Бургамістр Аўгустова Войцэх ВАЛЮЛІК у свой афіцыйны візіт да суседзяў накіраваўся не аўтамабілем, а на байдарцы. Мэр Гродна Мечыслаў ГОЙ і старшыня гарадскога Савета дэпутатаў Барыс ФЁДАРАЎ сустракалі гасцей у раёне цэнтральнага пляжа на Нёмане.
Разам з кіраўніком адміністрацыі Аўгустова (дарэчы, шматразовым чэмпіёнам Польшчы ў веславанні на байдарках) водным шляхам паміж суседнімі гарадамі прайшлі вядомыя польскія весляры — у бязвізавым рэжыме, які ўстаноўлены Указам Прэзідэнта Беларусі для замежных грамадзян пры наведванні турысцка-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал» і прылеглых да яго тэрыторый.
— Сплаў польскай дэлегацыі паказаў, што водны шлях у Гродна існуе і, спадзяёмся, будзе запатрабаваны, — зазначыў Мечыслаў Гой.
— Магчымасць наведвання беларускай часткі Аўгустоўскага канала без віз адкрые яшчэ большыя перспектывы для ажыццяўлення сумесных турыстычных праектаў, і наш сплаў, думаю, стане для гэтага добрай рэкламай, — лічыць Войцэх Валюлік.
Гэтыя перспектывы суседзі падмацавалі пагадненнем аб супрацоўніцтве ў розных сферах. Зараз, напрыклад, рыхтуецца сумесны трансгранічны праект па будаўніцтве веласіпедна-пешаходных мастоў праз Нёман у Гродне і праз раку Нета ў Аўгустове, які будзе пададзены на конкурс праграмы міжнароднай тэхнічнай дапамогі.
Барыс ПРАКОПЧЫК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/barys-prakopchyk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:prakopchіk@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/augustouski-kanal
[5] https://zviazda.by/be/tags/grodna
[6] https://zviazda.by/be/tags/vodny-shlyah
[7] https://zviazda.by/be/tags/mechyslau-goy
[8] https://zviazda.by/be/tags/nyoman