Казак Валянціна Спірыдонаўна нарадзілася 1 ліпеня 1946 года ў вёсцы Новыя Бездарычы Абухаўскага раёна Кіеўскай вобласці. Вучылася і працавала журналістам у Кіраваградзе, Вінніцы і Кіеве. З 1968 г. член Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны, з 1979 — Нацыянальнага саюза пісьменнікаў Украіны.
Аўтар зборнікаў паэзіі «Сурми серця» (1975), «Чистi росі» (1981), «Поклик літа» (1988), «Гарячі Барви» (1988), «За Україну молюсь» (2011), «Чорно-біла доля» (2012) і іншых, кніг для дзяцей, фальклорных выданняў. Творы былі перакладзеныя на рускую, беларускую, нямецкую, кабардзінскую, балкарскую, малдоўскую і іншыя мовы.
Лаўрэат шматлікіх узнагарод, у тым ліку прэміі імя Міколы Трублаіні (1977), Сцяпана Руданскага (1996), фестывалю сытыры «Київ-92» (1992).
Чарнобыля бура
Чорна-белая доля
трэнас-паэма
Чорна-белая доля, чорна-белая…
Чарнобылем доля пабегла,
Бегла, бегла, не спытала:
«А на каго ж маці засталася?»
Чарнакрылая доля, чарнакрылая,
Чарнобылем глебу накрыла,
Накрывала глебу, не спытала:
«А на каго ж любая засталася?»
Вярталася, вярталася, доля, дадому,
Не кажы ты праўды нікому!
Чаму лясы нашыя пашарэлі?
Чаму дзеці нашыя памарнелі?
Чорна-белая доля, чорна-белая…
Чарнобылем доля пабегла.
Бегла гаротніца, не спытала
«А на каго ж Украіна засталася?»
З горам напалову цячэ вада
1.
З чорнага пекла Чарнобыля,
Змяінага чорнага горла
Праклёнам, журбою тут коціцца
Клубок векавечнага гора.
То страты горш за ардынскія,
Помста, праклёны і кара.
За знявагі слёз мацярынскіх
Каменнем злятаюць Ікары.
2.
Жываносныя воды Прыпяці!
Ачысціце нас, наталіце,
Дняпро шматпакутны, выжыві!
Слязьмі спорнымі рэкі атручаны,
Па Украіне цякуць.
Бяда сама не прыходзіць: з бядою
Белакроўнае племя калін.
Чым тыя раны загоіць
Мая Украіна,
Каб мудрым быў сын?!
«Я “не плачу, а выю сувора…1”
Над пажарамі славянскіх перлін.
У Прыпяці пад Гетмана дубраваю
Я не буду адзін…»
1 Радок з Т. Шаўчэнкі.
***
Вязуць нас у «зону», мама!
(З ліста салдата-ліквідатара аварыі на ЧАЭС)
У лесе Тоўстым, у лесе,
Дзе людзі мелі мажлівасць хавацца,
Цяпер бегаюць звяры аблыселыя
Плутоніевымі сцежкамі —
Мама, нам тут не схавацца!
* * *
А лён цвіце сіні-сіні,
А маці чакае дадому сына.
В. Юхімовіч
Лён уночы
Расквітнеў.
— Дзе ж мае сыны? —
вецер спытаў.
Сінім квітнее
Лёну рака.
Прыпяць цячэ —
З журбою яна.
Пчолы гудуць,
Хлопцы мае
Ідуць на рэактар —
Прыпяць цячэ.
Ой у лузе, у даліне
На каліну вецер вее —
каліна не спее.
(З народнай песні)
Ой у лузе, у даліне
Квітнее каліна.
Выраджала у Чарнобыль
Маці рана сына.
А ўжо ж тая калінанька
На марозе грае,
Чагось доўга сын вайсковы
Назад не вяртае…
А ўжо ж тую калінаньку
Паклявалі зграі.
А калінавыя зернейкі
Каменне прабіваюць…
Мацяркам
Маёй сівізны свет палыну,
Тваёй сівізны чорны палын.
І не забудуць, і не пакінуць
Думкі месца, дзе загінуў сын.
За Зямлю загінуў.
З-за чужых правінаў.
І не даруе, і не пакіне
Зямля гэтая — мая Украіна.
Сумныя рэаліі
Сцябецца Саламянка і Падол,
Ужо слэнгам ботае Кіеў.
Курсы грыўняў вышэй крыжоў.
«Долар, еўра, кошты-павеі…»
* * *
Паўз вейкі сонца не льецца — сніцца Чарнобыль,
сістэма пералівання крыві.
Чарнобылезалежныя мы
ад любові,
Болем абменьваемся,
болем як промнем.
А нам шэпчуць:
«Ужо вы здаровыя!»
* * *
Вяртайся, зямелька, са скрухі,
Ты, палескі атручаны край,
З-пад падману чужынскае мукі
Павярніся і зёлкай хутчэй прарастай!
Хоць палыном, дзе раней было жыта,
Дзе каліна расла, цяпер саркафаг!
Катастрофы сустветнай сталіца,
Чарнабровы Чарнобыль ў дымах!
Мы на гэтай зямлі тут спрадвеку,
І ніколі нас не забіць.
Жыта памяці ўзыдзе зялёным,
А душа тое ведае і прамаўчыць.
Плач па чарнобыльцах
Ты не вер ім, мама,
Што я паміраю,
Ты не вер, каханая,
Я ж так мала жыў —
Стану ветрам шалёным,
Зялёным клёнам у гаі,
Стану небам высокім —
У ззянні зламаных крылаў.
Тое жах ці адвага? —
А я не знаю —
Нас было там багата —
Маладыя ў гаі.
Стануць ветрам шалёным,
Зялёным клёнам у гаі,
Стануць небам высокім —
У ззянні зламаных крылаў.
— Што за вецер шалёны? —
Дачка запытала.
— Што за клён той зялёны? —
Жонка спытае.
Толькі маці заплача,
Украіна спявае:
«Іх Чарнобыля бура
Атруціла. Журба.»
Пераклад з украінскай Адама ШОСТАКА.