Вітаю, дарагая рэдакцыя газеты «Звязда»! Піша вам пенсіянерка. Шмат гадоў я глядзела тэлеперадачу «Чакай мяне. Беларусь», але з восені яна перастала выходзіць у эфір. Я хачу даведацца, чаму? Можа быць, яна з пачатку новага года зноў будзе выходзіць?
Рэгіна Данілаўна Ліпніцкая, вёска Возера Уздзенскага раёна.
Перадача «Чакай мяне. Беларусь» — мая любімая. Ніколі яе не прапускаў, глядзеў кожны выпуск, бо заўсёды краналі гісторыі герояў. Вельмі шкада, што яна знікла з тэлевізійнай праграмы. Ці плануецца яе вяртанне на экраны?
Тадэвуш Антонавіч Садоўскі, вёска Далгінава Вілейскага раёна.
Як расказала на наш запыт прэс-сакратар тэлеканала АНТ Юлія Дубоўская, цяпер усе гісторыі, звязаныя з пошукам суайчыннікаў на тэрыторыі нашай краіны, выходзяць у аднайменнай з перадачай рубрыцы ў праграме «Наша раніца». У такім фармаце яна будзе трансліравацца яшчэ некалькі месяцаў, пасля чаго, сапраўды, плануецца вярнуць у эфір саму перадачу «Чакай мяне. Беларусь». Чаму яна на нейкі час знікла з экранаў? Гэта звязана з тэхнічнымі прычынамі. Як вядома, у Расіі перадача запісваецца з усіх краін, мы бралі толькі частку з расійскімі вядучымі. Была праблема з гэтым самым запісам са спадарожніка. Але, паколькі вельмі многія тэлегледачы палюбілі перадачу і чакалі яе, было вырашана часова выпускаць тыя гісторыі, якія ўжо былі знятыя, у фармаце паўнацэннай рубрыкі. Напрыканцы Юлія Дубоўская параіла аматарам «Чакай мяне. Беларусь» сачыць за тэлепраграмай, каб не прапусціць яе вяртанне ў эфір у ранейшым фармаце.
Сяргей РАСОЛЬКА
rs@zviazda.by [4]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rasolka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/medyya
[4] mailto:rs@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/chakay-myane-belarus
[6] https://zviazda.by/be/tags/ant
[7] https://zviazda.by/be/tags/peradacha
[8] https://zviazda.by/be/tags/telebachanne
[9] https://zviazda.by/be/tags/telepragrama