Як паведаміў на чарговым брыфінгу Дзмітрый МІРОНЧЫК, начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў, упершыню ў незалежнай гісторыі Беларусь узначаліла субрэгіянальную еўрапейскую арганізацыю, што знаходзіцца за межамі постсавецкай прасторы.
— У якасці «тытульнай тэмы» беларускага старшынства, якая адпавядае адметным рысам у дзейнасці ЦЕІ, а таксама інтарэсам усіх краін-удзельніц, беларускім бокам абрана тэматыка сумяшчальнасці ў большай Еўропе («Promotіng connectіvіty іn a Wіder Europe»), — заявіў Дзмітрый Мірончык. — Беларусь мае на мэце ўдзяляць асаблівую ўвагу злучальнасці і сумяшчальнасці ў Еўропе ў самым шырокім кантэксце. Побач з развіццём транспартнай і лагістычнай інфраструктуры пад гэтым мы разумеем гарманізацыю стандартаў і мытных працэдур, укараненне сучасных інфармацыйных тэхналогій дзеля спрашчэння гандлю і развіцця трансгранічных паслуг, стымуляванне прадпрымальніцтва ўздоўж шляхоў асноўных транспартных калідораў і іншыя захады, што накіраваны на стварэнне «безбар'ернага асяроддзя» на карысць эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва.
* * *
Адказваючы на пытанне пра сітуацыю на беларуска-расійскай мяжы, Дзмітрый Мірончык паведаміў, што вядзецца яе абмеркаванне ў двухбаковым фармаце. Нагадаем, на гэтую праблему ў канцы мінулага месяца звярнуў увагу Уладзімір Андрэйчанка, старшыня Палаты прадстаўнікоў, падчас пасяджэння сесіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.
— Як правіла, у сітуацыі, калі адзін з бакоў хацеў бы нешта памяняць у існуючай практыцы, якая склалася на працягу больш чым дваццаці гадоў, спачатку вядуцца перамовы, потым уносяцца карэктывы, — адзначыў прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства. — Мы прапануем нашым расійскім партнёрам на час правядзення перамоў прытрымлівацца ранейшай практыкі, якая апраўдвае сябе з усіх пунктаў гледжання. Расійскі бок пакуль на гэта не гатовы. Але мы разлічваем, што прамыя зносіны экспертаў будуць спрыяць збліжэнню пазіцый бакоў і выпрацоўцы ўзаемапрымальных рашэнняў.
* * *
Журналісты папрасілі прадстаўніка МЗС пракаментаваць факт, які на днях быў растыражаваны ў інтэрнэт-СМІ — прызначэнне Літвой спецыяльнага пасла па пытаннях будаўніцтва БелАЭС.
— Нам пакуль літоўскі бок нічога афіцыйна не паведамляў ні аб коле абавязкаў і паўнамоцтваў, ні пра персаналіі такога пасла, — адзначыў Дзмітрый Мірончык. — Беларусь нязменна выступае за кампетэнтны дыялог па ўсіх пытаннях будаўніцтва БелАЭС па лініі профільных ведамстваў. Тых ведамстваў, якія займаюцца тэмамі энергетыкі, аховы навакольнага асяроддзя, эканомікі, нарэшце, нацыянальных рэгулюючых органаў. Калі літоўскаму боку для больш эфектыўнага дыялогу з намі патрабуецца каардынатар у сценах МЗС, то гэта яе права і гэта можна толькі вітаць. Калі ж гэтая пасада засноўваецца толькі ў мэтах далейшай палітызацыі пытання, пераносу дыскусіі на міжнародныя пляцоўкі, якія часта не маюць ніякага дачынення ні да ядзернай тэматыкі, ні да энергетыкі, ні да экалогіі, то ў такім выпадку — гэта, хутчэй, контрпрадуктыўны крок.
Надзея ЮШКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-yushkevich
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] http://yushkevich@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/dzmitryy-mironchyk-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-zamezhnyh-sprau-belarusi
[6] https://zviazda.by/be/tags/centralna-eurapeyskaya-inicyyatyva