Любімая справа адцягвае ад мітусні, дае магчымасць праявіць творчы патэнцыял, зняць напружанне, палепшыць эмацыянальны стан.
— Размова не ідзе пра чытанне бестселераў або прагляд тэлевізара, — гэта якраз наадварот, нараджае пачуццё непаўнацэннасці і ўнутранай пустэчы, можа нават узмацніць дэпрэсію, — тлумачыць урач-псіхатэрапеўт Мінскага гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Іна ЦЕЛЕШ. — Станоўчы ўплыў аказвае... рукадзелле. Калі чалавек укладвае энергію ва ўзаемадзеянне з іншым чалавекам, музычным інструментам, мальбертам, то нібы становіцца часткай сістэмы — большай, чым яго індывідуальнасць. І гэта зніжае трывогу, якая назапашваецца штодня. Даўно даказана, што рукадзелле знімае стрэс, дапамагае пазбавіцца псіхалагічнага напружання, аднаўляе нервовую сістэму. Акрамя таго, заняткі, якія патрабуюць канцэнтрацыі ўвагі і ўключаюць дробную маторыку, прымушаюць працаваць наш мозг, што папярэджвае развіццё зніжэння інтэлекту, хваробу Альцгеймера.
Вязанне на спіцах, кручком, вышыванне, шыццё, бісерапляценне — усё гэта яшчэ і паляпшае стан пры захворваннях нырак і сардэчна-сасудзістай сістэмы, пазбаўляе галаўнога болю і бяссонніцы, спрыяльна адбіваецца на рабоце сасудаў, дыхальнай сістэме, нармалізуе абмен рэчываў.
Звярніце ўвагу і на некаторыя новыя віды хобі. Квілінг, або папераскручванне, — стварэнне кампазіцый з дапамогай скручаных палосак каляровай паперы. Фелтынг — стварэнне сумак, шаляў, галаўных убораў, дэкор адзення з дапамогай спецыяльных інструментаў і шэрсці. Дэкупаж — тэхніка дэкарыравання, якая дазваляе ўпрыгожыць практычна любую паверхню (керамікі, дрэва, шкла і інш.). Пэчворк — сшыванне розных па колеры і фактуры кавалачкаў тканіны. Карвінг — мастацтва фігурнай нарэзкі гародніны і фруктаў (стала модным нават дарыць «букеты» і фруктовыя карзіны, вырабленыя ў гэтай тэхніцы). Асвоіць усё гэта можна з дапамогай бясплатных курсаў, якія няцяжка знайсці ў інтэрнэце.
Святлана Барысенка
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-barysenka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] mailto:protas@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/kraina-zdarouya
[6] https://zviazda.by/be/tags/hobi
[7] https://zviazda.by/be/tags/stres
[8] https://zviazda.by/be/tags/tryvoga
[9] https://zviazda.by/be/tags/emacyyanalnae-napruzhanne