У парламенце павінны працаваць сапраўдныя прафесіяналы незалежна ад іх палітычных перакананняў. Аб зацікаўленасці ў гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з кіраўнікамі місіі АБСЕ па назіранні за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі.
У сустрэчы прынялі ўдзел спецыяльны каардынатар місіі кароткатэрміновых назіральнікаў АБСЕ на выбарах у Палату прадстаўнікоў, намеснік старшыні ПА АБСЕ Кент Харстэд і кіраўнік місіі БДІПЧ АБСЕ па назіранні за выбарамі Каэтана дэ Зулуета Оўтрам.
«Я вельмі зацікаўлены, каб у наш парламент прыйшлі сапраўдныя прафесіяналы. Не важна, хто яны будуць па сваіх палітычных перакананнях. У парламенце павінны працаваць людзі, якія ўмеюць працаваць і пісаць законы», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
«Вы добра знаёмыя з парламенцкай работай. Я таксама быў дэпутатам. Гэта перш за ўсё заканатворчасць. І наш парламент гэтаму ўдзяляе асноўную ўвагу. Гэта самая галоўная яго задача. І ў гэтым плане я зацікаўлены, каб там былі прафесіяналы, — сказаў Прэзідэнт. — А палітычныя перакананні павінны спрыяць развіццю краіны. Калі гэта насуперак, то гэта ўжо не прадстаўнік народа».
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, назіральнікам неабходна атрымаць поўную інфармацыю пра краіну, беларускі народ, бліжэй пазнаёміцца з самой сутнасцю выбараў у Беларусі. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што яго роля ў выбарчым працэсе як Прэзідэнта заключаецца ў тым, каб забяспечыць дакладнае і бездакорнае выкананне законаў і ўсяго заканадаўства Беларусі аб выбарах згодна з Канстытуцыяй: «Гэта мае функцыянальныя абавязкі. Я павінен зрабіць усё, каб працэс галасавання быў сумленным, адкрытым і прайшоў у абсалютнай бяспецы. Каб людзі ішлі на выбары, як на свята». На сустрэчы таксама было адзначана, што выбары не павінны дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне. «Дзякуй богу, апошнія выбары ў нас да гэтага не прывялі. І я буду рабіць усё, каб так не здарылася і пасля гэтых парламенцкіх выбараў», — заявіў Прэзідэнт.
Звяртаючыся да кіраўнікоў місіі АБСЕ па назіранні за парламенцкімі выбарамі, кіраўнік дзяржавы запэўніў, што іх місія будзе паспяховай, а выбары пройдуць сумленна і годна. «Нам шмат хто і шмат чаго раяць. Мы — добрыя вучні. Вучыцца ніколі не позна. Але мы будзем рабіць усё, каб было як мага лепш для беларускага народа, каб мы выконвалі і адпавядалі асноўным дэмакратычным крытэрыям падобных выбараў», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
У сваю чаргу Кент Харстэд падзякаваў Прэзідэнту за магчымасць сустрэцца. Ён расказаў, што ўжо чацвёрты раз удзельнічае ў якасці назіральніка ў выбарчых кампаніях у Беларусі. «Што хацелася б адзначыць — і я адлюстроўваў гэта ў дакладзе — выбарчы працэс становіцца ўсё лепшым і больш адкрытым», — сказаў прадстаўнік АБСЕ.
На думку назіральнікаў, цяперашняя выбарчая кампанія ў Беларусі праходзіць у духу спаборніцтва і вызначаецца вялікай колькасцю прэтэндэнтаў на месцы ў парламенце. Кіраўнікі місіі АБСЕ асабліва адзначылі цеснае ўзаемадзеянне з ЦВК і МЗС Беларусі, паведамляе прэс-служба Прэзідэнта. Па іх словах, улады краіны максімальна адкрытыя для супрацоўніцтва.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/parlament
[3] https://zviazda.by/be/tags/parlamenckiya-vybary-1
[4] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[5] https://zviazda.by/be/tags/abse