На тэрыторыі Веткаўскага спецлясгаса работнікі Гомельскай міжрайінспекцыі заўважылі аўтамабіль «Опель» і вырашылі праверыць законнасць яго знаходжання ў зоне радыеактыўнага забруджвання. Аднак замест таго, каб спыніцца, вадзіцель прыбавіў хуткасці і паспрабаваў уцячы.
Праследаванне цягнулася нядоўга: паблізу вёскі Покаць парушальнік раптоўна спыніўся і кінуўся ў лес, аднак праз лічаныя хвіліны быў затрыманы, паведамілі ў Дзяржінспекцыі. Высветлілася, што раней ён неаднойчы прыцягваўся да адміністрацыйнай і нават крымінальнай адказнасці за незаконнае рыбалоўства. Але на гэты раз ні сетак, ні рыбы ў мужчыны ў машыне не было. Затое ў багажніку дзяржінспектары выявілі сумку з грыбамі. Іх затрыманы назбіраў на забруджанай радыенуклідамі тэрыторыі. Не выключана, што 7,5 кілаграма «брудных» маслякоў ён планаваў прадаць. У адносінах да мужчыны складзены два адміністрацыйныя пратаколы. За парушэнне правіл нарыхтоўкі грыбоў яму пагражае да 20 базавых велічынь. Яшчэ да 50 базавых — за непадпарадкаванне службовым асобам.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/zdarenni
[3] https://zviazda.by/be/tags/radyyonuklidy
[4] https://zviazda.by/be/tags/grybnik
[5] https://zviazda.by/be/tags/gryby
[6] https://zviazda.by/be/tags/dzyarzhinspekcyya