Мядзведзі, ледзь не да згрызоты,
Паміж сабой дзялілі соты,
Разварушыўшы ў лесе борць —
Набіць трыбух хапіла б хоць.
Спалохаць канкурэнта спроба:
«Я — паважаная асоба!
Ды мне міністры ліжуць лапы!
Ты ж — недарэка і расцяпа.
Адкуль, з якога завуголля
Прыпёрся мне псаваць застолле?»
Наезд крутога візаві
Мядзведзя не спужаў, ані:
«Цябе я раздаўлю, чарвяк,
Бо мне сам Леў, лічы, сваяк.
Двух слоў на вушка дастаткова —
І ў пастку трапіш выпадкова».
* * *
Пакуль вышэйшае жуллё
Свой вызначала статус-кво,
Адэпты іншае маралі
Той мёд паціху расцягалі.
г. Мінск.