«Падзея не існуе, калі пра гэта не кажуць журналісты», — жартуе і ў той жа час кажа сур'ёзна Мікалай МЯЖЭВІЧ, прафесар кафедры еўрапейскіх даследаванняў факультэта міжнародных адносін Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар эканамічных навук. Гэта формула, на яго думку, працуе і падчас выбараў, поспех якіх як мінімум напалову залежыць ад сродкаў масавай інфармацыі. Ці справіліся з гэтай задачай — асвятленнем парламенцкіх выбараў — беларускія СМІ? Гэта эксперты, навукоўцы, а таксама кіраўнікі і супрацоўнікі вядучых выданняў і тэлеканалаў высвятлялі падчас «круглага стала» «Сродкі масавай інфармацыі ў выбарчых працэсах: фарміраванне электаральнай культуры».
Перад усімі — тэлебачанне
Абсалютная большасць насельніцтва Беларусі — 89% — інфармавана аб тым, як праходзіць выбарчая кампанія. Гэтая лічба — вынік апытання, праведзенага ў жніўні Інфармацыйна-аналітычным цэнтрам пры Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі. Па словах начальніка ўпраўлення сацыялагічных даследаванняў цэнтра Уладзіміра ЛІТВІНОВІЧА, калі казаць пра крыніцы інфармацыі аб парламенцкай кампаніі, то на першым месцы знаходзіцца тэлебачанне, затым друкаваныя СМІ, якія апярэджваюць інтэрнэт. «Інтэрнэт, хоць яго роля і ўзрастае, пакуль яшчэ даганяе друкаваныя сродкі масавай інфармацыі», — адзначыў ён.
Пры гэтым большасць жыхароў краіны (65%) задаволена аб'ёмам інфармацыі аб тым, як праходзіць выбарчая кампанія.
У той жа час для беларусаў асноўнай крыніцай атрымання інфармацыі застаецца тэлебачанне. Для моладзі інтэрнэт як крыніца інфармацыі выходзіць на першае месца, для аўдыторыі ўзросту ў 30-39 гадоў тэлебачанне і інтэрнэт мае амаль аднолькавую вагу. На думку Уладзіміра Літвіновіча, са сталеннем грамадзяне будуць аддаваць перавагу нетрадыцыйным СМІ — сеціву.
На гэты конт выказаўся і Давід РОТМАН, дырэктар Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта: «Роля прэсы ў выбарчай кампаніі змяняецца. На наступны дзень, калі чалавек атрымае газету, ён будзе цікавіцца не ўчарашнімі навінамі, якія ўжо пачуў па радыё, пабачыў па тэлебачанні і прачытаў у інтэрнэце. Друкаваныя СМІ мусяць даваць глыбокі аналіз падзей, а не кропкавыя меркаванні. Тады стаўленне да сучасных СМІ будзе ўраўнаважана».
Варта развіваць дыялог
Галоўны рэдактар газеты «Аргументы и факты в Беларуси» Ігар САКАЛОЎ лічыць, што ў сучасным свеце кандыдатам у дэпутаты варта звяртацца да выбаршчыкаў не толькі праз традыцыйныя СМІ, але і праз уласныя старонкі ў сацыяльных сетках, такім чынам набліжаючыся да народа. «Калі новы парламент пачне працу з дыялогу, тады ўсім будзе цікава і карысна», — лічыць ён. Па словах галоўнага рэдактара, у парламенце павінны быць спрэчкі, дыялогі, альтэрнатыўныя пункты гледжання, дэпутаты павінны інтэлігентна дыскутаваць. «Адна справа — біцца, а іншая — дыскутаваць, шукаць новыя рашэнні, якія будуць рухаць грамадства наперад. На мой погляд, адна з галоўных задач парламента — камунікацыя і пастаянны дыялог з грамадскасцю. Сёння для яе рэалізацыі існуюць усе магчымасці», — кажа Ігар Сакалоў.
«Сапраўды, некаторыя кандыдаты ў дэпутаты неапраўдана ігнаравалі магчымасці наладзіць стасункі з выбаршчыкамі», — пагадзіўся галоўны рэдактар «Звязды» Алесь КАРЛЮКЕВІЧ. І гэта сведчыць пра адпаведную палітычную культуру. Ён таксама выказаў надзею, што ў наступную выбарчую парламенцкую кампанію прыйдуць тыя кандыдаты, якія ўжо маюць палітычны досвед працы, напрыклад у мясцовых Саветах дэпутатаў, і «дакажуць грамадству, што прыярытэты за імі».
На думку галоўнага рэдактара «Комсомольской правды в Беларуси» Галіны МАЛІШЭЎСКАЙ, СМІ прайшлі пэўную прыступку развіцця і тыя інстытуцыянальныя праблемы, актуальныя яшчэ гадоў 5-10 таму, адышлі на другі план. «Маладая публіка прыйшла ў інтэрнэт. І яна рэагуе перш за ўсё на эмацыянальнасць і індывідуальнасць кандыдата, што стане галоўнай кропкай прыкладання журналісцкіх сіл у бліжэйшыя выбарчыя кампаніі», — такі прагноз на будучыню дала галоўны рэдактар газеты.
Вераніка ПУСТАВІТ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-pustavit
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/parlament
[4] https://zviazda.by/be/tags/parlamenckiya-vybary-1