...Мяняюцца часы: раней, згадзіцеся, ці не ўсё вырашалі сувязі, цяпер (і ўсё болей) грошы.
Але ж не без іх — не без сувязяў.
І не без сувязі.
Менавіта з гэтай прычыны ў якасці прызоў для сваіх падпісчыкаў «Звязда» выбрала мабільныя тэлефоны, а ў якасці суперпрыза — сучасны планшэт. Як і патрабуюць правілы, усё гэта было закуплена загадзя, яшчэ летась, для таго, каб сёлета разыграць: гэта значыць, знайсці гаспадара кожнаму з названых падарункаў.
Як паглядзець з аднаго боку, дык справа гэта вельмі прыемная (бо некага ашчаслівіш.. Ды падчас Каляд... ), а з другога — і не вельмі, бо хто-ніхто, вядома ж, пакрыўдзіцца: маўляў, зноў не я...
Каб апярэдзіць пытанне «чаму?», нагадаем, як адбываецца розыгрыш.
Найперш у рэдакцыі вывучаюцца, рэгіструюцца і сартуюцца (асобна па кожнай з абласцей і горадзе Мінску) усе дасланыя карткі. Потым, у прызначаны дзень, у рэдакцыю запрашаюцца госці — з ліку нашых дзелавых партнёраў-паштавікоў, з ліку падпісчыкаў.
Былі выпадкі, калі яны прыязджалі самі (з ваколіц Мінска і нават з Ушачаў). А найчасцей супрацоўнікі газеты тэлефануюць нашым сталічным падпісчыкам, пытаюць, хто хоча прыехаць, хто можа...
На гэты раз нам пашчасціла на сустрэчу з вельмі прыгожымі людзьмі — даўнімі і адданымі сябрамі нашай газеты, бо і Ларыса Антонаўна Філічонак, і Таццяна Ерафееўна Мацкевіч, і Міхаіл Максімавіч Літошык пастаянна выпісваюць «Звязду», без перабольшання, дзесяцігоддзямі. Прыемна было пачуць, што ці не ўсіх творчых супрацоўнікаў газеты яны ведаюць па прозвішчах, па публікацыях, з асобнымі рады былі пазнаёміцца, падзяліцца тым, што хвалюе, падказаць пару-тройку цікавых тэм... Не без таго — некага пакрытыкаваць. А ўрэшце — пагаварыць пра жыццё-быццё і нават выпіць гарбаты: нагода ж была... І нават не адна: Таццяна Ерафееўна Мацкевіч прыйшла ў рэдакцыю ў дзень свайго нараджэння, да таго ж — пасля начнога дзяжурства... Вось і не згадай пасля гэтага крылатае: «Как же надо любить человека, чтобы взять и приехать к нему!», вось і не зладзь, няхай маленькае, але свята з нагоды...
Праўда, яно было потым, а спачатку...
Сам розыгрыш прызоў вельмі просты. У чароўны звяздоўскі капялюш ссыпаюцца ўсе карткі, атрыманыя з Брэсцкай вобласці (нехта з гасцей выцягвае адну і абвяшчае прозвішча атрымальніка першага прыза). За ёй чарга Віцебшчыны, Гомельшчыны, Гродзеншчыны, Магілёўшчыны і Міншчыны.
Перад розыгрышам прыза для падпісчыкаў сталіцы давялося зрабіць невялічкую паўзу, бо ў капелюшы сярод іншых картак былі, вядома ж, і тыя, што даслалі нашы госці. Адну з іх яны таксама маглі выцягнуць. І што тады?
Скажам шчыра: парадавала аднадушнасць, з якой усе трое (і, на жаль, не новыя беларусы) адказалі: «Перацягнем нанава, каб ніхто не падумаў, што тут падтасоўка».
На шчасце, рабіць гэта не давялося. Па волі лёсу прызы размеркаваліся так:
Мабільны тэлефон FІу FF 241 выйгралі:
Суперпрыз — планшэт Аsus выйграла:
Віншуем шчасліўчыкаў! Тых жа, каго абмінула ўдача, просім не крыўдаваць: заставацца падпісчыкамі газеты і ўдзельнікамі нашай рэкламнай гульні. Рана ці позна вам таксама пашчасціць — яшчэ і на прыз.
Што гэта будзе наступным разам? Без сумнення, нешта патрэбнае.
Афіцыйна
Арганізатарам рэкламнай гульні «На сувязі са «Звяздой« з'яўляецца рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Выдавецкі дом «Звязда» (УНП 100155376), размешчаная па адрасе: 220013, г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10 А.
Рэкламная гульня «На сувязі са «Звяздой» зарэгістравана Міністэрствам гандлю Рэспублікі Беларусь 01.12.2016 г. (пасведчанне № 2768) і праводзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з 7 снежня па 31 сакавіка 2017 года ўключна сярод падпісчыкаў газеты «Звязда» першага квартала або першага паўгоддзя 2017 года. Усяго ў гульні ўзялі ўдзел 312 падпісчыкаў. Прызавы фонд гульні разыграны цалкам.
Тэлефон для даведак па пытаннях правядзення рэкламнай гульні і атрымання прызоў: 8 (017) 284 44 04
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/zvyazda-1