У 2017-м плануецца закрыццё яшчэ 35 школ. Што рабіць з будынкамі? Можа, як кажуць спецыялісты ад будаўніцтва, «закансерваваць» да лепшых часоў? Ці лепш зусім знесці?
На Віцебшчыне знайшлі іншы, найбольш эфектыўны ў эканамічным сэнсе падыход — прадаваць будынкі на аўкцыёнах. У прыватнасці, за год «з малатка» пайшло 15 аб'ектаў. Якая ў гэтым карысць?
Купіце школу!
Асаблівасць Прыдзвінскага краю ў тым, што тут вялікая колькасць населеных пунктаў — каля 6,5 тысячы. З іх больш за 2 тысячы можна назваць неперспектыўнымі, «выміраючымі». Там колькасць насельніцтва не перавышае некалькі дзясяткаў чалавек. Нямала вёсак, дзе жывуць меней за 10 чалавек, а то і па адным.
Ва ўпраўленні адукацыі аблвыканкама падкрэсліваюць, што вучэбныя ўстановы зачыняюць толькі там, дзе мала дзятвы. Насамрэч, калі ў вёсцы хлопчыкаў і дзяўчынак па пальцах можна пералічыць, навошта траціць штогод вялікія сумы з бюджэту на эксплуатацыю школьных будынкаў? Плюс на зарплаты выхавацелям і педагогам? Прасцей да бліжэйшых школ арганізаваць падвоз на школьных аўтобусах.
У Віцебскім абласным тэрытарыяльным фондзе дзяржаўнай маёмасці (далей — «Віцебскаблмаёмасць». — Аўт.) канстатуюць, што будынкі школ можна выкарыстоўваць пад жыллё, для гаспадарчых патрэб і гэтак далей.
— Старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў даручыў актывізаваць уключэнне ў гаспадарчы абарот закрытых школ і садкоў, больш актыўна шукаць і знаходзіць новых уласнікаў для будынкаў і збудаванняў, якія не выкарыстоўваюцца. Калі на працягу 6—7 месяцаў аб'ект не купілі, нават з паніжэннем пачатковай цаны (спачатку на 50, потым на 80%), яго можна прадаць за базавую велічыню. На момант нашай гутаркі па гэтай цане можна купіць каля 10 былых устаноў адукацыі, — расказаў нашаму карэспандэнту кіраўнік фонду «Віцебскаблмаёмасць» Міхаіл Паўлючкоў.
Увогуле на аўкцыённыя таргі выстаўлена 14 школ і дзіцячых садкоў. Аналагічныя аб'екты рэалізуюць і ў іншых абласцях. Напрыклад, у Петрыкаўскім раёне сям'я пасялілася ў былой школе. Там жа ўтрымліваюць скаціну, курэй...
22 снежня прадалі школу ў вёсцы Камары Віцебскага раёна. Пачатковая аўкцыённая цана — каля 42 тысяч рублёў. Прадалі з яе перавышэннем на 5% (за 45 тысяч).
— Будынак здалі «пад ключ» у 1969 годзе. Агульная плошча аб'екта больш за 1,7 тысячы «квадратаў». Знаходзіцца на міжнароднай трасе М-3 «Мінск—Віцебск» — за 5 кіламетраў ад Віцебска... Новы ўласнік плануе выкарыстоўваць набытую маёмасць у сваёй гаспадарчай дзейнасці — у 2017 годзе там будзе арганізаваны выраб пелет. Створаць 20 рабочых месцаў, — працягвае Міхаіл Паўлючкоў.
Змена профілю
Сёння можна купіць школы і садкі ў Браслаўскім, Верхнядзвінскім, Бешанковіцкім, Віцебскім і іншых раёнах Віцебшчыны. Сярод іх драўляныя і мураваныя будынкі, адна- і двухпавярховыя, ёсць і ў тры паверхі. Найстарэйшая школа пабудавана ў 1950-я гады. А сярод параўнальна нядаўна ўзведзеных — комплекс школьных пабудоў (1995 года) у вёсцы Дрыгучы Мёрскага раёна. Агульная плошча перавышае 1,3 тысячы квадратных метраў.
А ў вёсцы Клюкаўка Аршанскага раёна можна набыць трохпавярховую базавую школу-садок агульнай плошчай каля 4 тысяч квадратных метраў. Зразумела, ёсць усе камунальныя выгоды.
Для параўнання, у вёсцы Пронскае, што за 5 кіламетраў ад Лёзна, прадаюць школьны будынак плошчай усяго каля 105 «квадратаў». Водазабеспячэння і каналізацыі няма.
У будынках, якія набылі новых гаспадароў, адкрыты вытворчыя майстэрні, цэхі. Адзін стаў лазняй...
Казарму возьмеце?
У самым цэнтры Віцебска на пешаходнай вуліцы Крылова прадаецца будынак, які ўзвялі да Кастрычніцкай рэвалюцыі. Раней ён выкарыстоўваўся для грамадскіх патрэб. Цана пытання — 131 тысяча рублёў «новымі».
На вуліцы Будзённага таксама прадаецца гістарычная славутасць — будынкі былых казармаў артылерыйскай брыгады. Сярод іншага там ёсць і салдацкая чайная. У ідэале чаму б патэнцыйнаму пакупніку не стварыць там, напрыклад, спецыялізаваную кавярню? А казармы можна было б пераўтварыць у стыльны гатэль. Безумоўна, знаходжанне ў такім месцы запомнілася б надоўга. Турысты любяць нешта неардынарнае.
У абласным цэнтры прадаюцца і былая бібліятэка на ўскраіне, склад, вытворчая база...
Р.S. За непрыняцце мер па забеспячэнні эфектыўнага выкарыстання маёмасці да дысцыплінарнай адказнасці ў 2015 годзе прыцягнута 17 чалавек. Сярод іх супрацоўнікі выканкамаў і кіруючыя работнікі арганізацый (балансатрымальнікі). У 2016-м пакаралі 1 юрыдычную асобу і 8 службовых. Агульны памер штрафаў — 798 рублёў.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] mailto:pukshanskі@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/aukcyyon
[5] https://zviazda.by/be/tags/zakinuty-budynak
[6] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne