У артыкуле «Пчаліны дамок» (22 ліпеня 2016 г.) мы расказалі [3] пра апіінгаляторый Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, які прызначаны для выкарыстання ў аздараўленчых мэтах вуллёвага паветра. Там жа, на доследным пчальніку, ёсць і яшчэ адна «фішка». У адным з вулляў устанавілі вэб-камеру, і за жыццём пчалінай сям'і зараз кожны можна назіраць у рэжыме Onlіne (ggau.by/cambee [4]).
Разам з навуковым супрацоўнікам па пчалярстве Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, кандыдатам сельскагаспадарчык навук Мікалаем ХАЛЬКО і малодшым навуковым супрацоўнікам Станіславам ЛЯПЕЕВЫМ падыходзім да пчалінай калоды, дзе размешчана вэб-камера.
— Гэтаму дрэву, напэўна, гадоў 200, не менш, — лічыць Мікалай Халько. — Такіх гістарычных калод у Беларусі засталося няшмат. Добра, што гэтую не пасеклі на дровы.
Калоду, якая някепска захавалася (толькі даху не было) прывезлі з Піншчыны і разгружалі на ўніверсітэцкім пчальніку з дапамогай крана. Потым туды засялілі пчол міралюбівай пароды, каб не стваралі праблем навакольным, і ўстанавілі вэб-камеру. Навошта?
— І нам, навукоўцам, цікава назіраць за жыццём пчалінай сям'і ў рэжыме рэальнага часу (пры гэтым не трэба заглядваць у вулей, трывожыць пчол), і нашым студэнтам, пчалярам, — кажа Мікалай Халько. — А асабліва дзецям, якія будуць ведаць, што сабой уяўляюць пчолы, чым яны займаюцца.
Чым жа займаліся насельнікі старадаўняй калоды ў той ліпеньскі дзень? Мікалай Віктаравіч запрашае да камп'ютара. Першае ўяўленне: няспынны рух пчол у розных, здаецца, выпадковых кірунках. Але каментарый спецыяліста дапамагае зразумець, што ўсё тут падпарадкавана дакладнай сістэме.
— Гэта толькі здаецца, што пчолы рухаюцца хаатычна, а на самай справе ўсе яны занятыя той ці іншай справай, — тлумачыць Мікалай Халько. — Ідзе напружаная работа. Напрыклад, вось гэтыя пчолы будуюць соты, а хтосьці чысціць ячэйкі, наводзіць парадак унутры калоды. Альбо вось пчала, якая прынесла пылок. А гэтая, мечаная пчала, — матка. У пэўны перыяд можна нават убачыць, як ідзе расплод.
Дарэчы, гэтую трансляцыю з калоды (з вясны да восені, калі пчолы найбольш актыўныя) можна было б вывесці і на вялікі экран у цэнтры горада — магчыма, падчас мядовых кірмашоў, нейкіх дзіцячых імпрэз. Ды і турыстам, пэўна, будзе цікава ўбачыць гэтую гродзенскую «фішку».
Барыс ПРАКОПЧЫК
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/barys-prakopchyk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] http://zviazda.by/be/news/20160721/1469126675-karysnym-mozha-byc-ne-tolki-myod-ale-i-pavetra-vullya
[4] http://www.ggau.by/cambee
[5] mailto:prakopchіk@zvіazda.by
[6] https://zviazda.by/be/tags/pcholy
[7] https://zviazda.by/be/tags/veb-kamera
[8] https://zviazda.by/be/tags/apiingalyatoryy