У Нацыянальным алімпійскім камітэце адбыліся афіцыйныя провады нашых спартсменаў у Бразілію, дзе ўжо праз дзесяць дзён стартуюць Паралімпійскія гульні-2016. Спаборніцтвы пройдуць з 7 па 18 верасня, у турніры возьме ўдзел 21 беларускі атлет, яны будуць змагацца за медалі ў пяці відах спорту. Сярод найбольш тытулаваных у складзе нашай дэлегацыі плывец Ігар Бокій і Людміла Волчак, якая выступіць у акадэмічным веславанні.
Першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Максім Рыжанкоў падчас провадаў дэлегацыі ў Рыа адзначыў, што для НАК няма адрозненняў паміж алімпійскай і паралімпійскай зборнымі.
— Вы ўсе для нас адна каманда. Ваш лозунг «Yеs, І саn!» адлюстроўвае стыль вашага жыцця. У Бразіліі вы яшчэ раз дакажаце, што ўсё зможаце і з'яўляецеся найлепшымі ў сваіх відах спорту, — сказаў Максім Уладзіміравіч.
Сцяганосцам беларускай зборнай на Паралімпійскіх гульнях у Рыа будзе заслужаны майстар спорту, лёгкаатлет Аляксандр Трыпуць. Капітанам зборнай абрана майстар спорту міжнароднага класа, лёгкаатлетка Ганна Канюк.
Поспехаў і добрых выступленняў спартсменам пажадала віцэ-прэм'ер Наталля Качанава.
— Ведучы актыўны лад жыцця, з'яўляючыся ўдзельнікамі галоўных стартаў чатырохгоддзя, вы ўжо пераможцы, на якіх варта раўняцца астатнім. За вас будзе хварэць уся Беларусь, — адзначыла яна.
Беларускія паралімпійцы будуць прадстаўляць краіну ў спаборніцтвах па плаванні, лёгкай атлетыцы, дзюдо, акадэмічным веславанні і фехтаванні. Нагадаем, што нашы спартсмены выступаюць у Паралімпійскіх гульнях з 1988 года. Усяго атлетамі заваявана 124 узнагароды, 39 з якіх залатыя.
— Многія спартсмены-паралімпійцы з'яўляюцца кумірамі для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, — падкрэсліла міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна. — У Беларусі 29 тысяч дзяцей-інвалідаў, і ваш прыклад стойкасці і мужнасці, імкнення дамагацца самых высокіх мэтаў — для іх паказальны. Прадэманструйце на Паралімпіядзе свае лепшыя якасці, каб увесь свет ацаніў, як развіты спорт у Беларусі.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] mailto:lobazhevich@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/paralimpiyskiya-gulni-2016
[5] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalny-alimpiyski-kamitet
[6] https://zviazda.by/be/tags/igar-bokiy
[7] https://zviazda.by/be/tags/lyudmila-volchak
[8] https://zviazda.by/be/tags/maksim-ryzhankou
[9] https://zviazda.by/be/tags/ganna-kanyuk
[10] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-trypuc
[11] https://zviazda.by/be/tags/natallya-kachanava
[12] https://zviazda.by/be/tags/maryyana-shchotkina-1