Легендарны спявак і акцёр наведваў Навагрудчыну ў 1969 годзе, падчас здымак фільма па раманах Алеся Адамовіча «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой». Ён спыняўся ў мясцовым гатэлі ў нумары 320 (цяпер гэта нумар 322). Зусім нядаўна гэтыя пакоі адкрыліся як тэматычныя, прысвечаныя спеваку.
— Уладзімір Высоцкі — вядомая асоба, таму вырашана было зрабіць у гатэлі яго пакой, — адзначае дырэктар дома-музея Адама Міцкевіча Мікалай Гайба, які ўдзельнічаў ва ўрачыстым адкрыцці. — На той час гэта быў адзіны нумар люкс у гатэлі, на два пакоі. Цяпер у спальні размяшчаюцца фотаздымкі з партрэтамі Высоцкага, а ў першым пакоі на сцяне зроблены фотакалаж з яго выявамі ў розных ролях, фрагментамі яго розных вершаў.
У пакоі стаіць ранейшы тэлефонны апарат і прайгравальнік пласцінак. У колішнім выглядзе захаваўся і санвузел — тая самая блакітная, прадаўгаватая плітка ляжыць на падлозе. Усё вытрымана ў стылістыцы 1970-х гадоў.
«Людзі на Навагрудчыне захоўваюць выразкі з газет, прысвечаныя Высоцкаму, яго фотаздымкі з Марынай Уладзі, якая таксама прыязджала на нашу зямлю, — адзначае спадар Мікалай. — Значыць, у іх ёсць сапраўдная цікавасць да гэтага творцы».
Пра вялікую сімпатыю Мікалая Гайбы да творчай асобы акцёра і паэта асабліва сведчыць той факт, што ў 1983 годзе, будучы ў войску, ён уласнаручна на машынцы ў пяці экзэмплярах перадрукаваў кнігу Высоцкага «Нерв». Яна выйшла ў 1982 годзе ў маскоўскім выдавецтве «Современник» і на той час была рэдкасцю. Захоўвае яе ў сваёй калекцыі ён і па сённяшні дзень. Таксама ў спадара Мікалая маецца кніга перакладаў вершаў Высоцкага на беларускую мову, пра якую мала хто ведае.
Нумар Уладзіміра Высоцкага ў навагрудскім гатэлі не будзе проста мемарыяльным. У яго можна засяляцца. І ўжо знайшліся ахвотныя, якія жадаюць спецыяльна прыехаць, каб пажыць у такіх адмысловых пакоях. Пакуль што кошт на гэты нумар застаецца такім жа, як і на аналагічныя нумары.
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ
nina@zviazda.by [3]
Навагрудскі раён
Фота novgazeta.by
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nina-shcharbachevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:nina@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-vysocki-1
[5] https://zviazda.by/be/tags/navagrudak
[6] https://zviazda.by/be/tags/numar-u-gateli