Міжнародныя спаборніцтвы па скачках на лыжах на ваду ўжо другі раз збіраюць у Мінску самых лепшых лыжных акрабатаў. Сёлета турнір быў прымеркаваны да 30-годдзя фрыстайла ў Беларусі. Больш за 50 спартсменаў з шасці краін (Вялікабрытаніі, Швейцарыі, Казахстана, Расіі, Украіны і Беларусі) разыгралі два камплекты ўзнагарод.
Нашу краіну прадставілі самыя моцныя члены нацыянальнай каманды — Антон Кушнір, Станіслаў Гладчанка і Аляксандра Раманоўская. Алімпійскі чэмпіён Сочы-2014 Антон Кушнір выступіў на турніры не ва ўсю моц — пасля шэрагу траўмаў спартсмен на час вырашыў адмовіцца ад складаных скачкоў, каб да зімовага сезона падысці «ў поўным узбраенні». Галоўным канкурэнтам для Антона ў Мінску стаў расіянін Пётр Мядуліч, ён апярэдзіў нашага суайчынніка і заваяваў залатую ўзнагароду. Кушнір стаў другім, а на трэцюю прыступку п'едэстала падняўся яшчэ адзін прадстаўнік Расіі — Ілья Бураў. Замкнуў чацвёрку мацнейшых беларус Станіслаў Гладчанка.
У жаночай частцы спаборніцтваў усё склалася для нас больш паспяхова, Аляксандра Раманоўская, якая на працягу некалькіх гадоў была сярод лідараў юніёрскага і маладзёжнага фрыстайла, паступова прабіваецца ў эліту дарослай лыжнай акрабатыкі. На сёлетнім адкрытым чэмпіянаце краіны ёй не было роўных, у выніку заслужанае «золата».
Літаральна на наступны дзень пасля чэмпіянату беларускіх заўзятараў чакала радасная навіна: алімпійская чэмпіёнка па фрыстайле Ала Цупер прыняла рашэнне вярнуцца ў вялікі спорт і ўжо прыступіла да трэніровак.
Дар'я Лабажэвіч
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/chempiyanat-krainy-pa-letnim-frystayle
[4] https://zviazda.by/be/tags/frystayl
[5] https://zviazda.by/be/tags/chempiyanat
[6] https://zviazda.by/be/tags/spabornictvy
[7] https://zviazda.by/be/tags/peramozhcy
[8] https://zviazda.by/be/tags/anton-kushnir