Сёння свой 80-ы дзень нараджэння адзначае Папа Рымскі Францыск. Ён праславіўся не толькі тым, што стаў першым папам Новага свету (апошнія 1200 гадоў абіралі выключна жыхароў Еўропы), але і дэмакратычнасцю, звычкай весці аскетычны лад жыцця без дарагіх аўтамабіляў і шматлікай аховы. За ўсяго некалькі гадоў яго работы адбылася адзіная ў сваім родзе сустрэча, якую ахрысцілі «эпахальнай» і «гістарычнай», — з кіраўніком Рускай праваслаўнай царквы Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам.
Трэба адзначыць, што пасля прыходу Папы Рымскага Францыска ўзаемаадносіны паміж Ватыканам і Беларуссю значна пацяплелі. Падчас свайго візіту ў Ватыкан Прэзідэнт Беларусі наведаў Папу Рымскага і запрасіў яго ў нашу краіну. Маўляў, нашто сустракацца на далёкай Кубе, калі можна зрабіць гэта на зямлі, што знаходзіцца ў цэнтры Еўропы і вядомая верацярпімасцю і талерантнасцю. Дарэчы, на гэтым тыдні, падчас цырымоніі ўручэння даверных грамат, апостальскі нунцый у Беларусі Габар Пінтэр выказаў гатоўнасць да арганізацыі візіту Папы і назваў гэта для сябе прыярытэтнай задачай. Ён падкрэсліў, што вельмі аптымістычна глядзіць на перспектывы развіцця адносін паміж Ватыканам і Беларуссю.
З 80-годдзем Папу Рымскага Францыска ад імя беларускага народа і сябе асабіста павіншаваў і Аляксандр Лукашэнка. «Вы падаяце нам прыклад сапраўднай веры і актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Жыхары нашай краіны вельмі ўдзячныя Вам за дзейнасць па захаванні і падтрымцы хрысціянскіх каштоўнасцяў, шчыры клопат пра мір ва ўсім свеце і надзённыя праблемы чалавецтва», — гаворыцца ў віншаванні. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што намаганні Папы Рымскага Францыска па ўмацаванні маральных асноў сучаснага грамадства праз развіццё супрацоўніцтва розных канфесій, зберажэнне традыцыйных інстытутаў сям'і выклікаюць павагу і ўдзячнасць вернікаў.
Вераніка ПУСТАВІТ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-pustavit
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:pustavіt@zvіzda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/papa-rymski-francysk