Адным з напрамкаў дзейнасці ў межах Парыжскага пагаднення з'яўляецца павышэнне ролі ўзнаўляльных крыніц энергіі: ва ўсім свеце яны павінны калі не замяніць поўнасцю, то зменшыць долю выкарыстання торфу, вугалю і іншых вычарпальных паліўных рэсурсаў. Якія змены ў гэтым накірунку плануюцца ў нашай краіне, расказалі спецыялісты.
Па словах намесніка начальніка ўпраўлення рэгулявання ўздзеянняў на атмасфернае паветра і водныя рэсурсы Мінпрыроды Андрэя Піліпчука, для мэт Парыжскага пагаднення прынята рашэнне аб тым, каб развітыя краіны фінансавалі нізкавугляроднае развіццё: павышэнне долі ўзнаўляльных крыніц энергіі, рэалізацыю інфраструктурных праектаў, якія датычацца адыходу ад высокавугляродных відаў паліва (мазуту, торфу, вугалю).
— Гэтыя стратэгіі краін гавораць пра тое, что сёння ва ўсім свеце зададзены зусім іншы, высокаэнергаэфектыўны і нізкавугляродны трэнд, — адзначыў Андрэй Піліпчук. — Сёння ўсе буйныя фінансавыя інстытуты ўключылі ў свой партфель кліматычны складнік як адзін з асноўных.
Сёння Міжнародная фінансавая карпарацыя працуе над стварэннем энергетычнай праграмы для краін Цэнтральнай Азіі і Еўропы, у тым ліку і для Беларусі. У яе тэхнічным заданні ўказана «разгледзець аб'ём фінансавання ў мадэрнізацыю буйных устарэлых энергетычных магутнасцяў у залежнасці ад аб'ёму ўкаранення ў краіне ўзнаўляльных крыніц энергіі».
— Гэта здаецца дастаткова дакладным пасылам — памер сродкаў, якія могуць паступіць ад стабільных і паспяховых донараў, будзе залежаць ад развіцця ў краіне ўзнаўляльнай энергетыкі, — сказаў Андрэй Сцяпанавіч.
Як паведаміў начальнік аддзела навукова-тэхнічнай палітыкі і знешнеэканамічных сувязяў Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Мінянкоў, у параўнанні з 1990 годам энергаёмістасць ВУП у нашай краіне знізілася ў 3,3 раза, а доля ўласных энергарэсурсаў у паліўна-энергетычным балансе вырасла з 8,6 да 15,7%. У сферы ўзнаўляльнай энергетыкі дзейнічае больш за 3200 кацельных на драўняным паліве, 17 біягазавых установак, больш за 50 гідрастанцый і 50 ветраэнергетычных установак, а таксама 29 фотаэлектрычных («сонечных») станцый. Сёлета паказчык выкарыстання ўзнаўляльных крыніц энергіі ў валавым спажыванні складзе 5,7%, а ў 2020 годзе ён павінен вырасці да 6%.
Нягледзячы на поспехі ў гэтай сферы, нам ёсць куды яшчэ імкнуцца, упэўнены Андрэй Піліпчук. Калі на 2014 год энергаёмістасць ВУП Беларусі склала каля 0,19 тоны ў нафтавым эквіваленце на 1000 долараў ВУП, то сярэдняя велічыня гэтага паказчыка па краінах Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця — 0,13 тоны. Адстае наша краіна і па паказчыку вугляродаёмістасці: 0,41 тоны СО2 на 1000 дол. ВУП супраць 0,20 тоны СО2 на 1000 дол. ВУП у краінах АЭСР. Гэта адставанне вядзе да страты канкурэнтаздольнасці беларускай прадукцыі на знешніх і ўнутраным рынках, — адзначыў прадстаўнік Мінпрыроды.
Ці патрэбная «зялёная» энергія насельніцтву?
Па словах Андрэя Мінянкова, у Аўстрыі арганізацыі і прадпрыемствы плацяць за выкарыстанне электраэнергіі менш за насельніцтва. Для буйнога бізнесу гэты тарыф складае 5-6 еўрацэнтаў за 1 кВт/гадзіну, для насельніцтва — 20—22 еўрацэнты за 1 кВт/гадзіну. Сабекошт жа выкарыстання ўзнаўляльных крыніц энергіі складае каля 8-9 еўрацэнтаў. Акрамя таго, фізічныя асобы могуць назапашваць электраэнергію ў акумулятарных устаноўках ці па невялікіх тарыфах прадаваць яе ў агульную энергасістэму.
— У нас, на жаль, такой пабуджальнай сілы выкарыстоўваць УКЭ пакуль няма, бо ў Беларусі тарыфы для насельніцтва меншыя за тарыфы для юрыдычных асоб, — сказаў Андрэй Мінянкоў.
Але праз некаторы час сітуацыя можа змяніцца, калі, згодна з палажэннямі Стратэгіі развіцця энергетычнага патэнцыялу Рэспублікі Беларусь, тарыфы на энергію для насельніцтва будуць даведзены да ўзроўню 100-працэнтнага пакрыцця выдаткаў.
— Калі гэты паказчык вырасце да тых жа 8-9 цэнтаў, людзі пачнуць думаць, што ім больш выгадна: браць энергію з сеткі ці выпрацоўваць сваю з дапамогай узнаўляльных крыніц энергіі, а лішкі прадаваць. І гэта, на нашу думку, будзе галоўным стымулам для развіцця УКЭ ў прыватнай сферы, — патлумачыў Андрэй Піліпчук.
Вераніка КОЛАСАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kolasava-1
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/ekalogiya
[4] mailto:kolasava@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/karani-i-krony
[6] https://zviazda.by/be/tags/ekalogiya
[7] https://zviazda.by/be/tags/zyalyonaya-energiya
[8] https://zviazda.by/be/tags/pryroda
[9] https://zviazda.by/be/tags/minpryrody