Ратаўнікі завяршылі інспектаванне навучальных устаноў краіны. Згодна з апошнімі звесткамі, усе школы краіны цалкам адпавядаюць нормам супрацьпажарнага стану.
— Як правіла, парушэнні ліквідаваліся падчас нашых праверак, якія праводзіліся перад пачаткам новага навучальнага года, — зазначыў першы намеснік начальніка ўпраўлення нагляду і прафілактыкі МНС Уладзімір Сувораў. — Разам з тым вопыт паказвае, што неабходна ўдасканальваць унутрыведамасны кантроль, а таксама падрыхтоўку супрацоўнікаў школ.
З 2003 года ў школах краіны адбыўся 61 пажар. Цікава, што 13 гадоў таму пажарныя выязджалі тушыць агонь ажно 13 разоў. Летась такіх выпадкаў было два, а сёлета і ўвогуле адзін. У адной з сярэдніх школ Бабруйска загарэлася памяшканне, дзе захоўваўся спартыўны інвентар. Прычынай гэтага стала неасцярожнае абыходжанне з агнём. Увогуле, на так званы чалавечы фактар прыпадае 85% пажараў у школах.
1 верасня стартуе другі этап акцыі «У цэнтры ўвагі — дзеці». На ўрачыстых лінейках і класных гадзінах ратаўнікі раскажуць, як не дапусціць надзвычайнай сітуацыі. Прафілактычныя гутаркі па традыцыі скончацца адпрацоўкай планаў эвакуацыі са школ.
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:schklennіk@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/mns
[5] https://zviazda.by/be/tags/shkoly
[6] https://zviazda.by/be/tags/supracpazharny-stan