Чарговыя хітрыкі браканьераў.
На прасёлкавай дарозе каля вёскі Броўкі Мінскага раёна дзяржінспектары спынілі аўтамабіль «Фольксваген». Кіроўца і пасажыр паспрабавалі збегчы, і не без прычыны: у машыне яны перавозілі мяхі з мясам дзічыны, акрываўленыя нажы і сякеру.
Супрацоўнікі Мінскай міжрайінспекцыі былі гатовыя да такога развіцця падзей, бо мелі інфармацыю пра незаконнае паляванне ў гэтых мясцінах. Уцекачоў затрымалі. Адзін з іх, мясцовы паляўнічы, сцвярджаў: пайшоў у лес па апенькі і знайшоў падстрэленага лася. Не змог утрымацца — разабраў тушу і папрасіў сваяка падвезці. Аднак, па звестках дзяржінспектараў, усё было інакш. Да браканьерства, апроч затрыманых, былі датычныя яшчэ два мясцовыя жыхары. Адзін высачыў і падстрэліў у лесе самку лася, другі дапамагаў з разборам тушы. Затым узброеныя парушальнікі пехам пакінулі месца незаконнага палявання. Пра дастаўку дзічыны ў вёску нелегалы дамовіліся з аднавяскоўцам, а той, у сваю чаргу, папрасіў дапамагчы сваяка з аўтамабілем. Гэтую машыну якраз і спынілі дзяржінспектары. Апошнія разам са следчымі правялі вобыск на лесапільні ў вёсцы Броўкі, дзе працавалі два падазраваныя, якія дагэтуль заставаліся «ў цені». Пад станком праваахоўнікі знайшлі мех з дзвюма незарэгістраванымі стрэльбамі. Пасля гэтага мужчыны прызналіся ва ўчыненым.
Сяргей РАСОЛЬКА
rs@zviazda.by [4]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rasolka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdarenni
[4] mailto:rs@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/brakanery
[6] https://zviazda.by/be/tags/dzyarzhinspektary
[7] https://zviazda.by/be/tags/minskaya-mizhrayinspekcyya
[8] https://zviazda.by/be/tags/dzichyna