16 жніўня ў нашай газеце расказвалася пра зубра, які пакінуў тэрыторыю Белавежскай пушчы і блукае ў Кобрынскім раёне на мяжы з Украінай.
Яго бачылі ў Лелікаве, Павіцці, іншых вёсках. Тады ваеннаслужачыя Дзівінскага памежнага паста нават званілі ў Брэсцкую абласную інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету, каб выказаць сваю заклапочанасць тым, што жывёла можа перасячы мяжу і пайсці ў суседнюю краіну.
Прайшло два тыдні, але зубр перадумаў ісці ў блізкае замежжа. Ён прыбіўся да статку кароў недалёка ад вёскі Дзівін. Днём пасецца разам з рагулямі, нанач ідзе ў лес. Паводзіць сябе міралюбіва; калі пастухі адганяюць, ён адыходзіць, але недалёка. А так скубе траву ў кампаніі вясковых каровак.
Вёску наведалі спецыялісты Нацыянальнага парку. Паводле іх высновы, зубр небяспечны для свойскай жывёлы, бо здольны нанесці смяротную траўму карове — пераламаць хрыбет. Як паведаміў старшы навуковы супрацоўнік Аляксей БУНЕВІЧ, вырашаецца пытанне аб перавозцы зубра назад у пушчу. Пагуляў — і хопіць.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/zubr
[4] https://zviazda.by/be/tags/belavezhskaya-pushcha