Адчапіцца ад абрыдлага вам бойфрэнда не так і складана — варта толькі праявіць крыху кемлівасці і артыстызму. І... выбраць правільную тактыку.
«Міс Неадэкватнасць»
Дзівацтвы і непрадказальнасць жанчыны нічога, акрамя забабоннага жаху, у мужчын не выклікаюць. Таму смела трымайцеся прынцыпу «Не чакайце дзіва — дзівачце самі»: навучыцеся вычварным словам і жэстам, дэманструйце недарэчныя эмоцыі. Напрыклад, гучна рагачыце, калі кавалер расказвае вам пра смерць любімага коціка. Альбо захапіцеся эзатэрыкай і стамляйце яго штодзённым гараскопам або раскладаннем карт таро. А яшчэ вазьміце за правіла тэлефанаваць «каханаму» сярод ночы з просьбай прадэкламаваць што-небудзь з творчасці, скажам, Іосіфа Бродскага. І абавязкова дапоўніце свой вобраз гардэробам а-ля гарадская вар'ятка.
Як гэта дзейнічае? Мужчына імкнецца да такіх стасункаў, якія б ураўнаважвалі яго жыццё, давалі магчымасць чэрпаць у іх рэсурсы. А калі з жанчынай не ведаеш, чаго чакаць, — гэта напружвае.
«Атэла ў спадніцы»
Галоўны прынцып гэтай стратэгіі — татальны кантроль над жыццём мужчыны. Раўнуйце яго да ўсіх прадстаўніц жаночага полу, якія маюць да яго хоць нейкае дачыненне, — да сястры, калег, прадаўшчыцы ў краме і да т.п.
Тэлефануйце яму кожныя 15 хвілін і патрабуйце даць справаздачу, дзе ён і з кім. Штодня правярайце ўсе яго акаўнты ў сацсетках і, вядома, SMS! Прычым кожны раз настойвайце на тлумачэннях у сувязі з усімі выяўленымі там фактамі — дададзенымі сябрамі, фотаздымкамі і інш.
Як гэта дзейнічае? У кожнага чалавека павінна быць права на асабістую прастору. А беспрычынная рэўнасць, пастаянны кантроль, забарона на сустрэчы з сябрамі «забіваюць» нават самыя моцныя пачуцці.
«Мамачка»
Мужчынам, безумоўна, падабаецца клопат пра іх, але да таго часу, пакуль ён не перарастае ў звышапеку. Таму ваша мэта — стаць другой маці для свайго паклонніка. Нястомна завіхайцеся на кухні, гатуючы для яго розныя стравы. А калі раптам ён скажа, што не галодны, страшна пакрыўдзіцеся! Дакучліва цікаўцеся станам яго здароўя: ці не схуднеў ён; чаму такі бледны; ці ўсё ў парадку з кішэчнікам... Пры нязначнай скарзе бойфрэнда на недамаганне адразу з заклапочаным выглядам бяжыце ў аптэку — яго трэба ратаваць!
Як гэта дзейнічае? «Жанчына-маці» заўсёды ставіць мужчыну ў зневажальнае становішча маленькага бездапаможнага дзіцяці. І пры такім раскладзе ў яго проста атрафіруецца любая цяга да яе.
«Свой хлопец»
У гэтым выпадку вам варта пазбавіць сябе якой бы там ні было жаноцкасці і сексуальнасці. Насіце мешкаватае адзенне, забудзьцеся пра макіяж. А сваю раптоўную «змену» раслумачце тым, што не жадаеце марнаваць час на ўсялякае глупства.
Хадзіце разам з «каханым» і яго сябрамі на спартыўныя матчы і ў клубы. І адрывайцеся там на роўных з усімі.
Як гэта дзейнічае? У такіх стасунках сціраюцца ўсе палавыя адрозненні. Апроч таго, падобная «аголенасць» у бытавым плане пазбаўляе жанчыну загадкі, чароўнасці. Мужчына пачынае ўспрымаць яе як сябра або суседку па кватэры.
«Меркантыльная блудніца»
Гэта толькі ў эратычных фільмах мужчыны любяць распусных дзяўчат у латэксе, а на справе такія дамы адштурхоўваюць іх не менш, чым мужчынападобныя. Таму старайцеся адзявацца як мага больш вульгарна: чырвоная памада, глыбокае дэкальтэ, калготкі ў сетачку і лакавыя батфорты — хай усяго будзе шмат!
Пры гэтым падкрэслівайце, што ў вас у прыярытэце толькі заможныя паклоннікі, таму і яму нядрэнна было б раскашэліцца.
Як гэта дзейнічае? У сур'ёзных адносінах мужчыну ніколі не задаволіць той факт, што ён усяго толькі перавалачны пункт, які, да таго ж, выкарыстоўваюць.
Калі ж вам трапіўся зусім ужо «моцны арэшак» і ніводны з прапанаваных спосабаў не дзейнічае, можа, варта прыгледзецца да яго лепш? Раптам гэта тое самае, сапраўднае каханне?
Вера ФЕМІНА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/vera-femina
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/usyo-pra-evu
[4] https://zviazda.by/be/tags/muzhchyna-i-zhanchyna
[5] https://zviazda.by/be/tags/boyfrend
[6] https://zviazda.by/be/tags/kavaler
[7] https://zviazda.by/be/tags/zhanih