Чацвёрты год запар напярэдадні навагодніх святаў работнікі Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь наведваюць дзіцячы дом сямейнага тыпу ў сталічным мікрараёне Уручча.
Як і любая іншая, гэтая вялікая сям'я (на выхаванні ў мамы і таты 15 дзяцей ва ўзросце ад 2 да 16 гадоў) перыядычна мае патрэбу ў абнаўленні хатняй тэхнікі: то кухонны камбайн зламаецца, то мікрахвалёўка. Дапамагчы з такімі пакупкамі кожны раз адгукаліся супрацоўнікі цэнтральнага апарата Дзяржінспекцыі.
Сёлета яны даведаліся, што дзецям для падрыхтоўкі школьных заданняў неабходны прынтар, сканер і капіры. Падарунак сям'і ўручыў начальнік Дзяржінспекцыі Сяргей Новікаў, пажадаўшы дзецям поспехаў у вучобе і добрага адпачынку на канікулах. На думку Сяргея Віктаравіча, акцыя “Нашы дзеці” матывуе грамадства да сацыяльнай адказнасці.
У рэспубліканскай акцыі прымуць удзел работнікі ўсіх структурных падраздзяленняў Дзяржінспекцыі, а іх больш за пяцьдзясят. Напярэдадні святаў падарункі ад дзяржінспектараў атрымаюць сям'і, якія маюць патрэбу ў дапамозе, дзеці-сіроты, інваліды, сацыяльныя ўстановы па ўсёй Беларусі.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rasolka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/sacyyalnaya-padtrymka
[4] https://zviazda.by/be/tags/nashy-dzeci