Малы і сярэдні бізнес можа надаць рух аб'ектам нерухомасці. Тым, якія сёння пакуль не выкарыстоўваюцца.
На Гомельшчыне цяпер зарэгістравана амаль трыццаць сем тысяч суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Пра развіццё гэтага сектара эканомікі ішла гаворка падчас сустрэчы старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзіміра Дворніка з некаторымі кіраўнікамі прадпрыемстваў прыватнай формы ўласнасці.
Губернатар падкрэсліў значнасць падобных сустрэч, паколькі падчас іх правядзення прадстаўнікі бізнес-супольнасці маюць магчымасць унесці канструктыўныя прапановы наконт таго, якія крокі трэба распачаць мясцовым органам улады для падтрымкі прыватнага бізнесу:
— Прадпрымальніцтва з'яўляецца неад'емнай часткай эканомікі, і мясцовыя органы ўлады будуць і далей прыкладаць максімум намаганняў, каб гэты сектар паспяхова развіваўся нароўні з іншымі, — запэўніў Уладзімір Дворнік.
Скразная ідэя, якую выказвалі ўдзельнікі сустрэчы, — неабходнасць зніжэння выдаткаў на выпуск прадукцыі — тады не спатрэбяцца затратныя тавараправодныя сеткі. Што датычыцца непасрэдна рэзідэнтаў СЭЗ, то, нягледзячы на адмену некаторых падатковых ільгот, сваю эканамічную дзейнасць на тэрыторыі Беларусі яны лічаць выгаднай.
— У Светлагорску размешчаны наш завод зварачных электродаў. Мы з 2010 года працуем у Беларусі, а з 2014-га з'яўляемся рэзідэнтамі СЭЗ «Гомель-Ратон». Атрымалі шэраг падатковых ільгот, якія дазваляюць больш інвеставаць. Працаваць у Беларусі аказалася прасцей, чым мы думалі, — адзначае выканаўчы дырэктар украінскай карпарацыі «Плазматэк» Юрый Амяльчук. — Вядома, ёсць некаторыя складанасці, але яны галоўным чынам звязаны з праблемамі, якія ўзнікаюць звонку. Сёння сітуацыя ў свеце вельмі хутка мяняецца, мы павінны да гэтага прыстасоўвацца. Наколькі хутка мы гэта зробім — ад гэтага залежаць нашы поспехі. Намаганнямі двух заводаў мы выйшлі на першае месца ў СНД па аб'ёмах вытворчасці зварачных электродаў. Асноўны кірунак экспарту беларускага завода — Расійская Федэрацыя і краіны Мытнага саюза.
Дарэчы, за мінулы год аб'ём экспарту прыватнага бізнесу вырас на 20%, яго доля ў абласной структуры склала 16%. Прыватнікі цяпер больш уважліва ставяцца да матэрыяльных выдаткаў, вышэйшай стала і эфектыўнасць іх дзейнасці, адзначыў на сустрэчы Уладзімір Дворнік.
Летась на Гомельшчыне было адкрыта звыш 700 новых арганізацый. У тым ліку амаль 200 — у вытворчай галіне. Большасць — у сферы гандлю, а таксама рамонту аўтамабіляў і бытавой тэхнікі. Далей ідуць прамысловасць, будаўніцтва, транспарт, сельская і лясная гаспадаркі. Працоўныя месцы за год атрымалі звыш шасці тысяч чалавек.
Між тым старшыня аблвыканкама Уладзімір Дворнік бачыць велізарны патэнцыял развіцця прыватнага бізнесу ў эфектыўным выкарыстанні аб'ектаў нерухомасці, якія дагэтуль не выкарыстоўваюцца. Такіх у Гомельскай вобласці ў выніку праведзенай летась інвентарызацыі выяўлена больш за 5,5 тысячы. Прададзена было каля 300.
— Я тут бачу велізарны рэсурс, — сказаў Уладзімір Дворнік. — Эфектыўнае выкарыстанне нерухомасці спрыяе развіццю малога і сярэдняга бізнесу і працаўладкаванню грамадзян, навядзенню парадку на зямлі і павышэнню прывабнасці рэгіёна, а таксама павелічэнню ворных земляў.
Старшыня аблвыканкама падкрэсліў, што кожны выяўлены аб'ект пастаўлены на кантроль, кіраўнікі камітэтаў і ўпраўленняў Гомельскага аблвыканкама і органаў мясцовай выканаўчай улады будуць рэгулярна даваць справаздачу пра ўцягванне такіх аб'ектаў у гаспадарчы абарот.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
іost@zvіazda.by [3]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-astashkevich
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] mailto:іost@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/maly-i-syaredni-biznes
[5] https://zviazda.by/be/tags/gomelshchyna
[6] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-dvornik