Звон — гэта нешта вельмі жывое. Праз бронзу, з якой адліты званы, і рукі чалавека, што дапамагаюць нарадзіцца гуку, наша зямля быццам звяртаецца да неба... А, можа, наадварот? Гэты гук, настолькі высокі і чысты, што, магчыма, ён адмыслова быў створаны дзесьці на вышыні, каб крануць самае чэрствае сэрца...
Беларусь — унікальная краіна: толькі тут, у адзіным месцы на ўсёй постсавецкай прасторы, захавалася традыцыя старажытнага званарства. Інструмент не быў занядбаны часам і ліхалеццямі. Умельства беражліва перадавалася ад старэйшых маладзейшым. На шчасце, знайшлася і даследчыца, якая вывучыла ўсё гэта і прадставіла шырокай грамадскасці. Вынікам нястомнай шматгадовай працы Алены Шацько стала кніга «Званы Белай Русі: тысячагоддзе традыцыі» (з дадаткам на двух DVD). Карэспандэнт «Звязды» сустрэлася з кандыдатам мастацтвазнаўства, правадзейным членам Асацыяцыі звону Расіі, дацэнтам кафедры тэорыі і методыкі выкладання мастацтва БДПУ імя Максіма Танка, каб распытаць пра традыцыі званарства на Беларусі і пра тое, як стваралася яе ўнікальная кніга.
— Алена Генадзеўна, вы ініцыюеце ўнясенне званарства ў спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі? Ці ёсць нейкія зрухі ў гэтым працэсе?
— Сабраны пакет дакументаў, у які ўваходзяць матэрыялы па званах 19 храмаў Брэсцкай, Мінскай і Віцебскай абласцей. Іх гучанне запісана на прафесійную апаратуру. Дзякуючы Белтэлерадыёкампаніі створана 5 перадач, 3 дакументальныя фільмы аб званарах і гісторыі званарства на нашых землях. Прыхаджане храмаў сабралі подпісы аб тым, што яны станоўча ацэньваюць гучанне званоў і згодны ўнесці іх у спіс спадчыны (гэта абавязковая ўмова). У дадатку — публікацыі ў прэсе на гэту тэму. Дакументы аддадзены ў Інстытут культуры Беларусі, дзе на Радзе можа быць прынята адпаведнае рашэнне. Мы чакаем дабраславення мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Паўла, бо звон — гэта інструмент, які выкарыстоўваецца найперш у богаслужэннях, і без згоды царквы вырашаць такое пытанне неэтычна. Вядома, што Экзарх шмат робіць для зберажэння нацыянальнай культуры, напрыклад, хутка будзе выдадзена Біблія на нашай беларускай мове. Таму прыйдзе час прызнання і нашых слаўных званоў — аб гэтым моляцца вернікі.
— Раскажыце, у чым унікальнасць званарства?
— Варта адзначыць, што размова вядзецца менавіта пра традыцыйнае беларускае званарства. У 19-ці храмах, якія я даследавала на працягу 10 гадоў, не спыняўся матыў звону — захоўвалася пераемнасць мелодыі, якой званілі, скажам, сто гадоў таму — яна гучыць і сёння. У храме ёсць свой канон, ён пастаянны. Гэта як народная песня. Справа ў тым, што званарства захавалася толькі ў нас, бо з 1921 да 1939 года ў Заходняй Беларусі была асаблівая канфесійна-гістарычная сітуацыя: працягваліся царкоўныя службы, адліваліся новыя званы. А ва Усходняй Беларусі ў 1939 годзе быў закрыты апошні храм — службы нідзе не праводзіліся. Тое ж самае адбывалася і на іншай тэрыторыі Савецкага Саюза — ішло поўнае знішчэнне храмаў і ўсяго, што з імі звязана.
У нас жа працягвалася царкоўнае жыццё — унікальна тое, што традыцыя званарства не перарвалася. У час Вялікай Айчыннай вайны вернікі схавалі свае званы. Атрымліваецца, што толькі ў Заходняй Беларусі (магчыма, яшчэ ў Заходняй Украіне) ніколі не губляўся гэты канон. У Эстоніі быў толькі адзін манастыр, які ніколі не закрываўся, — Пскова-Пячэрскі — там заўсёды званілі, 500 гадоў, і традыцыя таксама захавалася.
— Якія мясціны ў Беларусі вы раілі б наведаць, каб пачуць аўтэнтычны звон?
— Вёску Дарапеевічы Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці. У 1934 годзе гэтыя званы былі адліты проста каля царквы, у зямлі, запрошаным майстрам-ліцейшчыкам. Адна жанчына, успаміны якой я зафіксавала, будучы яшчэ маленькім дзіцем, бачыла, як у яме будавалі печ, як залівалі медзь. Пасля званы пэўны час астывалі ў зямлі... Яшчэ варта з'ездзіць у Вілейку, дзе захаваліся дзівосныя званы ХІХ стагоддзя, адлітыя ў Расіі. Праўда, побач знаходзіцца шаша: мы запісвалі іх гучанне ў 5 гадзін раніцы і нават дамаўляліся, каб рух транспарту быў зменены — каб шумы не перашкаджалі. Вельмі цікавыя званы ў Олтушы таксама Маларыцкага раёна. І ў Маладзечне званы захаваліся.
— Гучанне царкоўнага звону змяшчае ў сабе шмат інфармацыі...
— У храме хрысціліся, там моладзь знаёмілася адно з адным. Там жа адбываліся заручыны — калі настаяцель паведамляў, што пара збіраецца ажаніцца, пытаўся, ці ведаюць нешта пра яго ці яе — можа, некаму абяцаліся?.. І ў гэты час таксама гучаў асаблівы звон — на заручыны. Вянчаліся яны пазней, дзесьці праз месяц — і тады ў наваколлі разлятаўся вянчальны звон (але не ва ўсіх мясцовасцях ён меўся). Затое ўсюды быў пахавальны звон — ён гучаў, пакуль чалавека не данясуць да могілак. Уявіце, людзі ва ўсёй ваколіцы чулі гэты звон, хрысціліся, чыталі малітву пра новаспачылага. А часам яны па звоне разумелі, хто памёр, мужчына або жанчына. Нават з якой вёскі, можна было зразумець — бо часам пэўнае паселішча магло падарыць храму звон.
— Сучасныя тэхналогіі вядуць да таго, што ў хуткім часе можна будзе абысціся без званара. Што вы думаеце наконт гэтага?
— Цяпер уводзіцца новая сістэма — «электронны званар» — яна фактычна знішчае пераемнасць. Літаральна на тэлефоне націскаецца кнопка і самі сабой пачынаюць званіць званы ў царкве. Гэта можа рабіць настаяцель ці прыхаджанін — той, хто атрымаў дабраславенне.
Такім чынам мы фактычна руйнуем традыцыю, не даём ёй адрадзіцца, знішчаем паслушніцтва. Ці застанецца тады жаданне ісці ў храм?.. Гэта мёртвае і нежывое. А калі звоніць званар, то ўдзельнічае яго душа.
— Вернемся да гісторыі. Якія ёсць звесткі пра тое, калі на Беларусі ўпершыню зазваніў звон?
— Па матэрыялах раскопак, па знойдзеных фрагментах званоў мы ведаем, што ўжо ў ХІІ стагоддзі ў Гродне на Замкавай гары стаяў храм і на ім было тры званы. Падчас пажару яны ўпалі і разбіліся — у слоі ХІІ стагоддзя знайшлі іх фрагменты. На адным нават ёсць надпіс «рабу». Усе кампанолагі кажуць, што надпісы на званах з'явіліся ў ХІV стагоддзі ў Расіі. А мы знайшлі фрагмент ХІІ стагоддзя. Гэта ўнікальна!
— Якія самыя каштоўныя званы захоўваюцца ў нашай краіне?
— Мной апісана 1704 званы з праваслаўных храмаў. Яны пашпартызаваны — сфатаграфаваны, падлічаны іх памеры, зафіксаваны надпісы, якія на іх маюцца, запісаны гук. Для таго каб сфатаграфаваць, іх трэба было спачатку памыць, — я рабіла гэта сама.
Усе гэтыя званы акурат з'яўляюцца старажытнымі — датуюцца ХVІ—ХІХ стагоддзямі. Яны выклікаюць вялікую цікавасць. На сённяшні дзень у нас, як нідзе на постсавецкай прасторы, захавалася такая вялікая колькасць званоў. Менавіта ў Заходняй Беларусі (ва Усходняй усё знішчана, за выняткам таго, што цудам было захавана ў музеях). У часы вайны іх хавалі ад немцаў — закопвалі ў зямлю, затым вярталі. Гэта было самым родным, бо звон — гук населенага пункта. На іх вельмі цікавыя выявы, старажытныя надпісы. Напрыклад, у вёсцы Олтуш Маларыцкага раёна надзвычай тонкія выявы Георгія Перамаганосца, які забівае змея. Яны «тонкія», бо нават пэндзлем мастака такое складана выявіць, а там адліта. Прычым адліваў беларускі майстар Андрэй Белячынскі. Мне б вельмі хацелася, каб пашкоджаныя званы апынуліся ў музеях. Дадам, што пашпартызацыю званоў каталіцкіх храмаў правялі навукоўцы Акадэміі навук Варшавы: яны апісалі ўсе званы касцёлаў Беларусі і Польшчы яшчэ да 2008 года.
— Ці ёсць сёння пераемнасць званарскай справы?
— Дзякуй богу, дзядулі-званары надзвычай ашчадна ставяцца да сваіх званоў, таму яны самі імкнуцца кагосьці з вучняў нядзельнай школы навучыць, перадаць майстэрства. Напрыклад, хлопчык з вёскі Дарапеевічы Маларыцкага раёна Арцём Пацяюк, які цяпер навучаецца ў медыцынскім універсітэце, навучыўся ў сваёй роднай вёсцы гэтаму майстэрству ад Сцяпана Ярманюка. І ў іншых храмах ёсць пераемнасць. Калі званы ўнясуць у спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, тады і ў нядзельных школах пры царкве дзеці іх будуць вывучаць. Бо гэта сваё, роднае. Мы павінны яго зберагаць, як гэта рабілі нашы бацькі і дзяды.
— Ці можна сказаць, што звон — гэта таксама пэўны від малітвы, са зваротам да Бога?..
— Абавязкова. Кожны ўдар звона — гэта малітва. Часам кажуць, што гэта малітва ў бронзе. Адначасова гэта і казань.
Адзін святар распавядаў мне, што пэўны чалавек ішоў міма царквы, ён пачуў звон і вырашыў зайсці ў храм, а з часам стаў прыхаджанінам. Сёння звон не выконвае функцыі закліку да пачатку богаслужэння, бо ў нас ва ўсіх ёсць гадзіннікі. Ён мае хутчэй місіянерскую функцыю — гэта фактычна знешняе богаслужэнне. Я запрашаю чытачоў «Звязды» да ўдзелу ў праекце «Звон-салавей» (падрабязна пра яго можна пачытаць у кнізе «Званы Белай Русі: тысячагоддзе традыцыі»). Буду рада, калі вы дашляце на мой электронны адрас shаtkо377@gmаіl.соm аповеды пра званы, пра традыцыі, звязаныя з імі. Можа, вашы бабулі ці дзядулі ахвяравалі на звон? Магчыма, сярод вашых ікон захоўваецца цудам захаваны кавалачак звона?..
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ
nina@zviazda.by [3]
Фота Надзеі БУЖАН
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nina-shcharbachevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:nina@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/zvanarstva
[5] https://zviazda.by/be/tags/zvon
[6] https://zviazda.by/be/tags/aleny-shacko
[7] https://zviazda.by/be/tags/zvany-belay-rusi-tysyachagoddze-tradycyi
[8] https://zviazda.by/be/tags/kniga
[9] https://zviazda.by/be/tags/zvany
[10] https://zviazda.by/be/tags/guchanne
[11] https://zviazda.by/be/tags/tradycyya