Пачынаючы з 1990-х спецыялісты пачалі звяртаць увагу на значна меншую працягласць жыцця нашых мужчын у параўнанні з жанчынамі. Сёння размова ідзе пра розніцу ў 10—11 гадоў. У Еўропе гэты разрыў таксама ёсць, аднак размова ідзе ўсяго пра 3—4 гады. Летась меркаваная працягласць жыцця ў мужчын склала 68,6 года, у жанчын — 78,9. Сваімі думкамі адносна сітуацыі дзеляцца кардыёлаг, уролаг і псіхіятр.
Намеснік дырэктара па арганізацыйна-метадычнай рабоце Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Кардыялогія», кандыдат медыцынскіх навук Аляксандр ПАЦЕЕЎ:
— Захворванні сістэмы кровазвароту ў мужчын сустракаюцца вельмі часта. За 35 гадоў колькасць хворых вырасла ў 35 разоў. З аднаго боку, больш распаўсюджанымі сталі фактары рызыкі, а з другога — палепшыліся дыягнастычныя магчымасці медыцыны. Колькасць выпадкаў інфаркту міякарда ў апошнія гады зніжаецца, але пераважна сярод жанчын і за выключэннем узроставай групы пасля 70-ці. Агульная смяротнасць ад інфаркту знізілася за 20 гадоў на 3 працэнты, у працаздольным узросце — на 14 працэнтаў. У цэлым мужчыны працаздольнага ўзросту гінуць значна часцей за жанчын.
Летась ва ўзросце 50—55 гадоў розніца смяротнасці ад інфаркту міякарда сярод мужчын і жанчын склала 9,6 раза.
Сярод фактараў рызыкі па страце гадоў, звязаных з інваліднасцю і ранняй смяротнасцю ў мужчын, на першым месцы — злоўжыванне алкаголем, далей ідуць тытунёвая залежнасць, павышаны артэрыяльны ціск, высокі ўзровень халестэрыну, недастатковае ўжыванне фруктаў і агародніны, атлусценне, нізкая фізічная актыўнасць. Дарэчы, для таго каб дакладна ведаць аб распаўсюджанасці фактараў рызыкі ў краіне, Міністэрствам аховы здароўя сумесна з Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя праводзіцца маштабнае даследаванне STEPS. Калі б нам удалося выдаліць, напрыклад, ужыванне алкаголю, то адно гэта адразу знізіла б смяротнасць сярод мужчын на чвэрць. Што да курэння, то вопыт яго забароны ў грамадскіх месцах у еўрапейскіх краінах забяспечыў зніжэнне захваральнасці на інфаркт міякарда на 17 працэнтаў усяго праз шэсць месяцаў пасля прыняцця рашэння. Мы, кардыёлагі, падтрымліваем любыя меры па забароне, зніжэнні ўжывання алкаголю і тытуню.
Недастатковая фізічная актыўнасць згубна адбіваецца на рабоце сэрца і сасудаў, а сёння мы бачым катастрафічнае распаўсюджанне гіпадынаміі. Яшчэ пакаленне таму назад у падлеткаў фізічная актыўнасць была дастатковай, чаго не скажаш пра дзень сённяшні. Нельга скідваць з рахункаў і фактары знешняга ўздзеяння — якасць паветра і вады ў першую чаргу, і ад гэтага наша здароўе залежыць ажно на 7 працэнтаў. Гэта вялікі паказчык, але тут патрэбны комплексны падыход, а не толькі і не столькі намаганні канкрэтнага чалавека, здольнага самастойна адкарэкціраваць уласны лад жыцця.
Загадчык кафедры ўралогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, галоўны пазаштатны ўролаг Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, доктар медыцынскіх навук, прафесар Аляксандр СТРОЦКІ:
— Ад уралагічнай паталогіі пакутуе, вядома, менш мужчын, чым ад інфаркту. Аднак гаварыць пра нізкую смяротнасць ад уралагічных захворванняў не выпадае, таму што свой шкодны ўнёсак у гэту справу робіць рак прастаты — гэта другое па распаўсюджанасці ў мужчын анкалагічнае захворванне. Для паляпшэння ранняга выяўлення гэтага віду раку цягам апошніх трох гадоў у Салігорску, Мінску і Маладзечне мы праводзім скрынінг — абследуем здаровых мужчын ва ўзросце пасля 50-ці. Паводле папярэдніх вынікаў, захворванне на ранніх стадыях пачало выяўляцца ў два разы часцей. Ёсць намер зрабіць скрынінг агульнарэспубліканскім.
Ранняе выяўленне раку прастаты дазваляе мужчыне нармальна жыць на працягу пятнаццаці гадоў.
Пра здароўе мужчынам трэба пачынаць думаць не тады, калі ім спаўняецца 60. Пачынаць варта ад моманту зачацця. Нездарма, напрыклад, двойчы падчас цяжарнасці жанчына абследуецца на выяўленне парокаў развіцця плода. А кожны трэці парок развіцця — гэта паталогія мочапалавой сістэмы, і распаўсюджана яна ў большай ступені сярод хлопчыкаў. Далей, у падлеткавым узросце, нармальнае фізіялагічнае развіццё павінны адсочваць эндакрынолагі. Калі тут будуць праблемы, гэта пацягне за сабой і праблемы псіхалагічнага, сацыяльнага кшталту. Ёсць у сучасных мужчын і праблема з плоднасцю. У кожнай дзясятай пары ўзнікаюць праблемы з зачаццем. Пры гэтым на 45 працэнтаў бясплоднасць пары абумоўлена здароўем жанчыны, яшчэ на 45 — здароўем мужчыны і на 10 працэнтаў — абаіх. У найбліжэйшы час плануецца распрацаваць новыя падыходы да вырашэння праблемы бясплоднасці.
Ад 18 да 50 гадоў нашы пацыенты хварэюць пераважна на запаленчыя захворванні. 40—60 працэнтаў мужчын да 50 гадоў маюць праявы прастатыту. І ў першую чаргу гэта праблема мужчын, якія мала рухаюцца і шмат сядзяць. Застойным з'явам у органах малога тазу спрыяе, дарэчы, і злоўжыванне алкаголем. Мы кажам нашым пацыентам аб шкодзе вялікіх доз таго ж каньяку і іншых моцнаградусных напояў, але ці чуюць яны нас?
Крыху часцей у мужчын у параўнанні з жанчынамі сустракаецца мочакаменная хвароба, але сёння для яе лячэння адкрытыя аперацыі прымяняюцца толькі ў 6—8 працэнтах выпадкаў, ва ўсіх астатніх праблема вырашаецца шляхам эндаскапіі або прымяняецца дыстанцыйнае здрабненне.
З узростам у мужчын развіваецца дабраякасная гіперплазія прастаты, або адэнома. Гэта не паталогія, а нармальнае пастарэнне арганізма. 75 працэнтаў выпадкаў адэномы прастаты не падлягаюць ні медыкаментознаму, ні хірургічнаму лячэнню. Астатнія лечацца пераважна медыкаментамі, якія дазваляюць зняць сімптомы, і толькі 12—14 працэнтаў пацыентаў аперыруюцца, у тым ліку эндаскапічным метадам.
Штогод мужчына ва ўзросце пасля 30 гадоў страчвае каля 2 працэнтаў узроўню тэстастэрону, і да 50 гадоў прыкладна палова мужчын мае праблемы з патэнцыяй. Грубыя парушэнні сустракаюцца толькі ў 5 працэнтаў, сярэднія — у 15-ці, у астатніх — лёгкія. Адна справа, калі парушэнне эрэкцільнай функцыі ўзнікае ў сталым узросце, і зусім іншая — у сярэднім. Запомніце, шаноўныя мужчыны, што гэта ёсць грубае парушэнне рэжыму працы і адпачынку. Нельга працаваць 24 гадзіны ў суткі і пяць гадоў запар без перапынку. Любая праца павінна чаргавацца з адпачынкам, вучыцеся правільна арганізоўваць працоўную дзейнасць. Нават мужчына з самым высокім узроўнем тэстастэрону аднойчы стане заложнікам гэтай праблемы, калі не будзе пераключацца, не перастане сядзець па начах за камп'ютарам.
Намеснік дырэктара па медыцынскай часці Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя, кандыдат медыцынскіх навук Сяргей ОСІПЧЫК:
— Гармон тэстастэрон робіць мужчын больш схільнымі да рызыкоўных паводзін. За кошт істотнай долі нечаканай смяротнасці ў працаздольным узросце — тут і дарожна-транспартныя здарэння, і суіцыды, і спажыванне алкаголю — агульная смяротнасць сярод мужчын і атрымліваецца вышэйшая... Некаторыя прадстаўнікі дужага полу аказваюцца сёння ў дзіўнай для сябе ролі — застаюцца, напрыклад, даглядаць дзіця, а жонка тым часам працуе. Нехта сутыкаецца з праблемай вызначэння сваёй ролі, не можа зразумець, што адбываецца, і пачынае збягаць ад рэальнасці з дапамогай алкаголю. У больш як палове выпадкаў заўчаснай гібелі напярэдадні мае месца злоўжыванне спіртным. Сусветная арганізацыя аховы здароўя фарміруе ўжо паняцце «алкагалізму ўікенду», калі ў выхадныя чалавек спажывае празмерную дозу градусных напояў.
Бясшкодных доз алкаголю не існуе, таму што гэта арганічны растваральнік, які губіць клеткі любога органа.
Дзякуючы добрым адаптацыйным механізмам арганізма, алкаголь ператраўліваецца, аднак прадукты яго перапрацоўкі шкодзяць здароўю. Моцныя напоі наогул павінны адысці ўбок, аднак і на віно не варта налягаць. Яго пазітыўны эфект для здароўя абумоўлены антыаксідантамі — тым жа рэсвератролам. Дык ці не лепей у такім выпадку проста ўжываць вінаград?
Мы дасягнулі за апошнія гады зніжэння ўзроўню ўжывання алкаголю на душу насельніцтва да 9,5 л, хоць гэта па-ранейшаму досыць высокі паказчык. У нас ужо дзейнічаюць пэўныя абмежаванні доступу да алкаголю, аднак неабходна яшчэ фарміраваць паводзіны, скіраваныя на захаванне здароўя, — сустрэча павінна быць не за выпіўкай, а на спартыўнай пляцоўцы. І гэта шлях, па якім ідуць многія краіны. У Швецыі, напрыклад, фактычна няма затрымання кіроўцаў у стане алкагольнага ап'янення, як няма і фактаў гібелі ў выніку кіравання аўтамабілем нападпітку.
Мужчыны іначай рэагуюць на стрэс і не так, як жанчыны, спрабуюць з ім спраўляцца. Жанчыны могуць пазбавіцца сваёй экспрэсіі ў час размоў з сяброўкамі, а мужчыны, наадварот, эмацыянальныя інтраверты — не схільныя гаварыць аб сваіх праблемах, імкнуцца не заўважаць свае балячкі, іх пазіцыя — «я вып'ю, і ўсё пройдзе». А вось у дэпрэсіі мужчына можа стаць больш агрэсіўным, схільным да авантурных паводзін. Таму дужы пол трэба навучаць гаварыць аб сваіх праблемах. З'явілася бяссонніца — трэба не за каньяк брацца, бо нічым добрым гэта не скончыцца, а ісці да псіхатэрапеўта, які ёсць ужо ў кожнай паліклініцы.
Святлана Барысенка
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-barysenka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] mailto:protas@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/kraina-zdarouya
[6] https://zviazda.by/be/tags/muzhchyny
[7] https://zviazda.by/be/tags/rak-prastaty-0
[8] https://zviazda.by/be/tags/urach
[9] https://zviazda.by/be/tags/hvaroba
[10] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-paceeu
[11] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-strocki
[12] https://zviazda.by/be/tags/syargey-osipchyk