Сёння, у 20.30 па беларускім часе, наша каманда згуляе са зборнай Нарвегіі ў Осла. Гэтая гульня стане важнай часткай падрыхтоўкі футбалістаў да першага кваліфікацыйнага матча чэмпіянату свету 2018 года з Францыяй, які адбудзецца ў Барысаве 6 верасня.
На маючыя адбыцца сустрэчы па выкліку галоўнага трэнера зборнай Аляксандра Хацкевіча прыбудуць 23 футбалісты. На жаль, ён не зможа разлічваць на некаторых вядучых гульцоў. Так, у складзе няма траўмаванага паўабаронцы Аляксандра Глеба і Антона Пуцілы.
— Траўма Глеба дастаткова цяжкая, таму на Сашу не можам разлічваць. Вядома, узровень ёсць узровень. І тая форма, у якой знаходзіўся паўабаронца, дазваляе казаць, што гэтая страта для нашай каманды сапраўды сур'ёзная — гаворыць Хацкевіч.
Што да Антона Пуцілы, то ў гульца доўгі час былі праблемы са спінай, а потым дапамагчы зборнай яму заміналі сямейныя праблемы. Аляксандр Хацкевіч адзначыў, што не назірае ў гэтага спартсмена асаблівага жаданне гуляць за нацыянальную каманду, таму ён адсутнічае ў складзе. У матчы супраць нарвежцаў таксама мы не ўбачым Мікіту Корзуна, які ў гэты час будзе гуляць за маладзёжную зборную, але да матча з Францыяй малады футбаліст павінен папоўніць шэрагі галоўнай каманды краіны.
Настаўнік беларусаў адзначае, што гасцявы спарынг з нарвежцамі павінен дапамагчы нашым футбалістам аднавіць гульнявыя сувязі, бо каманда даўно не збіралася разам. Акрамя таго, гульня ў Осла стане галоўнай праверкай гатоўнасці да стартавага паядынку адборачнага турніру чэмпіянату свету — 2018 з віцэ-чэмпіёнамі Еўропы — французамі.
— Пакуль перад намі не ставілі ніякіх задач на будучы адборачны цыкл. Яшчэ не сустракаліся з кіраўніцтвам. Канкрэтыка наступіць пасля матча з нарвежцамі: тады і будуць вызначаны пэўныя мэты, — паведаміў галоўны трэнер.
Аляксандр Хацкевіч таксама сказаў, што вельмі разлічвае на падтрымку балельшчыкаў у маючай адбыцца сустрэчы са зборнай Францыі, якая ўваходзіць у лік лепшых каманд свету і заўсёды паказвае цікавы, захапляльны футбол.
Беларуская зборная ўпершыню выйдзе на дамашняе поле ў абсалютна новай гульнявой форме і пад новым брэндам — «Белыя крылы.» Адзенне для футбалістаў выканана ў стыльнай каляровай гаме і змяшчае беларускі арнамент.
— Кожны сімвал арнаменту адпавядае нейкім паняццям: агонь, багацце, душа, вясна, жыццё, ураджай. У кожным паняцці ёсць свая філасофія. Чалавек, які надзявае майку з арнаментам, адухаўляецца з гэтай ідэяй. Я ўпэўнены, нават каманда будзе гуляць па-іншаму, — адзначае дырэктар Асацыяцыі беларускай федэрацыі футбола па маркетынгу Уладзімір Беражкоў.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] mailto:lobazhevich@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/futbol
[5] https://zviazda.by/be/tags/sport
[6] https://zviazda.by/be/tags/sbornaya-belarusi-pa-futbole