Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам старшыню Следчага камітэта Івана Наскевіча.
«У хуткім часе мы правядзём нараду па выніках мінулага года па ўсіх праваахоўных блоках, запрасіўшы і судовую галіну ўлады, з мэтай абазначэння і разгляду пытанняў, якія знаходзяцца ў мяне на кантролі, пачынаючы з рэфармавання судова-следчай сістэмы ў цэлым», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт заслухаў даклад аб асноўных выніках работы Следчага камітэта ў 2016 годзе, у тым ліку аб аптымізацыі, якая праводзіцца ў ведамстве. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся вынікамі расследавання найбольш рэзанансных крымінальных спраў.
Асаблівая ўвага была звернута на неабходнасць раскрыцця спраў, якія цяпер знаходзяцца ў распрацоўцы Следчага камітэта, у прыватнасці, жорсткага забойства бізнесмена ў Беразіно. «Гэта пытанне гонару. Я папярэджваў і кіраўніка МУС: ён паабяцаў раскрыць гэтую крымінальную справу. Вы павінны звяртаць увагу на падобныя справы», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Таксама было даложана аб ходзе расследавання крымінальнай справы, распачатай у дачыненні да мінчаніна, які здзейсніў напад на міліцыянера ў навагоднюю ноч, паведамляе прэс-служба Прэзідэнта. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ніхто не мае права аказваць супраціўленне супрацоўнікам міліцыі і тым больш ужываць у дачыненні да іх гвалт, паколькі гэта можа пацягнуць у тым ліку выкарыстанне праваахоўнікамі зброі — безумоўна, у межах заканадаўства.
На сустрэчы было адзначана, што ўзровень злачыннасці ў Беларусі зменшыўся ў мінулым годзе на 4,5%. Скарацілася і колькасць спраў, па якіх былі вынесеныя апраўдальныя прысуды з-за дапушчаных следчымі парушэнняў крымінальна-працэсуальнага заканадаўства.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/prezident
[3] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[4] https://zviazda.by/be/tags/ivan-naskevich-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/sledchy-kamitet-belarusi