Як не захварэць, а калі захварэў, то як жыць якасна і даўжэй, тлумачыць намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай часці Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння Ірына ХМАРА.
Кожны адзінаццаты ў свеце хварэе на цукровы дыябет. Паводле прагнозаў, да 2040 года будзе ўжо кожны дзясяты. У нашай краіне колькасць такіх хворых таксама расце. Сёння на дыспансерным уліку ўжо 287 тысяч пацыентаў з дыябетам 2 тыпу, больш за 17 тысяч — 1 тыпу.
Для выяўлення рызыкі наступлення захворвання прымяняецца спецыяльная анкета-апытальнік, а таксама аналіз крыві на глюкозу і спецыяльны аналіз на глікіраваны гемаглабін.
У групе рызыкі па развіцці дыябету 2 тыпу — мужчыны з аб'ёмам таліі больш за 94 см і жанчыны з таліяй больш за 80 см. Тыя, у каго індэкс масы цела перавышае 28 кг/м2, а ўзрост — больш за 40 гадоў. Хто мала рухаецца і не праходзіць на працягу тыдня хоць бы неабходныя 150 хвілін. Хто няправільна харчуецца — з лішкам тлушчу і вугляводаў, дэфіцытам агародніны і фруктаў, вітамінаў. Курэнне і спажыванне алкаголю — дадатковы фактар рызыкі. Значэнне будуць мець павышаны артэрыяльны ціск, высокі ўзровень халестэрыну, а таксама наяўнасць цукровага дыябету ў сваякоў.
Для прафілактыкі будзе важным не набіраць вагу, мяняць свае харчовыя паводзіны — у першую чаргу скарачаць долю простых вугляводаў. Трэба сачыць за ўзроўнем халестэрыну, больш рухацца і не курыць. Асаблівую насцярожанасць трэба праяўляць і людзям з іншымі хранічнымі захворваннямі, напрыклад, з панкрэатытам, эндакрыннай паталогіяй.
Калі дыягназ пастаўлены, самае важнае — як мага хутчэй прыступіць да выканання рэкамендацый урача, каб не ўпусціць час пачатку лячэння. Гэта важна для захавання клетак падстраўнікавай залозы. Аднак перш-наперш неабходны здаровы лад жыцця. Давядзецца павялічыць фізічную актыўнасць, пазбавіцца шкодных звычак, пачаць правільна харчавацца.
Лячыць захворванне так, як прадпісаў урач, значыць, прадухіляць і адтэрміноўваць наступленне ўскладненняў. Пры дыябеце 2 тыпу без здаровага ладу жыцця і адэкватнага лячэння істотна павялічваецца рызыка інфаркту міякарда, інсульту, дыябетычнай нефрапатыі, гангрэны і ампутацыі ніжніх канечнасцяў.
На базе паліклінік і лячэбных аддзяленняў бальніц у краіне працуюць 229 школ дыябету, дзе пацыентаў вучаць падтрымліваць якасць жыцця і кантраляваць захворванне. 13 кабінетаў дыябетычнай ступні — гэта спецыялізаваная дапамога хворым са змяненнямі ў нагах. Распаўсюджаныя некалі траўматычныя ампутацыі сустракаюцца радзей, звычайна размова ідзе пра мінімальныя хірургічныя ўмяшанні. Дзякуючы назіранню і своечасоваму абследаванню, комплекснаму лячэнню зніжаецца і колькасць паталогій вачэй.
На базе Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння працуе Рэспубліканскі цэнтр эндакрыннай паталогіі. Тут і дзеці, і дарослыя могуць абследавацца ва ўрача-энакрынолага, вузкіх спецыялістаў, магчыма правядзенне неабходных лабараторных і іншых відаў даследаванняў, а таксама выконваецца лазерная каагуляцыя сятчаткі для лячэння дыябетычнай рэцінапатыі.
Цукровы дыябет 1 тыпу развіваецца як у дзяцей, так і ў падлеткаў. Першы пік прыпадае на 5-6 гадоў, другі — на час палавога выспявання.
— Да 2020 года прагназуецца падваенне колькасці дашкольнікаў з дыябетам 1 тыпу, — кажа галоўны пазаштатны дзіцячы эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Анжэліка СОНЦАВА. — На развіццё захворвання будзе ўплываць не толькі генетыка — устаноўлена каля 40 генетычных локусаў, якія спрыяюць развіццю цукровага дыябету. Паўплываць могуць і шматлікія знешнія моманты. Напрыклад, увядзенне ранняга, да 4 месяцаў, прыкорму, ужыванне каш на аснове глютэну, сумесяў на каровіным малацэ, дысбаланс вітамінаў, асабліва дэфіцыт вітаміну Д, а таксама перанесеныя энтэравірусныя інфекцыі, пастаяннае ўздзеянне вялікай колькасці хімічных злучэнняў.
Захворванне ў дзяцей таксама здольнае прыводзіць да ўскладненняў, звязаных з пашкоджаннем сасудаў. Церпяць вочы, печань, сардэчна-сасудзістая сістэма. Колькасць ускладненняў за апошнія гады знізілася дзякуючы даступнасці, у тым ліку на абласным узроўні, амбулаторных і стацыянарных школ навучання бацькоў.
З лета гэтага года дзеці забяспечваюцца на бясплатнай аснове трыма тэст-палоскамі ў дзень для кантролю ўзроўню глюкозы. Большасці дзяцей, якія знаходзяцца на шматразовых ін'екцыях інсуліну, рэкамендуецца адсочваць узровень цукру ў крыві 4-5 разоў у дзень. Дарослым з 1-й і 2-й групамі інваліднасці выдаюцца на бясплатнай аснове дзве тэст-палоскі.
Святлана Барысенка
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-barysenka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] mailto:protas@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/kraina-zdarouya
[6] https://zviazda.by/be/tags/cukrovy-dyyabet
[7] https://zviazda.by/be/tags/urach
[8] https://zviazda.by/be/tags/zahvorvane
[9] https://zviazda.by/be/tags/iryna-hmara