Норма напаўняльнасці класаў у школах можа быць перагледжана, а праводзіць факультатыўныя заняткі ў школах па суботах дазволяць не толькі для старшакласнікаў. Міністэрства адукацыі агучыла змяненні, якія плануецца ўнесці ў новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі.
— Каб разгрузіць навучэнцаў у вучэбны тыдзень, мы прапануем праводзіць факультатыўныя заняткі ў шосты школьны дзень для навучэнцаў з 5-га па 11-ты класы, — растлумачыла намеснік начальніка ўпраўлення агульнай сярэдняй адукацыі міністэрства Ірына КАРЖОВА. — Акрамя таго, у новай рэдакцыі кодэкса будзе прыменена новая норма па напаўняльнасці класаў. Сёння яна вар'іруецца ў залежнасці ад ступені навучання. Так, на першай ступені дазваляецца напаўняльнасць у класе да 20 навучэнцаў, на другой і трэцяй ступенях — да 25. Таксама колькасць навучэнцаў у класе залежыць ад віду ўстановы адукацыі: у сярэдняй школе гэтая норма складае 25 навучэнцаў у класе, а ў гімназіі і ліцэі — 20.
У новай рэдакцыі кодэкса мы прапануем прыйсці да адзінай напаўняльнасці ў розных відах устаноў і ўстанавіць норму да 30 навучэнцаў у класе. Пры гэтым канчатковае рашэнне аб напаўняльнасці класаў ва ўстанове адукацыі будзе прымаць заснавальнік установы з улікам колькасці дзяцей, што пражываюць у мікрараёне, у якім размешчана ўстанова адукацыі, а таксама з улікам выканання санітарных норм, якімі рэгламентуецца плошча вучэбнага памяшкання ў разліку на аднаго вучня. Хачу адзначыць, што павелічэнне колькасці навучэнцаў у класе ні ў якім разе не паўплывае на якасць адукацыйнага працэсу. Сёння ўжо прадугледжана дзяленне класаў на групы пры вывучэнні замежнай мовы, інфарматыкі, пры правядзенні лабараторных і практычных работ, што дазваляе ажыццяўляць індывідуальны падыход да кожнага навучэнца.
Наступная навіна можа зацікавіць бацькоў будучых школьнікаў. Цяпер дзейнічаюць нормы, згодна з якімі ў першы клас прымаюцца дзеці, якія на пачатак навучальнага года дасягнулі 6 гадоў альбо больш позняга ўзросту, а таксама дзеці, якім 6 гадоў спаўняецца да 30 верасня.
Па словах Ірыны Каржовай, у новай рэдакцыі кодэкса прадугледжана магчымасць прыёму ў першы клас дзяцей і ў больш раннім узросце па заяве аднаго з бацькоў і па рашэнні заснавальніка ўстановы адукацыі. «Мы лічым, што такое новаўвядзенне дапаможа зменшыць колькасць зваротаў у наша міністэрства па гэтым пытанні і бацькі на месцы змогуць вызначыцца, што ім рабіць: аддаваць дзіця ў школу, калі яно ўжо псіхалагічна і фізічна падрыхтаванае да вучобы, альбо пакідаць у дзіцячым садзіку», — растлумачыла яна.
Таксама Міністэрства адукацыі прапануе скараціць колькасць відаў устаноў. У прыватнасці, плануецца вывесці з пераліку такія віды, як вячэрнія школы, вучэбна-вытворчыя камбінаты, комплексы «дзіцячы сад — школа». «Хоць комплексу «дзіцячы сад — школа» як віду ўстановы адукацыі існаваць не будзе, установе агульнай сярэдняй адукацыі будзе прадастаўлена права рэалізоўваць праграмы дашкольнай адукацыі. Гэта значыць, што бацькам не трэба хвалявацца, і на практыцы ўсе гэтыя пытанні будуць урэгуляваны», — заспакоіла спецыяліст.
Ёсць і прапанова прадаставіць права ўстановам дашкольнай адукацыі рэалізоўваць адукацыйную праграму дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. «Такім чынам мы зможам арганізаваць ва ўстановах дашкольнай адукацыі розныя формы работы для развіцця здольнасцяў дзяцей дашкольнага ўзросту ў адпаведнасці з умовамі канкрэтнай установы і запытамі бацькоў, — тлумачыць сэнс новаўвядзення начальнік аддзела дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Альбіна ДАВІДОВІЧ. — Акрамя таго, мы прадастаўляем магчымасць атрымання дашкольнай адукацыі на платнай аснове ў дзяржаўных установах адукацыі па жаданні бацькоў. Яшчэ адзін з кірункаў, якія плануецца адлюстраваць у кодэксе, звязаны з забеспячэннем даступнасці ўстаноў дашкольнай адукацыі. На жаль, для мікрараёнаў-новабудоўляў актуальная праблема — забяспечанасць месцамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі, і таму прануецца ўнесці ў новую рэдакцыю кодэкса норму аб надзяленні паўнамоцтвамі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў па змяненні нормаў напаўняльнасці ў дзіцячых садках пры наяўнасці аб'ектыўных абставін і станоўчага заключэння органаў і ўстаноў, якія ажыццяўляюць дзяржаўны санітарны нагляд. Такая прапанова была ўзгоднена з Міністэрствам аховы здароўя. Але я падкрэсліваю, што гэта магчыма толькі ў выключных выпадках і ў тых мікрараёнах, дзе ва ўстановах дашкольнай адукацыі існуе праблема з забеспячэннем месцамі.
Яшчэ адзін з кірункаў — падтрымка і развіццё прыватных устаноў дашкольнай адукацыі. У праект кодэкса мяркуецца ўнесці прапанову аб фінансаванні часткі расходаў прыватных устаноў дашкольнай адукацыі за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў.
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота Сяргея НІКАНОВІЧА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] mailto:nіkalaeva@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/kodeks-ab-adukacyi-respubliki-belarus
[6] https://zviazda.by/be/tags/shkolniki-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/shkola
[8] https://zviazda.by/be/tags/adukacyya
[9] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-adukacyi-belarusi-0
[10] https://zviazda.by/be/tags/dashkolnaya-adukacyya