячы рублёў. На другім месцы спецыялісты, якія займаюцца дапаможнай дзейнасцю ў сферы фінансавых паслуг і страхавання. Іх заработная плата — 2790 рублёў. У тройцы самых высокааплатных аказаліся таксама работнікі грузавога паветранага транспарту, якія атрымліваюць па 2442 рублі.
Сярэдні заробак у прамысловасці — 880 рублёў. Пры гэтым у горназдабываючай прамысловасці і на вытворчасці коксу і прадуктаў нафтаперапрацоўкі атрымліваюць пад 1300 рублёў, у паліграфіі і на вытворчасці фармацэўтычных прэпаратаў — 1000 рублёў. Занятыя ў будаўніцтве маюць у месяц 809 рублёў, транспартнікі — 840. А заробак навукоўцаў і архітэктараў у сярэднім складае 1246 рублёў.
635 рублёў у месяц плацяць работнікам турагенцтваў. Прыкладна столькі ж атрымліваюць медыкі — сярэдняя заработная плата ў галіне аховы здароўя складае 649 рублёў. Месячны даход настаўнікаў тым часам — 543 рублі.
Адной з самых нізкааплатных сфер аказалася сельская гаспадарка, дзе маюць у сярэднім 504 рублі. Супрацоўнікі бібліятэк, архіваў і музеяў атрымліваюць і таго менш — 444 рублі. А ў нізе рэйтынгу заробкаў — сацыяльныя работнікі. Нягледзячы на запатрабаванасць прафесіі, заробак застаецца невысокім — 435 рублёў.
Калі казаць пра рэальныя заробкі, а не намінальныя, то найбольш за мінулы год падраслі даходы праграмістаў — на 12 працэнтаў. На 6—8 працэнтаў больш сталі атрымліваць работнікі паветранага транспарту, зборшчыкі вылічальнай, электроннай і аптычнай апаратуры. А вось даходы будаўнікоў за год упалі на 13 працэнтаў.
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-lubneuskaya
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] mailto:lubneuskaya@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/zarplata
[5] https://zviazda.by/be/tags/groshy
[6] https://zviazda.by/be/tags/praca
[7] https://zviazda.by/be/tags/pragramist