Да 125-годдзя аднаго з класікаў беларускай літаратуры, таленавітага перакладчыка, публіцыста, любімага многімі пакаленнямі чытачоў паэта Максіма Багдановіча тэлеканал «Беларусь 3» падрыхтаваў цэлы шэраг тэматычных праграм і фільмаў. Ужо з 6 снежня яны з'явіліся ў эфіры; а сёння, непасрэдна ў дзень нараджэння паэта, узяў пачатак адмысловы праект «Мой Багдановіч».
З 9 снежня ў эфіры «Беларусь 3» будуць выходзіць відэаролікі, дзе свае любімыя вершы аўтарства Максіма Багдановіча прачытаюць вядомыя беларусы — дзеячы культуры і мастацтва, прадстаўнікі мас-медыя: загадчык літаратурнага музея Максіма Багдановіча Марыя Запартыка, кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька, гендырэктар нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Ігар Поршнеў, музыкант ансамбля «Песняры» Вячаслаў Шарапаў, тэлевядучая Алена Спірыдовіч і іншыя.
Акрамя таго, 125-й гадавіне з дня нараджэння паэта будзе прысвечаны выпуск папулярнай тэлевіктарыны «Размаўляем па-беларуску», што выйдзе 10 снежня, і спецыяльны выпуск праграмы «Музеі Беларусі» 11 снежня, які пазнаёміць гледачоў з экспазіцыямі музейных устаноў у Мінску, Гродне і Ракуцёўшчыне.
Вікторыя ЗАХАРАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/viktoryya-zaharava
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/maksim-bagdanovich
[5] https://zviazda.by/be/tags/maksimu-bagdanovichu-125-god
[6] https://zviazda.by/be/tags/teletydzen
[7] https://zviazda.by/be/tags/belarus-3-2