Часопіс «Маладосць» надрукаваў нядаўна пераклад артыкула амерыканкі Сандры Ньюман пра мужчынскія слёзы — з'яву, якой, канстатуе аўтарка, не існуе ў прыродзе гадоў дзвесце, бо яшчэ ў XVІІІ стагоддзі назіральныя асобы пачалі падазраваць, што мужчыны ўвогуле не маюць слёзных залоз.
Cпадарыня Сандра ў сваім грунтоўным артыкуле канстатуе знікненне мужчынскага плачу і задаецца лагічным пытаннем: куды ж падзелася гэтае высакароднае дзейства, дзе яго можна шукаць? А папярэдне яна так падрабязна распісвае хныканні рыцараў, усхліпы парламентарыяў, плачы манахаў і рыданні закаханых, што нават чытачу-мужчыну не сорамна праслязіцца. Уніклівая амерыканка сабрала, здаецца, усе слёзы мужчынскага свету ў адну вялікую клятчастую насоўку і выціснула ў флакон з вузкім рыльцам. Праз яго туды сярод іншых трапілі слёзы цара Прыяма, занатаваныя Гамерам, слёзы заснавальніка езуіцкага ордэна Ігнація Лаёлы, засведчаныя ім самім у дзённіку, слёзы святога Аўгусціна, рыцараў караля Артура, спікера Эдварда Коўка... шмат розных іншых слёз. Пасля Сандра Ньюман падзяліла ўсе гэтыя слёзы на асобныя кроплі: падрабязна распісала, якая мужчынская сляза з якога вока выцякала і з якой прычыны.
Сандра Ньюман, я вам скажу, малайчынка. Знікненне мужчынскіх слёз яна звязала з узнікненнем дэпрэсіі, алкагалізму і іншай, прабачаюся, трасцы. І заклікала ўсіх — і мужчын, і жанчын — «адкрыць шлюзы»: аб'яднацца і плакаць да мокрых рукавоў, бо «той пажынае з радасцю, хто сее са слязьмі».
Але Сандра Ньюман не сказала галоўнага: калі плакалі мужчыны, наўрад ці плакалі іх жанчыны.
У іх проста не было ў тым патрэбы. Яны ведалі, што і іх слёзы шчодра выплакваюцца моцнымі «палавінкамі», таму не варта ім самім марнаваць на гэта час, а можна спакойна займацца цыраваннем панчох. Шчаслівыя выбранніцы моцных шчасліўцаў.
Вось! Вось жа яна, святая праўда і простая ісціна! Яна ў тым, што слёзы — гэта прыкмета сілы, а не слабасці, як нам упарта даводзілі і як магло здавацца ўсе гэтыя дзвесце гадоў, на працягу якіх рыдаюць, хнычуць, усхліпваюць і заліваюцца слязьмі не мужчыны, а жанчыны. Жанчыны замест мужчын. Так-так, замест. І што тут яшчэ даказваць? Ну добра, я дакажу.
Вы самі ведаеце, з якіх прычын жанчыны лёгка пускаюць слязу. Набор наколькі разнастайны, настолькі ж і прымітыўны: падпаліла каструлю, а яна не хоча ачышчацца; не хапае грошай на новую сумачку, а ў каляжанкі, як на злосць, з'явілася такая, што хоць плач; у пад'ездзе перагарэла лямпачка — і як было не выцяцца нагою аб прыступку; сын паступіў — паступіў! — у каледж... Але якая, скажыце, жанчына будзе плакаць, а не валачы на сабе свайго мужа, калі на той самай прыступцы ён зламае нагу? Якая жанчына будзе плакаць, не маючы грошай, каб заплаціць за вучобу дзіцяці ў тым самым каледжы? Плакаць — у сэнсе «сядзець склаўшы рукі», расказваць пра свае беды Гамеру, занатоўваць іх у дзённік — ніякая жанчына не схільная і не здольная.
Жанчыны над праблемамі не плачуць — яны, ледзь сутыкнуўшыся з імі, адразу пачынаюць іх вырашаць. А гэта само па сабе азначае, што жанчыны і ёсць моцны пол.
Святлана ДЗЯНІСАВА, галоўны рэдактар часопіса «Маладосць»
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-dzyanisava
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-dzyanisava-1
[4] https://zviazda.by/be/tags/mocny-pol
[5] https://zviazda.by/be/tags/muzhchyny
[6] https://zviazda.by/be/tags/zhanchyny
[7] https://zviazda.by/be/tags/slezy
[8] https://zviazda.by/be/tags/usyo-pra-evu